Дзеці па-ранейшаму вучацца ў розных месцах. На перапынках паміж заняткамі яны пераходзяць з аднаго будынку ў другі. Апроч таго, даводзіцца абменьвацца неабходнымі падручнікамі. Гаворыць Тацяна Сьцяцко, навучэнка чацьвертага курсу:
(Тацяна: ) “Падручнікаў па біялёгіі ўсяго 12 штук, нават 11. Мы вымушаныя хадзіць, сабіраць іх на перапынках, бо на ўсіх не хапае. Дома ў нас падручнікаў не па профільных дысцыплінах нават ня будзе. Нам трэба на занятках усё занатоўваць, а потым дома вучыць усё па канспэкце. У крамах няма падручнікаў. Толькі ёсьць на нейкіх фабрыках, дзе іх выпускаюць. Падручнікаў звычайных няма, а дапаможнікаў колькі хочаш”.
Навучэнцаў I-га і II-га курсаў забясьпечылі ўсімі неабходнымі падручнікамі. Не хапае падручнікаў толькі студэнтам III-га і IV-га курсаў. Франак Вячорка вучыцца на III-м курсе. Ён сябе падручнікамі забясьпечыў. Падручнік усясьветнай гісторыі ён папрасіў у сваіх былых аднаклясьнікаў у школе, а літаратуры — у выпукнікоў ліцэю.
(Франак: ) “Падручнікаў мала. Магчыма, ня думалі, што столькі застанецца вучняў у Ліцэі. Асабліва чацьвёртакурсьнікаў, якіх спакушалі на ліцэй БДУ. Таму мы цяпер зьвяртаемся да выпускнікоў, якія затрымалі свае кнігі, і папросту ў школы і просім, калі ёсьць лішнія падручнікі, каб нам перадалі для вучобы. Адсутнічаюць падручнікі па негуманітарных дысцыплінах. Не хапае падручнікаў па хіміі, па біялёгіі. Знайшліся падручнікі па фізыцы, але ўсе 1992 года выпуску”.
Бацькі навучэнцаў паехалі ў рэгіёны. Яны спадзяюцца там у крамах і бібліятэках набыць неабходныя для навучаньня падручнікі.