Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, ліквідаваны 25 чэрвеня на загад міністра адукацыі, працягвае сваё існаваньне. Гаворыць намесьніца кіраўніка ліцэю Ірына Сідарэнка:
(Сідарэнка: ) “Мы сустракаемся іншы раз дома, іншы раз індывідуальна і групамі. Праводзім кансультацыйныя заняткі. Мы мусім гэта рабіць, бо ня можам кінуць нашых дзяцей і трэба падтрымліваць ліцэйскі ўзровень навучаньня. У тыя папярэднія гады, што мы іх вучылі, мы ім прывілі навыкі самастойнай працы. Мы навучылі іх працаваць з дадатковай літаратурай, карыстацца даведнікамі. Для іх не складае вялікіх цяжкасьцяў вучыца самастойна. Больш, канечне, складаная сытуацыя зь I-м курсам. Іх трэба часьцей кансультаваць, бо дзеці прыйшлі яшчэ без падрыхтоўкі ліцэйскага ўзроўню. Трэба навучыць іх самастойна працаваць”.
Бацькі ліцэістаў апынуліся перад пагрозай судовых санкцыяў. Згодна з новым указам аб узмацненьні адказнасьці за непаўнагадовых, ліцэістаў, якія не пайшлі ў школу па месцы жыхарства, могуць прызнаць “пакінутымі без нагляду”. У гэтым выпадку бацькоў могуць абвінаваціць у тым, што яны не выконваюць свае абавязкі ў справе адукацыі дзяцей. Гэта тычыцца бацькоў ліцэістаў I-га і II-га курсаў.
Некаторыя зь іх катэгарычна супраць напісаньня заяваў. Бацька аднаго першакурсніка папрасіў не называць сваё прозьвішча. Ён ня хоча непрыемнасьцяў на працы і таму будзе пісаць заяву.
(Мікалай: ) “Напішам заяву. Прасьцей жыць паводле закону, хоць і паводле такога, які нам навязваюць. Канечне, на працы праблемаў ня хочацца. Мне не падабаецца ні першае, ні другое. Не падабаецца экстэрнат, але й прыходы міліцыі таксама. Не хачу, каб мяне прымушалі. Я не злачынца, і гэты экстэрнат — прымусовая мера. Хачу, каб гэтую ўстанову зарэгістравалі бліжэйшым часам. Хай будзе якая заўгодна назва — нават і ня школа. Я хачу, каб маё дзіця атрымала добрую адукацыю”.
Дзеці ня толькі ня скардзяцца на новыя ўмовы навучаньня, але й лічаць іх нават лепшымі за ранейшыя.
(Глеб: ) “Вучымся нармальна. Сядзім вось тут — цёпленька, утульненька, вакенцы прыгожыя. Я думаю, што цяпер мы пасталелі. Нам даводзіцца самім хадзіць па горадзе, шукаць нешта ў бібліятэках, нейкія матэрыялы браць, кансультавацца ў выкладчыкаў… Цяпер мы сябе адчуваем сапраўднымі дарослымі людзьмі, амаль што студэнтамі”.
Дзеці вырашылі, што ўсё адно штодня будуць хадзіць да брамы зачыненага Ліцэю і зьбіраць подпісы ў яго абарону.