Удзельнікі: намесьнік дырэктара Цэнтру Эўрапейскай інтэграцыі пры Эўрапейскім гуманітарным Унівэрсытэце Аляксандар Зайцаў і кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
(Цыганкоў: ) “Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Касьянаў заявіў, што пагадненьні зь Беларусьсю ў газавай галіне могуць быць перагледжаныя ў найбліжэйшы час, і што ён даручыў міністэрствам і ведамствам прааналізаваць сытуацыю і падаць у кароткія тэрміны свае прапановы. Пазыцыя “Газпрому”, якая была выказаная ў інтэрвію для Радыё Свабода, палягае ў тым, што спажыўцы газу мусяць аплочваць сабекошт здабычы і транспартаваньня плюс нарматыўны прыбытак кампаніі. На гэты момант такая лічба складае каля 80 даляраў за тысячу кубамэтраў. Калі цэны на газ будуць даведзеныя да 80 даляраў, то безумоўна, што беларускую эканоміку чакае цяжкі пэрыяд — рост цэнаў і зьніжэньне канкурэнтаздольнасьці беларускіх прадпрыемстваў. Аднак наколькі драматычныя гэтыя наступствы для беларускай эканомікі і сацыяльнай сфэры?”
(Раманчук: ) “Калі цана газпрамаўскага газу павялічыццца з 29 даляраў да 80, гэта будзе шок без тэрапіі, які беларуская гаспадарка ня вынясе. На працягу году–двух беларускі ўрад мусіць будзе правесьці нейкія рэформы, кардынальна зьмяніць інвэстыцыйную, бюджэтную палітыку. Калі гэта адбудзецца ў студзені–лютым, то другая частка зімы будзе для беларускага насельніцтва вельмі складанай. Перш за ўсё гэта ўдарыць па беларускіх сем’ях, якія вымушаныя будуць плаціць за цяпло і гарачую ваду значна больш.
У іншым выпадку пастаўкі энэргарэсурсаў вымушаны будзе датаваць бюджэт або за іх будзе плаціць яшчэ больш прамысловасьць. Паколькі прамысловасьць і так сядзіць на бюджэтным пампаваньні — рэнтабельнасьць вельмі нізкая, інвэстыцыйны патэнцыял вельмі слабы — то, я думаю, іншага выхаду, акрамя як падвышэньня жыльлёва-камунальных паслугаў для насельніцтва, урад не прыдумае”.
(Цыганкоў: ) “Зрэшты, некаторыя экспэрты лічаць, што пакуль нічога трагічнага ў спыненьні паставак таннага газу няма. Беларускі ўрад, маўляў, прагназаваў гэта, жорстка кантраляваў выкарыстаньне газу і стварыў запасы паліва. Па-другое, усе выдаткі на аплату газу па новых цэнах не перавысяць 250 мільёнаў даляраў…”
(Зайцаў: ) “Па-першае, варта дачакацца, чым гэта ўсё завершыцца. Пакуль была толькі заява пра 80 даляраў. Ва Ўкраіну “Газпрам” пастаўляе газ па 50 даляраў… Тое, што яны прапануюць зараз нам — гэта той кошт, па якім газ ідзе ў Польшчу.
Калі газ будзе па 50 даляраў, то страты для беларускай эканоміцы складуць 100 мільёнаў даляраў за год, калі па 80 — то 250 мільёнаў. Можна прагназаваць два варыянты паводзінаў беларускага ўраду. Першы — паспрабуюць нарасьціць долю незалежных ад “Газпрому” пастаўшчыкоў газу…”
(Цыганкоў: ) “…А што, незалежныя будуць пастаўляць газ танней?”
(Зайцаў: ) “Гэта ўжо вялікая палітыка — як расейска-беларуская, гэтак і ўнутрырасейская. Напрыклад, нядаўна “Газпром” падняў цэны для незалежных пастаўшчыкоў за транспартаваньне газу, і яны вымушаныя былі падняць і нам.
Можна спрагназаваць, што беларускі ўрад уздыме транзытныя плацяжы для расейцаў, бо сёньня мы бярэм у 4 разы таньней за Ўкраіну і ў сем разоў танней за Польшчу”.
(Цыганкоў: ) “А цана за транзыт неяк зьвязаная ў пэўных дамоўленасьцях з цаной за газ? Беларусь мае права ўзьняць кошт транзыту?”
(Зайцаў: ) “Як мне падаецца, наш урад выйдзе зь любога пагадненьня, калі сытуацыя выйдзе з-пад кантролю. І слушна зробяць”.
(Раманчук: ) “Калі “Газпром” павялічыць цану на 80 даляраў, то безумоўна, беларускі бок павялічыць цану транзыту. Але гэта — пачатак цэнавай вайны, якую Беларусь ня мае рэсурсаў і патэнцыялу выйграць”.
(Зайцаў: ) “Ня згодны, бо гэта Расея ня мае рэсурсаў і патэнцыялу яе выйграць. Расея — слабая краіна, і “Газпром” — кволая карпарацыя. У Газпраму вельмі шмат праблемаў, пра якія ў нас часта забываюць.
Расея цяпер апынулася ў вельмі няпростай і нязвыклай для сабе сытуацыі. Па-першае, яна вымушаная была пагадзіцца з умовамі туркмэнаў па транзыту тукмэнскага газу на Захад. Было таксама дамоўлена, што туркмэнскі газ будзе замяшчаць расейскі газ, які пойдзе транзытам праз Украіну. Расея мусіць зрабіць інвэстыцыі ў газаразьмеркавальную сыстэму Ўкраіны ў рамках кансорцыюму, пра які ідзецца размова. Расея — гэта сыравінная краіна, якая можа нарасьціць сваю валютную выручку толькі за кошт нарошчваньня паставак газу”.
(Цыганкоў: ) “Украіна плаціць за расейскі газ залікамі за транзыт, а Беларусь плаціць за газ жывыя грошы. Чаму? Ці ёсьць магчымасьць перайсьці на “украінскую” схему?”
(Зайцаў: ) “Вядома, так”.
(Цыганкоў: ) “Чаму тады гэтага ня робіць беларускае кіраўніцтва?”
(Зайцаў: ) “Увесь праект інтэграцыі з Расеяй да апошняга моманту яшчэ меў месца быць. Аднак у сьвятле апошніх абменаў лістамі можна ўжо пралічваць іншую рэальнасьць. А яна такая, што калі Расея пасьля “мух і катлет” пайшла на прынцып нейкай рацыянальнасьці ў працы з намі, чаму б нам не зрабіць тое ж у адказ. Тэрыторыю Беларусі ў пляне газавага транзыту ў Эўропу абыйсьці немагчыма. Праект “Ямал—Эўропа” — гэта праект Эўразьвязу, як там скажуць, гэтак Масква і зробіць. Я застаюцся на пазыцыі, што ў нас больш рычагоў узьдзеяньня на Расею, чым у Масквы на нас”.
(Раманчук: ) “Я супраць гандлёвай вайны. Тое, што прапануецца, гэта, па сутнасьці, вайна лічбамі, тарыфамі й гэтак далей…”
(Цыганкоў: ) “Але Расея яе пачынае, не Беларусь…”
(Раманчук: ) “Ня трэба мець ілюзіяў наконт таго, што безь Беларусі Эўропа не абыйдзецца. Нават у дзейных газапровадаў можа павялічыць колькасьць транзытнага газу ў тры разы. Калі Беларусь будзе разьлічваць, што можна шантажаваць Расею — у кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта можа спрацаваць. Але на працягу трох–пяці гадоў Расея, безумоўна, знойдзе тыя мэханізмы, якія вырашаць гэтую праблему. І Эўропа ў гэтым канфлікце будзе на баку Расеі. Так што за гэты экспэрымэнт, за гэтую вайну заплаціць ня ўрад, не бюракрат, ня нават гэтыя нашыя прамысловыя дыназаўры–гіганты, а звычайны чалавек”.
(Цыганкоў: ) “Беларусь нават бяз гэтага канфлікту амаль вычарпала ўжо свой ліміт таннага газу. Таму ўжо можна прагназаваць, колькі будуць каштаваць камунальныя паслугі гэтай зімой? Ці будзе ў беларускіх кватэрах цёпла, ці не давядзецца абмяжоўваць пастаўкі цяпла і гарачай вады?”
(Зайцаў: ) “Што да гарачай вады, то яны ўжо ўвялі нейкі графік, калі ў адпаведны час дня яна больш гарачая, у іншы — менш. Спажывец наш (фізычная асоба) плаціць за газ цяпер недзе з разьліку 70 даляраў. Калі Расея ўздыме кошт паставак, то гэта ўжо палітычнае пытаньне для беларускага кіраўніцтва. З аднаго боку, можна растлумачыць, што вось Расея так да нас паставілася, таму мы кошты падымем. Калі не, то давядзецца датаваць насельніцтва зь бюджэту.
Аднак насельніцтва не зьяўляецца самым галоўным спажыўцом у параўнаньні з прадпрыемствамі. Падчас леташняга канфлікту з “Газпромам” удалося дамагчыся амаль што 100% аплаты прадпрыемствамі за газ. Як зараз будзе — ня ведаю. Хутчэй за ўсё, будзе шмат неплацяжоў за газ, і гэта будуць вялікія праблемы для эканомікі”.
(Раманчук: ) “Прадпрыемствы ў нас не вырашаюць — пачынаць рэформы, ці не. Многія дырэктары хацелі б прадставіць нейкія бізнэс-пляны, прапанаваць інвэстараў, але рашэньне знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзыдэнта, таму рух зьнізу заблякаваны. Калі “Газпром” павялічыць цану за газ (пры тым, што нашая прамысловасьць і сельская гаспадарка і так ужо ня могуць плаціць па цяперашніх цэнах) — гэта будзе павялічваць запазычанасьць бюджэту.
Мінфін будзе павінен знайсьці нейкія грошы, каб кампэнсаваць гэтую розьніцу. Дзе ён можа гэтыя грошы ўзяць? Толькі ў адной крыніцы. Гэта беларускія банкі, дэпазыты насельніцтва, больш двух трыльёнаў рублёў.
Што датычыць таго, колькі мы будзем плаціць, то за аднапакаёвую кватэру, разам за камунальныя паслугі, сьвятло і тэлефон, мяркую, цана будзе ў памеры 30–35 даляраў. За двухпакаёвую — 100–120 тысячаў (каля 50 даляраў). Пры тым, што сярэдні заробак у краіне складае 115–120 даляраў, пэнсія — 46–47 даляраў, то, безумоўна, 95% пэнсіянэраў ня ў стане будуць разьлічыцца за гэтыя паслугі”.
(Цыганкоў: ) “Няўжо беларускае кіраўніцтва пойдзе на такія цэны, ці ўсёткі знойдзе сродкі, каб датаваць гэтыя аплаты, і не дапусьціць сацыяльнай напругі?”
(Раманчук: ) “Існуе такі мэханізм, калі сям’я плаціць звыш 25% даходаў за камунальныя паслугі, яна мае права на датацыю. Але, я думаю, урад зробіць такую працэдуру атрыманьня гэтай дапамогі, што многія сем’і будуць ня ў стане яе здабыць. Ведаючы якасьць працы нашай бюракратыі, яна яшчэ больш змажа гэтак званую “сацыяльную скіраванасьць” палітыкі, што праводзіць урад”.
(Зайцаў: ) “Або будзе вялікая колькасьць неплацяжоў…”
(Цыганкоў: ) “І трэба будзе выкарыстоўваць карныя мэтады да няплатнікаў?”
(Зайцаў: ) “Гэта ўжо ўзноў палітычнае пытаньне. Як ты скарыстаеш карныя мэтады да пэнсіянэраў — калі гэта асноўны электарат? Я думаю, што проста ўрад будзе больш актыўна шукаць грошы за межамі Беларусі”.