Але ў ліпені, паводле рашэньня Лукашэнкі, цяпер адзначаецца Дзень Незалежнасьці, таму было вырашана разьвесьці дзьве даты, каб народ адчуў усе сьвяты асобна, і лішні раз убачыў фаервэрк. Якія сюрпрызы прыгатавалі да 13 верасьня менчукам сталічныя ўлады?
Галоўны сюрпрыз — так і ня будзе здадзеная адноўленая на пляцы Свабоды гістарычная Ратуша. Гэты момант мусіў стаць, так бы мовіць, цьвіком праграмы, але як не стараліся будаўнікі, укласьціся ў тэрміны ня здолелі. Цяпер гэтак званым “дэдлайнам” называюць 1 кастрычніка, але руіны вакол пляцоўкі не надаюць такім абяцаньням вялікага даверу. Тым больш, што абяцалі гэтаксама скончыць рамантаваць і мост праз вуліцу Няміга, і дарожнае палатно на праспэкце Скарыны ад Паштамту да пляцу Перамогі: цяпер жа канстатуюць, што бясконцыя аўтамабільныя заторы на гэтых напрамках застануцца да 1 лістападу.
Як з Ратушай не атрымалася, у Менгарвыканкаме тэрмінова пачалі шукаць, чым зьдзівіць менчукоў і гасьцей сталіцы. І спыніліся на досыць незвычайным варыянце: легалізаваць аўтобусных “зайцоў”, на дзень абвесьціўшы ім “амністыю”. Іншымі словамі, 13 верасьня камунальны транспарт грамадзкага карыстаньня будзе перавозіць пасажыраў бясплатна. Праўда, гэта ня будзе тычыцца камэрцыйных маршрутак, якія амаль 100% ва ўласнасьці прадпрымальнікаў. Але што тычыцца бясплатнага праезду, то хутчэй, можна казаць не пра падарунак, а пра адсутнасьць іншага варыянту: у такім натоўпе, які хлыне ў цэнтар Менску, наўрад ці хто й так зьбіраўся кампастараваць тыя квіткі. Але звонку атрымаўся дастаткова шырокі жэст. Гэта па-першае…
Па-другое, тэарэтычна заставалася надзея, што хоць калісьці менскай міліцыі на вуліцах будзе меней за тых, хто мітынгуе ці, як у дадзеным выпадку, весяліцца. На Захадзе, нават у Расеі, падыход да вялікіх імпрэзаў ужо цалкам іншы, і людзі ў форме займаюць пазыцыю ненавязьлівых назіральнікаў. У Беларусі ж менавіта міліцыя часта правакуе высьвятленьне адносінаў зь не зусім цьвярозымі весялунамі, патрабуе паказаць дакумэнты, спрабуе прылюдна выхоўваць і г.д. Дарэчы, як і ў ранейшыя гады, продаж алькаголных напояў будзе ў эпіцэнтры падзеяў забаронены. Нават у рэстарацыях выбар будзе небагаты: застанецца толькі вельмі дарагі алькаголь.
І, каб скончыць зь міліцыянтамі — з самага ранку для падняцьця маральнага духу яны арганізавана прабягуць камбінаваную эстафэту, але літаральна пасьля фінішнай рысы накіруюцца на пасты.
І колькі словаў пра парадак дня. Што незвычайнага ці, скажам, арыгінальнага прапануюць арганізатары?..
На жаль, чакаць чагосьці незвычайнага не выпадае, бо сплянаванае сьвята паводле сцэнароў савецкіх узораў. Хоць мерапрыемства і будзе праходзіць пад сьлёганам “Менск — майго жыцьця крыніца”, апроч традыцыйнага рыцарскага турніру вылучыць штосьці цяжка.
Адкрыцьцё сьвята з удзелам вышэйшага кіраўніцтва будзе ля абэліску “Менск — горад-герой”. Потым калёны плаўна выправяцца ў бок цэнтру, да недабудаванай Ратушы. Ля Палацу спорту адбудзецца прыпынак на парад гарадзкіх прафэсіяў. Прыкладам, у міліцэйскую форму пераапрануцца працаўнікі Ленінскага раёну, настаўнікаў будуць імітаваць Першамайскія вылучэнцы, пажарных — прадстаўнікі Партызанскага раёну і г.д.
Як вясёла будзе паглядзець на гэты карнавал з пераапрананьнем — можна толькі здагадвацца. Адзінае, што ўяўляю, — каб на карнавале ў Рыо-дэ-Жанэйра раптам пайшла калёна пераапранутых трактарыстамі…
Зрэшты, свае шоў адбудуцца практычна ва ўсіх парках, сквэрах і асобных дварох. У той час, як старшыня гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў на прыступках да абэліску будзе ўручаць узнагароду “Менчук году”, у парку Янкі Купалы пройдзе фінал конкурсу прыгажосьці “Твар Першамайскага раёну”.
Самая арыгінальная з гэтага пераліку, імпрэза адбудзецца, бадай, у тым жа самым Першамайскім раёне: там абяцаюць правесьці спаборніцтвы ...у кіданьні мабільных тэлефонаў. Але збольшага чакаюцца выступы самадзейных артыстаў, беларускіх поп-выканаўцаў.
Ну і, натуральна, бойка будзе ісьці гандаль: сваю прадукцыю наўпрост на вуліцы прапануюць наведнікам амаль паўтысячы гандлёвых прадпрыемстваў гораду. А кропка ў сьвяце будзе пастаўленая сьвяточным фаервэркам.