Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШАПРЫЧНЫ ТЭРАРЫЗМУ: ЦІ ТОЛЬКІ ГАЛЕЧА І ЭКАНАМІЧНАЯ НЯРОЎНАСЬЦЬ?

Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Пасьля тэрарэстычных замахаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне, Злучаныя Штаты распачалі вайну ня толькі супраць асобных тэрарыстаў і тэрарэстычных груповак, але і супраць самой зьявы тэрарызму, яе каранёў. І зразумела чаму.

Ніводная доўгатэрміновая антытэрарэстычная апэрацыя ня можа быць пасьпяховай, калі папросту схапіць тэрарыста ці забіць яго – на ягонае месца прыйдуць два новыя тэрарысты. Нават калі супольныя намаганьні войска і выведкі сьведчаць пра некаторыя посьпехі ў барацьбе з тэрарызмам, неразуменьне першапрычынаў гэтай зьявы не дазваляе канчаткова яго перамагчы – гэта значыць спыніць тэрарызм перад тым, як ён набярэ сілу.

Ітка Малечкава, адмыслоўца ў справах Блізкага Ўсходу і тэрарызму з Карлаўскага Ўнівэрсытэту ў Празе кажа, што замахі 11 верасьня першапачаткова прывялі да спробаў знайсьці фактар, які правакуе чалавека ці групу людзей выбраць гвалт і тэрор у якасьці інструмэнтаў палітычнай барацьбы.

Аднак, як паведаміла нашаму радыё спадарыня Малечкава, пасьля двух гадоў, шмат хто з навукоўцаў, ужо кінуў гэтыя спробы.

(Малечкава: ) “Думаю, адзінага меркаваньня ў справе першапрычыны тэрарызму дагэтуль няма. Напэўна, няма. Нядаўна я брала ўдзел у вялікай канфэрэнцыі ў Осла, якая першапачаткова называлася “Карані тэрарызму”. Аднак цягам канфэрэнцыі гэты назоў зьмяніўся, бо ўдзельнікі канфэрэнцыіі пагадзіліся, што мы ня можам нават гаварыць пра першапрычыны тэрарызму”.

Шмат хто з дасьледчыкаў на пачатку вызначаў эканамічную няроўнасьць у якасьці галоўнай падставы тэрору. Яны казалі, што пашырэньне эканамічнай бездані паміж найбольш багатымі і найбольш беднымі краінамі сьвету паждвышае ўзровень безнадзейнасьці сярод людзей, якія бачаць апошняе выйсьце ў тэрарызме.

Але Ітка Малечкова і ейны калега Алан Кругэр, эканаміст Прынстанскага Ўнівэрсытэту, прынамсі часткова, абвергнулі тэорыю пра эканамічныя прычыны тэрарызму. Іхныя дасьледаваньні тэрарэстычных груповак на Блізкім Усходзе паказалі, што залежнасьці паміж узроўнем даходаў, эканамічнай сытуацыяі і тэрарызмам амаль няма.

Спадарыня Малечкова кажа, што тэза пра сувязь тэрарызму з галечай пануе сярод палітыкаў, журналістаў і некаторых навукоўцаў, але дасьледаваньняў, якія б падтрымлівалі такое меркаваньне, фактычна няма.

(Малечкова) “Я дагэтуль веру, што першапрычыны тэрарызму трэба шукаць. Мы з маім калегам упэўненыя, што гэтыя прычыны маюць хутчэй палітычны, чымсьці эканамічны характар. Палітычны разлад, палітычная сытуацыя падаецца шмат у якіх выпадках, калі не ва ўсіх, больш істотнай”.

Прыкладам, сярод 19 тэрарыстаў-самагубцаў, што зьдзейсьнілі замахі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне амаль усе належалі да сярэдняй клясы і зусім не былі жабракамі.

Варта адзначыць, адміністрацыя Джорджа Буша таксама дала зразумець, што не прыймае галечы ў якасьці адзінай ці нават галоўнай першапрычыны тэрарызму. Летась у эксклюзыўным інтэрвію для Радыё Свабода Джордж Буш сказаў:

(Буш) “Галеча ня ёсьць падставай для існаваньня забойцаў – гэта трэба адназначна падкрэсьліць. Некаторыя з сусьветных тэрарыстаў багатыя ў грашовым сэнсе, але яны відавочна бедныя ў сэнсе духоўным”.

Некаторыя навукоўцы кажуць, што крах сыстэмы сацыяльнай дапамогі і зьмяншэньне выдаткаў на адукацыю ў большасьці ісьлямскіх краінаў стварылі пэўную пустату ў сьвядомасьці маладых людзей, куды лёгка трапляюць экстрэмісцкія тэорыі пра тое, што, прыкладам ЗША ці ўвесь Захад зьяўляюцца іхным галоўным ворагам.

Але нават такія тлумачэньні падаюцца недастатковымі і пакідаюць відавочную дылему для палітыкаў – без яснага разуменьня першапрычынаў тэрору, вельмі цяжка стварыць эфэктыўную сыстэму супрацьстаяньня тэрарызму.
XS
SM
MD
LG