Раніца 11 верасьня была ў Нью-Ёрку надзвычай цёплай і сонечнай. У дзелавы цэнтар на Мангэтэне сьпяшаліся тысячы людзей. І раптам: самалёт Амэрыкэн Аэйрлайнз з Бостану праляцеў літаральна над галовамі людзей і ўрэзаўся ў паўночную вежу Усясьветнага гандлёвага цэнтру. Гэта адбылося ў 8:45 раніцы. Праз 18 хвілінаў другі самалёт уляцеў у паўднёвую вежу Цэнтру.
Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш раніцай быў у сярэдняй школе ў горадзе Сарасота, дзе меўся размаўляць наокнт новых ініцыятываў ураду ў пытаньні адукацыі. Калі стала вядома пра выбух першага самалёта, прэзыдэнт Злучаных Штатаў даведаўся пра гэта адразу. Аднак, не было зразумела, ці быў гэта тэракт. Празь літаральна 20 хвілінаў да Буша падышоў ягоны кіраўнік адміністрацыі Эндру Кард і сказаў: “Спадар прэзыдэнт, другі самалёт уляцеў ва Усясьветны гандлёвы цэнтар. На Амэрыку зьдзейсьнены напад”.
Перад тым, як пакінуць школу, Джордж Буш зрабіў першую заяву:
(Буш: ) “Сёньня адбылася нацыянальная трагедыя. Два самалёты ўрэзаліся ў будынкі Усясьветнага гандлёвага цэнтру. Відавочна, што гэта тэрарыстычны напад на нашу краіну. Я размаўляў зь віцэ-прэзыдэнтам, губэрнатарам Нью-Ёрку, дырэктарам ФБР і я загадаў , каб урад накіраваў усе неабходныя рэсурсы на дапамогу ахвярам і іхным сем’ям, а таксама на поўнае дасьледваньне і пошук тых, хто зьдзейсьніў гэты тэракт. Тэрарызм супраць нашай нацыі ня пройдзе”.
Тым часам у Нью-Ёрку пачалі падаць вежы Усясьветнага гандлёвага цэнтру. Людзі зь верхніх паверхаў будоваў выскоквалі з вокнаў, людзі на вуліцах разьбягаліся, у цэнтар Мангэтэну зьехаліся сотні машынаў хуткай дапамогі і пажарных.
Амаль адначасова ў Вашынгтоне быў зьдзейсьнены напад на Пэнтагон. Але 11 верасьня сталі вядомымі новыя героі Амэрыкі. І ў першую чаргу ім стаў мэр Нью-Ёрку, былы фэдэральны пракурор Паўднёвага округу горада Рудольф Джуліяні. Хлопец, які вырас у Брукліне, сям’я якога пакутвала ад мафіі здолеў скончыць Нью-Ёркскі Ўнівэрсытэт і потым зрабіў Нью-Ёрк адным з найбольш бясьпечных гарадоў Злучаных Штатаў, пражыў са сваім улюбёным горадам і самыя цяжкія хвіліны.
Зусім нядаўна стала вядома, што Рудольфа Джуліяні ўжо пасьпелі пахаваць пад сьценамі Усясьветанага гандлёвага цэнтру, калі ён літаральна за паўгадзіны да падзеньня першай вежы ўвайшоў у будынак. Ніхто ня ведаў, што мэр пасьпеў выйсьці на іншую вуліцу і журналісты званілі ў ягоны офіс і пыталіся: “Скажыце, гэта праўда, што мэр загінуў?”
Праз два гады, узгадваючы свае першыя крокі ў той дзень, Джуліяні сказаў, што галоўным было заставацца засяроджаным і спакойным. Ён думаў:
(Джуліяні: ) “Заставайся спакойным і думай над тым, якімі мусяць быць першыя крокі. На нас былі зьдзйсьненыя два напады, але што можна зрабіць у дадзены момант, якімі мусяць быць першыя крокі. Трэба эвакуяваць людзей зь небясьпечнай тэрыторыі, трэба прадугледзець новыя напады і сканцэнтраваць паліцыю там, дзе яны могуць адбыцца, трэба сканцэнтраваць там пажарных і мэдыкаў. Трэба засяродзіцца на першапачатковых дзеяньнях і працаваць 24 гадзіны”.
Памочнікі Джуліяні ўзгадваюць, што ён некалькі разоў перапытаўся ў кіраўніка паліцыі Нью-Ёрка, ці не было нападаў на Статую Свабоды ці Нью-Ёркскую фондавую біржу. На пытаньне , колькі людзей загінула, Джуліяні адказаў: “Колькасьць ахвяраў будзе больш, чым любы з нас можа вынесьці”. І гэтым ён нагадаў аднаго са сваіх улюбёных герояў – сэра Ўінстана Чэрчыля, які ў сваёй першай прамове ў якасьці прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі сказаў: “Я не магу прапанаваць вам нічога іншага, акрамя крыві, цяжкай працы, сьлёз і поту”.
Дарэчы, Рудольф Джуліяні ў адным са сваіх інтэрвію прызнаўся, што калі яму здавалася, што вынесьці гэты крызыс немагчыма (дадамо, што 11 верасьня ён лячыўся ад раку прастаты), мэр сказаў самому сабе: “Брытанцы вынесьлі некалькі гадоў бамбаваньня. Значыць, мы здолеем вынесьці гэтыя некалькі дзён”. Тым больш, што трэба было ратаваць параненых і займацца эвакуацыяй
(Джуліяні: ) “Мы спрабуем эвакуяваць тысячы і тысячы людзей. Усе паліцыянты і пажарныя, якіх мы здолелі сабраць, зараз займаюцца эвакуацыяй людзей і спрабуюць выратаваць столькі жыцьцяў, колькі будзе магчыма”.
І толькі значна пазьней надышоў час прааналізаваць, чаму былі магчымымі гэтыя тэракты. У сваёй прамову ў Брно Рудольф Джуліяні сказаў:
(Джуліяні: ) “Я перакананы, што сьвет такі ж небясьпечны цяпер, якім ён быў за дзень да 11 верасьня. Але мы ігнаравалі рэальнасьць і патэнцыял тэрарызму. І Злучаныя Штаты, і Эўропа, і значная частка ўсяго сьвету. Мы думалі, што гэта нейкія групоўкі людзей, якія не валодаюць сур’ёзнай сілай, каб зьдзейсьніць нешта жахлівае. І таму мы атрымалі такі адказ, які адпавядаў нашаму бязьдзеяньню – мы фактычна сваімі рукамі штурхалі тэрарыстаў на гэта”.
Аднак, 11 верасьня зьмяніла стаўленьне ня толькі Амэрыкі да таго, што такое пагроза тэрарызму. Напад на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон былі сымбалічнымі. Вось як кажа пра гэта быды мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні:
(Джуліяні: ) “Чаму менавіта гэтыя цэлі? Бо людзі, якія напалі на нас – Аль-Кайда і фундаменталісцкія групоўкі ненавідзяць нас. Яны ненавідзяць Амэрыку. Яны ненавідзяць і астатніх. Яны ня хочуць быць часткай сучаснага сьвету. Яны бачаць нашую эканамічную свабоду, але лічаць яе эканамічнай эксплуатацыяй. І Ўсясьветны гандлёвы цэнтар увасабляў эканамічную свабоду. Пэнтагон – палітычную свабоду і войска Злучаных Штатаў”.
Але напад 11 верасьня ня быў нападам толькі на Амэрыку. У гэты дзень загінула болей за 3 тысячы чалавек з болей, чым 80 краінаў сьвету. Таму вайна з тэрарызмам не засталася выключна справай Злучаных Штатаў. Канцлер Нямеччны Гэрахард Шрэдэр сказаў: “гэта абвяшчэньне вайны супраць усяго цывілізаванага сьвету”. І шлях да перамогі над тэрарызмам, з пункту гледжаньня Рудольфа Джуліяні – адзін: адзінства дэмакратычнага сьвету ў барацьбе з новымі пагрозамі.
(Джуліяні: ) “Амэрыка ніколі ня будзе ваяваць з дэмаркатычнай дзяржавай. Мы змагаемся з таталітарызмам, дыктатарскімі рэжымамі. Дэмакратыі могуць па-рознаму ставіцца да нейкіх пытаньняў, напрыклад, вайны ў Іраку. Але мы ня будзем ваяваць паміж сабой. Мы паспрабуем знайсьці шлях і супрацоўніцтва, бо нашыя дзяржавы арганізаваныя падобным чынам. Яны арганізаваныя на аснове прынцыпаў палітычнай, эканамічнай і рэлігійнай свабодаў. І чым далей, тым больш мы будзем імкнуцца стварыць бясьпечны сьвет. І мы настойваем на тым, каб сьвет быў такім”.