У верасьні ў Мазыры плянавалі перапрацаваць звыш сямісот тысячаў тонаў расейскай нафты, але пацьверджаньне прыйшло толькі на 530 тысячаў. Адмыслоўцы нафтаперапрацоўчага заводу сьцьвярджаюць, што прыкладна 25 верасьня прадпрыемства наогул будзе спыненае на прафіляктычны рамонт.
Зьмяншэньне аб’ёму перапрацоўкі нафты ў Мазыры зьвязваюць з рашэньнем канцэрну “Белнафтахім” перадаць частку арыентаванай сюды сыравіны на перагонны комплекс “Нафтан” у Наваполацку.
Распавядае начальнік управы забесьпячэньня сыравінай Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Сяргей Саладоўнікаў.
(Саладоўнікаў: ) “Былі зробленыя захады, каб частку нафты, прызначанай для нашага заводу, пераарыентаваць на падтрымку “Нафтану”. За кошт гэтага ў нас зьмяншаецца колькасьць сыравіны. Мы выручаем “Нафтан” — так распарадзіліся ў канцэрне “Белнафтахім”. Асноўным пастаўшчыком сыравіны “Нафтану” зьяўляецца расейская кампанія “Сургутнафтагаз”. Але цяпер “Сургутнафтагаз” значную частку сваіх аб’ёмаў накіраваў ва Украіну”.
Нафтаперапрацоўшчыкі ніяк ня хочуць камэнтаваць палітычныя матывы такіх захадаў. Заўважаюць толькі, што цэны на перапрацоўку нафты ва Ўкраіне прымальныя, калі нафтагазавыя кампаніі Расеі сталі накіроўваць туды здабытую сыравіну.
У сваю чаргу некаторыя расейскія мэдыі адкрыта выказваюць меркаваньне, што скарачэньне экспарту нафты ў Беларусь і падвышэньне цэнаў на газ да ўзроўню ўсясьветных, пра што папярэджваў беларусаў прэм’ер Расеі Міхаіл Касьянаў, можа спрычыніцца да сыстэмнага паліўнага крызысу. Альтэрнатыўных крыніцаў імпарту нафты ў Беларусі няма.