12 верасьня Сяржука Высоцкага наведаў у прыёмніку адвакат Павал Сапелка. Аміністрацыя гэтай установы не рабіла ніякіх перашкодаў у справе сустрэчы адваката зь лідэрам БПС. Пасьля гэтага спатканьня Павал Сапелка распавёў у інтэрвію Радыё Свабода наступнае:
(Сапелка: ) “Ён паведаміў мне, што знаходзіцца ў добрым стане, перадаў падзяку ўсім, хто клапоціцца пра ягоны лёс. Зь першага дня знаходжаньня ў разьмеркавальніку (а цяпер скончыліся 4 суткі затрыманьня) ён абвесьціў галадоўку пратэсту з 2 патрабаваньнямі да ўраду. Першае — гэта вывесьці з тэрыторыі Беларусі іншаземныя расейскія войскі, і другое — гэта вывесьці Беларусь з усіх саюзаў з Расеяй — палітычных, эканамічных, вайсковых. Галадоўка ў Сяргея звычайная — гэта значыць, што ён п’е ваду і гарбату. Яго зьдзівіла дастаткова цярпімае стаўленьне да яго з боку міліцыянтаў. Яны калі й не падтрымліваюць, то й не перашкаджаюць яму праводзіць гэтую галадоўку”.
Паводле адваката, Сяржук Высоцкі сядзіць разам яшчэ з шасьцю вязьнямі. Дачыненьні з суседзямі па камэры ў яго добрыя. Лідэр Партыі Свабоды прасіў перадаць яму ў камэру сьвежыя газэты, а таксама Біблію.
Нагадаю, што Сяржук Высоцкі арганізаваў 8 верасьня пікет супраць вайны ў Чачэніі каля амбасады Расеі. За гэта судзьдзя Тацяна Паўлючук пакарала яго 10-сутачным арыштам. На волю ён выйдзе 18 верасьня.