Не зважаючы на свае 75 гадоў, Алесь Белакоз дагэтуль працуе дырэктарам Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музэю, які сам стварыў 38 год таму
Алесь Белакоз па ранейшаму жыве ў вёсцы Гудзевічы ў Мастоўскім раёне, і па ранейшаму да яго ахвотна едуць людзі. Экскурсіі, якія ён праводзіць, зацягваюцца на гадзіны. Алесь Белакоз ня проста краязнаўца, кіраўнік вясковага музэю, ён турбуецца за лёсы ўсяе Беларусі.
(Белакоз: ) “Мне вельмі баліць тое, што школы, па назвах беларускія, нічога беларускага ня маюць. Яны ператвараюцца ў расейскія. Мне баліць тое, што нашая прамысловасьць не разьвіваецца. Мы не пабудавалі за апошняе дзесяцігодзьдзе аніводнага заводу. Як жыць?”
У сваім музэі Алесь Белакоз прапагандуе тое, што Беларусь мае мноства карысных выкапняў, якія часта зусім не здабываюць альбо прадаюць праз расейскіх пасярэднікаў. Калі іх разумна і дбайна выкарыстоўваць, беларусы зробяцца заможным народам. Аднак сёньня падставы для аптымізму невялікія.
(Белакоз: ) “Незалежнасьць я перастаў адчуваць. Бо ўсё вядзецца да таго, каб прадаць Беларусь. І я ўпэўнены, што прадаць могуць ня толькі Расеі, Польшчы таксама могуць прадаць. Асабліва Гарадзеншчыну. Дадуць у Калінінград якісьці праезд—калі ласка, бярыце! А што—чужога хіба шкада? Хіба шкадаваў Сталін Беласточчыну?”
Алесь Белакоз працаваў да пэнсіі настаўнікам, музэй стварыў пры мясцовай школе. Ён гаворыць, што ў вёсцы з кожнай хаты ахвяравалі для музэю нейкія старыя рэчы—ганчарныя, кавальскія або зробленыя з дрэва.
(Белакоз: ) “У нас экспанатаў даволі многа, асноўнага фонду—13763 адзінкі. І вельмі каштоўныя экспанаты, якіх няма ў іншых музэях. Але з экскурсыямі ў нас дрэнна. Чаму дрэнна? Прыехаў намесьнік міністра ўнутраных справаў, хоча паглядзець музэй. Ён адразу з парогу: мы вам хочам дапамагчы. Я кажу: якая дапамога? У нас плян—1 мільён 600 тысячаў рублёў, вы білеты вазьміце”.
Квіткі, аднак, міліцыянты не набылі. Потым яшчэ некалькі разоў прыяжджалі вялікія групы міліцыянтаў, квіткі не куплялі. Паабяцалі, праўда, фарбу і шыфэр, але яны ў музэй ня трапілі.
(Белакоз: ) “А пляну як не было, так і няма. Мала таго, пасьля гэтага да нас перасталі езьдзіць экскурсіі з іншых гарадоў. Як яны зрабілі: каб паехаць у нейкі музэй, напрыклад, мы хочам у Горадню паехаць, дык трэба каб машына заехала ў Масты і там дазволілі везьці вучняў. Але так паставілі справу, каб не дазваляць. І ўсе экскурсіі спыніліся, як адрэзала. Гэта, я думаю, вось такая “дапамога” міліцыі”.
Алесь Белакоз так мяркуе, бо арганізатары экскурсій, якія не адбыліся, тлумачаць, што ДАІ не дало дазволу на перавоз школьнікаў. І гэта працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Колькасьць экскурсантаў рэзка скарацілася, аднак Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музэй, якім загадвае Алесь Белакоз, па ранейшаму застаецца месцам, якое імкнуцца наведаць ня толькі беларусы, але і замежнікі, якія цікавяцца Беларусьсю.