Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАГДАНКЕВІЧ: “НЯ ТРЭБА ЖЫЦЬ НА ПАДАЧКАХ ІНШАЙ КРАІНЫ. ТРЭБА РАБІЦЬ РЭФОРМЫ. БЕЛАРУСЬ НЯ ГОРШ ЛІТВЫ...”


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Станіслаў Багданкевіч, Валер Дашкевіч, Валер Карбалевіч, Сяргей Маркоў, Андрэй Суздальцаў.

(Дракахруст: ) “Беларуска-расейскім стасункам уласьцівая выразная цыклічнасьць. Раней кожную вясну – абавязкова нейкае чарговае аб’яднаньне, біцьцё келіхаў у крамлёўскіх палатах. Цяпер вымалёўваецца іншая тэндэнцыя: другі год запар у жніўні – абавязковы інтэграцыйны скандал. І прычым паводле аднолькавага сцэнару. Пуцін прапаноўвае Лукашэнку нешта вельмі інтэграцыйнае і вельмі канкрэтнае, у адказ зь Менску гучыць шчырае абурэньне – сувэрэнітэт, нашую сьвятыню, не аддамо. Праўда, ёсьць і адрозьненьні: летась гаспадар Крамля проста прапаноўваў Беларусі ўвайсці ў склад Расеі, сёлета – тое ж самае, але толькі ў грашовай сфэры. Цяпер адказ прагучаў раней за прапановы, дакладней кажучы, ліст Пуціна з прапановай стаўся адказам на прамову Лукашэнкі ў Воршы, што з грашовым аб’яднаньнем сьпяшацца ня варта, бо можам стаць другараднай дзяржавай.

Пра тое, якую дылему ствараюць для афіцыйнага Менску падобныя інтэграцыйныя прапановы Крамля, гаворыць экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Валер Дашкевіч.”

(Дашкевіч: ) “Калі мы скажам "не", гэта будзе азначаць, што першы, галоўны архітэктар славянскага адзінства адмовіўся ад аб'яднаньня славянаў, калі яму гэта канкрэтна прапанавалі. Сказаць "так, мы падпісваем пагадненьне" – гэта вельмі нявыгадна для Аляксандра Лукашэнкі . Ён тады патрапіць у сытуацыю, у якой ня зможа праводзіць сваю эканамічную палітыку, паколькі будуць зьмененыя правілы гульні для беларускіх суб'ектаў гаспадараньня. Ён да гэтага не гатовы. Таму яму нельга казаць ані "так", ані "не". Самае лепшае ў гэтай сытуацыі – працягваць размовы, перамовы, якім ня будзе канца.”

(Дракахруст: ) “Адказ афіцыйнага Менску сёлета , як дарэчы і летась, быў вытрыманы менавіта ў ключы , вызначаным Валерам Дашкевічам: інтэгравацца хочам, прычым палка, але ня так, і Расея хай спачатку выканае тое, і гэтае, і яшчэ вось гэтае. Умовы пераходу на расейскі рубель, выкладзеныя ў апошнім лісьце Лукашэнкі Пуціну, выглядаюць лягічна: спачатку агульныя ўмовы гаспадараньня, уніфікацыя, кампэнсацыя, Канстытуцыйны акт, бо Беларусь жа адмаўляецца ад эмісійнага права, а ўжо потым – грашовае пагадненьне. Але прыгадаем , што казаў кіраўнік Беларусі ў чэрвені: падпішам пагадненьне пра пераход на расейскі рубель, калі у ім будуць роўныя правы на эмісію. Тады пра неабходнасьць выкананьня нейкіх дадатковых умоваў кшталту роўных умоваў гаспадараньня гаворкі не было. Зараз няма пытаньняў наконт зьместу самога пагадненьня, затое ўзьнікла плойма іншых умоваў.

Выглядае, што мэта – сказаць “не”, не сказаўшы нічога. Палітоляг Андрэй Суздальцаў у сувязі з адказамі Менску прыгадаў гумарэску Аркадзя Райкіна, дзе чыноўнікі дураць галаву партнэрам, адказваючы “На Ваш запыт, чаму дагэтуль не прыляцеў самалет з помпамі, адказваем што колы накіраваліся па чыгунцы”.

Гэта было б сьмешна, калі не было б гэтак сумна. У гэтым тэатры аднаго, дакладней, двух актораў беларускі народ, на жаль, ня проста глядач, і вынікам камэдыі на сцэне можа стаць трагэдыяй для ўсяе залі.

На гэтым тыдні ў адным з выданьняў была прыгаданая старая дылема, якая ўзьнікае падчас кожнага інтэграцыйнага параксызму “Што лепш: незалежнасьць з Лукашэнкам ці дэмакратыя і рынкавая эканоміка з Расеяй”. А ці існуе такая дылема насамрэч? Гаворыць аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч.”

(Карбалевіч: ) “Я лічу, што гэтая дылема прыдуманая. Па-першае, у Расеі цяпер адбываюцца працэсы, якія, скажам асьцярожна, ня сьведчаць пра рух краіны у бок дэмакратыі. Па-другое, не было ніякіх сьведчаньняў падтрымкі з боку Расеі беларускай дэмакратыі, наадварот, Масква зьяўляецца галоўным гарантам дыктатуры ў Беларусі. Без падтрымкі Расеі цяперашні беларускі рэжым не пратрымаўся б такі доўгі час. І па-трэцяе, ці зьяўляецца Лукашэнка сапраўды гарантам незалежнасьці? Калі гарантам – адзін чалавек, то гэта вельмі хісткая гарантыя. Гэты чалавек падпарадкоўвае праблему незалежнасьці ўласнаму палітычнаму выжываньню. Гэта – кан'юнктурнае незалежніцтва. Калі Лукашэнку выгадна, ён робіцца то галоўным інтэгратарам, то галоўным незалежнікам. Нельга выключаць сытуацыю, што калі ягоная ўлада захістаецца, то каб зьберагчы сваю ўласную палітычную кар'еру, ён можа здаць Беларусь Расеі і ўцячы ў Расею.”

(Дракахруст: ) “Іншы, крыху парадаксальны погляд на праблему – у палітоляга Андрэя Суздальцава.”

(Суздальцаў: ) “Спадар Карбалевіч лічыць, што гэтая дылема надуманая. Я лічу, што гэтая дылема ўсё ж існуе, але яна невырашальная. Гэтая дылема – індыкатар становішча сучаснага беларускага грамадзтва. Гэта паказчык неспакою за лёс краіны, якая сыходзіць на ўзбочыну ўсясьветных працэсаў. Узьнікае адчуваньне, што беларусы сваімі сіламі ня разьвяжуць праблемы выхаду на ўстойлівы шлях дэмакратыі і рынкавых працэсаў. Такое меркаваньне пачынае зьяўляцца. Пры гэткай нерэфармаванай эканоміцы і сярэднявечнай палітычнай сыстэме Беларусь абавязкова пазбавіцца незалежнасьці. Інакш кажучы незалежнасьць з Лукашэнкам немагчымая.

Ці прымуць беларусы рэформы звонку, з Расеі? Ня прымуць. Тады ў народнай сьвядомасьці ўсе нэгатыўныя моманты рэформаў будуць зьвязаныя з Масквой, з Крамлем. Возьмем прыватызацыю. У цяперашніх умовах толькі расейскія карпарацыі могуць даць рэальныя грошы за беларускія прадпрыемствы. І толькі ім яны і патрэбныя, бо беларускія прадпрыемствы – частка тэхналягічнага ланцугу з расейскімі. Але расейскі капітал крымінальны, беларускія народныя масы такую прыватызацыю ня прымуць. Беларуская эліта ніколі не прызнае, што расейскае грамадства зараз больш дэмакратычнае і меньш клянавае, чым беларускае, што гэта грамадства не сялянскага мэнталітэту, а гарадцкога. Дэмакратыя і рынкавыя адносіны – гэта ня куст бэзу, які можна перасадзіць, і ён заквітнее.”

(Дракахруст: ) На мінулым тыдні зь нечаканай заявай выступіў былы старшыня нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Ён заявіў, што беларускае грамадзтва, і прынамсі апазыцыя, мусяць падтрымаць адмову Лукашэнкі ад пераходу на расейскі рубель. Атрымліваецца, што ганаровы старшыня апазыцыйнай Аб’яднанай Грамадзянскай партыі ўсё ж робіць выбар на карысьць незалежнасьці з Лукашэнкам? Гаворыць Станіслаў Багданкевіч.

(Багданкевіч: ) “Магчыма і трэба будзе ў будучыні вырашаць пытаньне пра пераход на стабільную валюту, але гэта пытаньне ўзьнікне праз 15-20 гадоў. І таму калі Лукашэнка заявіў, што Лукашэнка ўсьведамляе гэта, шіто ён гатовы раіцца з апазыцыяй, назваў і маё прозьвішча, я і сказаў, што трэба гэтае пытаньне адкласьці, а заняцца рэфармаваньнем эканомікі. Я ніколі не падтрымліваў Лукашэнку. Аднак пазыцыя нашай партыі, АГП, ганаровым старшынём якой я зьяўляюся, заўсёды была аднолькавай – канструктыўная апазыцыя рэжыму. Мы прапанавалі Лукашэнку некалькі канцэпцыяў рэфармаваньня розных галінаў эканомікі. Мы думаем аб народзе, аб ягоным дабрабыце, а ня толькі аб уласным “я”. І калі Лукашэнка перайшоў на нашую пазыцыю ў пытаньні адмовы ад пераходы на расейскі рубель, у пытаньні захаваньня сувэрэнітэту, я і прапанаваў толькі ў гэтым пытаньні і падтрымаць Лукашэнку. Заўважу, што Лукашэнка скарыстаў нашыя аргумэнты, калі заявіў, што для яго непрымальны пераход на расейскі рубель. Калі ён зразумеў, што у 2000 годзе зрабіў памылку, а цяпер зразумеў гэта, то варта яго ў гэтым падтрымаць. Тым больш што ўлада – у ягоных рукох.”

(Дракахруст: ) “Паводле былога старшыні Нацбанку галоўная праблема – ня ў грошах, а ў адсутнасьці рэформаў. Пераход на расейскі рубель сувэрэнтітэту Беларусь пазбавіць, а гэтую галоўную праблему ня вырашыць. Наадварот, расейскія датацыі на пераход на адзіную валюту, якія Лукашэнка зараз выбівае з Масквы, дазволіць цяперашняй беларускай уладзе закансэрваваць цяперашнюю тупіковую сытуацыю ў эканоміцы – мяркуе Станіслаў Багданкевіч.

Андрэй Суздальцаў не пагаджаецца са спадаром Багданкевічам у тым, што пытаньне валютнай інтэграцыі можна адкласьці на шмат гадоў, але згодны з тым, што самі па сабе спрэчкі вакол гэтай праблемы сьведчаць пра тое, што сытуацыя дайшла да мяжы.

(Суздальцаў: ) “Багданкевіч гаворыць, што нельга ўводзіць расейскі рубель. Але праблема палягае ў тым, што ня ўводзіць нешта таксама немагчыма. Нашыя ж суседзі таксама не зьбіраюцца заставацца на сваіх злотых, літах і латах. Мы коцімся да сапраўднага дэфолту. Паводле апошняй заявы старшыні Газпраму Мілера з 1 студзеня 2004 году мы будзем атрымліваць увесь газ па рынкавай цане. Нам трэба ці падстройвацца пад даляр ці эўра, ці хутка праводзіць радыкальныя рэформы. Ажыятаж вакол увядзеньня расейскага рубля – сьведчаньне таго, што мы падышлі да пэўнай мяжы.”

(Дракахруст: ) “Валер Карбалевіч пярэчыць Станіславу Багданкевічу з палітычнага гледзішча. Наш аглядальнік, адмаўляючы дылему “Незалежнасьць+Лукашэнка ці дэмакратыя і рынак +Расея”, мяркуе, што падтрымліваць лукашэнкавае пранезалежніцкае шчыраваньне ня варта.”

(Карбалевіч: ) “Пазыцыя афіцыйнага Менску, пазыцыя Лукашэнкі – вельмі супярэчлівая. Таму прапанова спадара Багданкевіча спараджае пытаньне: што ж падтрымліваць? Ідзе нейкая гульня. Як можна падтрымліваць гульню? У Лукашэнкі няма пэўнай пазыцыі, ёсьць спроба гандлю з Пуціным па нейкім палітычным пытаньні. Я не разумею, што падтрымліваць. І як падтрымліваць? Калі б Лукашэнка згадзіўсмя дапусьціць апазыцыю да тэлебачаньня, даць ёй слова, тады б можна было весьці гаворку аб часовым саюзе, аб умоўнай падтрымцы. Але ж гэтага няма.”

(Дракахруст: ) “Ці не галоўнай падзеяй гэтага тыдня сталася заява кіраўніка “Газпраму” Аляксея Мілера пра тое, што з 1 студзеня наступнага году “газавы манапаліст Расеі зьбіраецца скасаваць ільготныя цэны для Беларусі. Дакладней, Мілер паведаміў, што “Газпрам” спыняе перамовы наконт стварэньня СП з “Белтрансгазам” і прапануе ўраду скасаваць пагадненьне 2002 году, зьмест якога палягаў фактычна ў абмене “Белтрансгазу” на танны газ. Большасьць экспэртаў сыходзяцца на тым, што заява спадара Мілера ёсьць адказам ня толькі і ня столькі на незгаворлівасьць Менску ў прыватызацыі “Белтрансгазу”, колькі на нежаданьне Лукашэнкі падпісваць дамову пра пераход на расейскі рубель. Варта прыгадаць, што і тут схэма леташняга інтэграцыйнага скандалу вытрымліваецца да дробязяў, толькі сьціснутая па часе – у жніўні летась Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў Расею, атрымаў адмоўны адказ з Менску, у лістападзе “Газпрам” паведаміў, што танны газ для Беларусі скончыўся.

Калі на скандалы паміж Крамлем і афіцыйным Менскам шэраговы беларус можа і не зважаць, то тут і не захочаш, а будзеш вымушаны зважаць. Станіслаў Багданкевіч бачыць у гэтым адказе Масквы нават станоўчы бок.”

(Багданкевіч: ) “Што датычыць таго, што мы будзем плаціць за газ, як нашыя суседзі, то я ня бачу тут вялікай праблемы, бо ня трэба жыць на падачках іншай краіны. Трэба рабіць рэформы. Беларусь ня горш Літвы, Латвіі , Эстоніі ці Польшчы. Цяпер МВФ на просьбу ўраду Беларусі разглядае магчымасьць прадастаўленьня крэдыту стэнд-бай. Я пачаў думаць, што гэта можа быць ня толькі гульня Лукашэнкі і ўраду, а сур’ёзныя крокі на шляху да захаваньня сувэрэнітэту ў грашовай сфэры, а можа і ў пляне рэфармаваньня. Бо без рэформаў мы наўрад ці пазьбегнем банкруцтва.”

(Дракахруст: ) “Сапраўды, рэформы звычайна лепш за ўсё атрымліваюцца не тады, калі жывем няблага, а пасьля рэформаў будзем жыць яшчэ лепш, а калі без рэформаў жыцьця проста ня будзе. Гэтая тэза гучыць крыху абстрактна, але ёсьць абсалютна кантрэтная пытаньне – праз месяц-другі пачынаецца ацяпляльны сэзон. Калі “Газпрам” зьдзейсьніць сваю пагрозу, ці здолее Беларусь хаця б элемэнтарна пражыць зіму? Ізноў гаворыць Станіслаў Багданкевіч.

(Багданкевіч: ) “Я лічу, што пражыве. Цяпер насельніцтву і прадпрыемствам газ прадаецца па больш высокім кошце, чым мы плацім Расеі. Наша дзяржава страціць нейкі ўнутраны даход, які мы зарабляем за кошт таго, што Расеі плацім за газ па цане смаленскага поясу, а насельніцтву і прадпрыемствам прадаем па цэнах на ўзроўні расейскіх паставак газу на Ўкраіну. Рэформы рабіць трэба. А выжыць мы можам – няма пытаньняў.”

(Дракахруст: ) “Леташні і сёлетні інтэграцыйныя крызысы маюць яшчэ адно істотнае адрозьненьне – цяпер ува ўсіх ёсьць досьвед леташняга канфлікту, досьвед няспраўджаных надзеяў і перасьцярогаў. Мінулым жніўнем, калі Ўладзімер Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі, шэраг экспэртаў у Расеі і, напрыклад, у Нямеччыне лічылі, што справа ўжо вырашаная. Адным з такіх аналітыкаў быў расейскі палітоляг, блізкі да Крамля, дырэктар інстытуту палітычных дасьледваньняў Сяргей Маркаў.

Прынамсі, летась ён сфармуляваў прагноз, што прапанова Пуціна аб далучэньні Беларусі да Расеі спародзіць у Беларусі антылукашэнкаўскую і прарасейскую сілу. Прарасейская ў яго разуменьні – гэта такая, якая выступае за простае далучэньне сваёй краіны да ўсходняй суседкі, як суб’екту ці суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Спадар Маркаў пры гэтым спасылаўся на высокі аўтарытэт у Беларусі Уладзімера Пуціна, які істотна перавышае аўтарытэт Аляксандра Лукашэнкі. Гэта паводле дадзеных сацыёлягаў сапраўды так. Можна дадаць да гэтага, што ў Беларусі сапраўды шырока распаўсюджаныя сымпатыі да Расеі.

Перадумовы спадар Маркаў вызначыў правільна, на зьяўленьне гэтай самай магутнай прарасейскай сілы ён адводзіў некалькі месяцаў. Прайшло 12 месяцаў, роўна год. А вынік – нуль. Чаму? Гаворыць Сяргей Маркаў.

(Маркаў: ) “Гэта нейкая загадка для аналітыкаў. У мяне адказу няма дагэтуль. Я маю некалькі магчымых тлумачэньняў. Адно тое, што Лукашэнка ў вачох большасьці насельніцтва па ранейшаму зьяўляецца носьбітам прарасейскай ідэі. Асаблівасьць інфармацыйнай прасторы Беларусі, якая палягае ў поўным кантролі дзяржаўных мэдыяў з боку Лукашэнкі і ягонай адміністрацыі, дазваляе Лукашэнку выступаць у вачох беларусаў лідэрам аб'яднаўчага працэсу. Магчыма, такім людзям цяжка выйсьці на палітычную арэну Беларусі з прычыны, я бы не сказаў аўтарытарызму, але аднамернасьці беларускай палітычнай сыстэмы, вельмі жорстка завязанай на прэзыдэнта. Магчыма, сыгнал прэзыдэнта Расеі , што Расея гатовая ісьці ў аб'яднаньні значна далей, чым Лукашэнка, не дайшоў належным чынам да беларускага насельніцтва. Але цалкам у мяне няма ўпэўненасьці ні ў водным з гэтых варыянтаў. Для мяне гэта па-ранейшаму застаецца загадкаю.”

(Дракахруст: ) “У сваіх поглядах на тоеснасьць беларусаў і расейсцаў спадар Маркаў зусім не самотны. У гэтым сэнсе вельмі знакавае гэта ягонае прафэсійна добрасумленнае прызнаньне – нібыта ўсё ўлічыў, усё узважыў, а вынік – цалкам адваротны прагнозу. Загадка. Сумненьне – крок да разуменьня.

Летась сярод ўсіх беларускіх палітыкаў ад самых правых да самых левых толькі Леанід Сіныцын і менш уцямна –Аляксандар Ярашук – падтрымалі прапанову Пуціна пра далучэньне Беларусі да Расейскай Фэдэрацыі. Гаворыць Андрэй Суздальцаў.

(Суздальцаў: ) “Заява Сініцына была зандажом. Ён спрабаваў заняць гэтая месца і высьветліў, што гэтага месца насамрэч няма. Прычына зусім ня ў тым, што шлях на Маскву замацаваў за сабой Лукашэнка. Ніхто асабліва перабегчы яму гэты шлях. На каго магла бы абаперціся гэтая прарасейская сіла? Беларускі бізнэс гэтага не падтрымае, бо жыве пасярэдніцтвам паміж Усходам і Захадам ды зацікаўлены ў захаваньні свайго статусу перавозчыка і спэкулянта. Дырэктарат хоча захаваць свае месцы і вітае закрыцьцё Беларусі ад імпарту танных расейскіх тавараў. Памылкай было бы шукаць апірышча для прарасейскай сілы і сярод прыхільнікаў беларуска-расейскай інтэграцыі.

У іх асяродзьдзі існуе складаны комплекс уяўленьняў пра Расею і пра інтэграцыю. Беларусы, мне здаецца, хочуць інтэгравацца не з расейскім народам, а з расейскімі рэсурсамі. А праблемы суседа нікому не патрэбныя. Больш таго – існуе пабытовы нацыяналізм. Менавіта яго ўзяў на ўзбраеньне Аляксандар Лукашэнка. Таму даволі прыхільна ўспрымаецца разгорнутая ў дзяржаўных мэдыях унікальная паводле жорсткасьці антырасейская прапагандысцкая кампанія. Крытыкуецца ня толькі палітыка Крамля, зьдзекуюцца з асобаў, нават з этнічных асаблівасьцяў расейцаў.

Вельмі шмат хто ў Беларусі мяркуе, што ўздым нацыянальнага духу шляхам абліваньня брудам суседа – нармальная практыка. Які і дзе ўжо тут выжыць прарасейскай тэндэнцыі? Ды нідзе.

(Дракахруст: ) “І напрыканцы – ізноў пытаньне ў Маскву. Як будуць разьвівацца беларуска-расейскія адносіны пасьля заявы кіраўніка “Газпраму” Аляксея Мілера?”

(Маркаў: ) “Я лічу, што гэтае рашэньне Масквы зрабіць больш жорсткімі ўмовы продажу газу, бо беларускі бок зрывае ранейшыя дамоўленасьці наконт супрацоўніцтва ў газавай сфэры, прывядзе да таго, што беларускі бок улічыць рэальнасьці і вернецца за стол перамоваў. У той жа час я думаю, што Аляксандар Лукашэнка на сёньня зацікаўлены ў ідэалягічнай кансалідацыі вакол сваёй палітычнай пазыцыі.

Яна палягае ў больш жорсткай пазыцыі да Расеі. І Лукашэнка выкарыстае рашэньне Расеі наконт газавых цэнаў, каб павялічыць падазронасьць да дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі ў грамадзкай думцы Беларусі. Будуць адбывацца абодва працэсы. З аднаго боку Беларусь будзе вымушаная вернуцца да ранейшых дамоўленасьцяў, а з іншага боку, беларускае кіраўніцтва паспрабуе максымальна раскатурхаць антырасейскія настроі ў беларускай грамацкай думцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG