Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАВЫДАЦЬ “СКАЗ ПРА ЛЫСУЮ ГАРУ” ЦЯПЕР МАГЧЫМА ТОЛЬКІ ПРЫ ЎМОВЕ, ШТО ПАМІРАЦЦА НІЛ ГІЛЕВІЧ І МІКОЛА АЎРАМЧЫК


Ігар Карней, Менск

Маладэчанскі кірунак, прыпынак электрычкі “Зялёнае”, пасьля — аўтобус да Малой ці Вялікай Валоўшчыны. Гэты маршрут цягам дзесяцігодзьдзяў дакладна вывучыла пісьменьніцкая эліта. Тут у другой палове мінулага стагодзьдзя пачалі закладаць “зялёную выспу” для пісьменьнікаў.

Месца неяк само сабой атрымала назоў ад гары, якая ўзвышалася побач. І ўжо ад пачатку 70-х, калі Лысая гара была ўхваленая ў паэме Францішка Вядзьмака-Лысагорскага, у абываталя гэтае месца асацыявалася з чымсьці немагчыма далёкім і недасягальным. У паэта Сяргея Законьнікава на Лысай гары ёсьць свае законныя шэсьць сотак. Але вялікага задавальненьня яны яму не прыносяць.

(Законьнікаў: ) “У мяне там ёсьць соткі, на якіх працуе пераважна цешча: просіць нешта ўскапаць — дык еду, нешта раблю. Але многія пэнсіянэры жывуць там усё лета, уключна і пісьменьнікі, якіх там шмат. Дарэчы, ёсьць “Лысая гара” старая, пра якую ў паэме напісана, а я жыву непадалёк, там сто надзелаў крыху пазьней выдзялілі. Быў час, дамы прадавалі, але ня ў масавым парадку. Хтосьці паміраў, дык дзеці пазбаўляліся… Але ў асноўным усё на месцы, пісьменьнікі жывуць там; пераважна, гэта драўляныя хацінкі, бо былі абмежаваньні для сябраў садова-агародніцкіх таварыстваў. Хатка толькі пэўных памераў, і ня больш”.

Паэты Мікола Аўрамчык і Ніл Гілевіч былі першымі, хто задумаў пацешыцца над сьціплымі соткамі сваіх калегаў-творцаў. Але цяпер кожны зь іх мае ўласную вэрсію таго, як усё адбывалася на “Лысай гары”.

Спадар Аўрамчык кажа: ніколі ня думаў, які будзе рэзананс той задумы праз 30 год…

(Аўрамчык: ) “Хоць ты адключы тэлефон ці ўцячы на вёску. Проста немагчыма!.. Не дасплю ніяк, усё галава ходзіць ходарам. Дый чым зараз “крыць”? Ну, надрукаваная паэма на маёй машынцы для “Вожыка”. Удвох працавалі, але на маёй машынцы. І што з гэтага? Я дапускаю, што ў Гілевіча нават і нейкія чарнавікі ляжаць, ён вельмі чалавек зажымісты. А пасьля ж, вы ўсе глядзіцё (сам сабе нават сёньня расьсьмяяўся) на старога Народнага паэта і на Міколу Аўрамчыка, век якога пайшоў на 90-я гады. А вы ж не забывайцеся, што пісалі гэта 40-гадовы выкладчык унівэрсытэту і 50-гадовы рэдактар “Маладосьці”, да якога Гілевіч вершы насіў. І ніякія гэта не сябры былі. А вы глядзіцё на нас, старых людзей, з пазыцыі свайго веку і робіце адпаведныя высновы. Але ў мяне з-за яго такое адчуваньне, я вам скажу шчыра, — што ён усё адно як залез у дзярмо па вушы і мяне ўцягнуў туды”.

Усясьветны досьвед паказвае, што зьяўленьне нават мінімальнага інтарэсу да якогасьці твору — дастатковы сыгнал для выдаўцоў. Чаму на хвалі няхай пакуль і скандальнай, але папулярнасьці, ніхто не дадумаўся перавыдаць “Сказ пра Лысую гару”? Вось меркаваньне галоўнай рэдактаркі выдавецтва “Беларусь” Алены Законьнікавай.

(Законьнікава: ) “Мы заўсёды папярэдне праводзім маркетынг. Вывучаем рынак, але гэта менавіта тое выданьне, што трэба проста рызыкаваць”.

(Карэспандэнт: ) “З улікам таго, што раскрыліся аўтары: гэта продажу паспрыяе ці наадварот?”

(Законьнікава: ) “На продаж гэта наўрад ці нейкім чынам паўплывае. Кніжку, мяркую, куплялі б. Але што асабіста да мяне, то, здаецца, хай бы ўсё было пакрыта таямніцай. Прынамсі, жыў бы чаканьнем... А зараз шмат дадатковых патрабаваньняў, найперш, папера аб аўтарстве. А калі зараз ідзе нейкая (як гэта сказаць больш культурна) свара, неабходна, каб хтосьці абараніў аўтарскае права. Дзеля гэтага ён павінен гэта ўсё надрукаваць. І яшчэ адна ўмова — капірайт, ахова”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, на гэтым этапе найперш неабходна, каб памірыліся Аўрамчык і Гілевіч?”

(Законьнікава: ) “Канечне, але калі будзе суаўтарства — гэта ідэальны варыянт. Бо калі выдавец з аўтарскім правам зьвяжацца, могуць быць праблемы — і суды, і ўсё што заўгодна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG