Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІ АЎТАЗАВОД АДНАЎЛЯЕ ПАСТАЎКІ Ў ІРАК ТЭХНІКІ ДЛЯ ДАРОЖНАГА БУДАЎНІЦТВА

Марыя Усьціновіч, Магілёў

Дырэктар Магілёўскага аўтамабільнага заводу Ніканор Міхаловіч заявіў на нарадзе ў гарвыканкаме, што прадпрыемства гатовае накіраваць у Ірак 33 скрэперы, якія каштуюць больш за 3 мільёны даляраў.

Кантракт на пастаўку тэхнікі ў Ірак, якая выкарыстоўваецца для будаўніцтва дарогаў – скрэперы і пагрузчыкі – аўтазавод атрымаў пры пасярэдніцтве замежнай кампаніі некалькі гадоў таму ў межах праграмы «Нафта ў абмен на харчаваньне». Аднак у сувязі з вайной у Іраку пастаўкі былі прыпыненыя.

Цяпер кіраўніцтва аўтазаводу паведаміла, што ААН падцвердзіла законнасьць кантрактаў з Іракам на пастаўкі мірнай тэхнікі, якія былі заключаныя да вайны. Атрыманы і дазвол амэрыканцаў на аднаўленьне кантракту.

Галоўны інжэнэр аўтазаводу Вячаслаў Лугаўцоў пацьвердзіў, што ірацкі кантракт вельмі выгадны для магілёўскага прадпрыемства. Пасьля першых паставак у Ірак на завод паступілі заўвагі, і цяпер адбываецца дапрацоўка канструкцыі скрэпера. У прыватнасьці, машыны будуць абсталяваныя рухавікамі амэрыканскай вытворчасьці.

Аднак, паводле некаторай інфармацыі, зараз могуць узнікнуць праблемы з сэрвісным аблугоўваньнем магілёўскай тэхнікі ў Іраку. Спэцыялісты, якія будуць займацца гэтай справай, павінны ездзіць у аддаленыя мясьціны Іраку, дзе ідзе будаўніцтва дарогаў. А ў сёньняшняй сытуацыі гэтыя спэцыялісты наўрад ці атрымаюць гарантыі бясьпекі.
XS
SM
MD
LG