Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NEUE ZUERCHER ZEITUNG: МАСКВА НАЦІСКАЕ НА РЫЧАГІ


Ул. інф.

Паводле швайцарскага выданьня, пасьля няўдалай спробы выгадна прадаць беларускія прадпрыемствы нафтагазавай галіны, Лукашэнка заявіў, што выплаты зь бюджэту будуць скарочаныя на 60 мільёнаў даляраў. Ці хопіць яму мужнасьці замарозіць сацыяльныя праграмы, невядома. Лідэр дзяржавы марыць пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін.

Тым часам, адрозна ад многіх іншых постсавецкіх рэспублік, Беларусь мае рэпутацыю тэарэтычна пэрспэктыўнай краіны. Гэта вельмі спакойны рэгіён. Крымінальная сытуацыя ў ім знаходзіцца ў межах кантролю. Прамысловая база, якая засталася з савецкіх часоў, цалкам ня вычарпаная. Без перабольшваньня Беларусь належыць да найбольш разьвітых рэспублік былога СССР. Паводле паказьнікаў ўнутранага валавага прадукту на чалавека, Беларусь болей чым у два раза пераўзыходзіць суседнюю Ўкраіну. Да таго ж, беларускае насельніцтва вельмі добра адукаванае. Патэнцыял адмыслоўцаў тут даволі высокі, а сярод насельніцтва назіраецца жаданьне працаваць. Заходнія інвэстары неаднойчы заяўлялі пра сваю цікавасьць да беларускага рынку. І заўсёды перашкодай таму быў аўтарытарны стыль кіраўніцтва менскага лідэра, былога дырэктара саўгасу.

Прэзыдэнт Лукашэнка зьяўляецца сапраўдным адэптам каманднай эканомікі. Свабоднае прадпрымальніцтва ў Беларусі не ўхваляецца. Той мінімум капіталізму, які ўсё яшчэ існуе ў гэтай краіне, Лукашэнка церпіць з прычыны неабходнасьці, а ня ў выніку ўласных перакананьняў.

Зразумела, падобная сытуацыя ня можа не адбіцца на інвэстыцыйным клімаце. Ад пачатку 1991 памер замежных інвэстыцыяў на аднаго беларуса складае ўсяго толькі 30 даляраў.

Што тычыць свабоднай канкурэнцыі, то яе ў Беларусі ня бачна, нягледзячы на тое, што беларускі ўрад, калі ён вымушаны займацца пошукамі валюты, як ні дзіўна, усё ж здольны размаўляць на мове рынку. Беспрацоўе ў краіне складае 2%, але гэта ня ёсьць індыкатарам дынамікі разьвіцьця. Улады ўмешваюцца ва ўсе сфэры жыцьця грамадзтва з дапамогай шматлікіх законаў і дырэктываў. Ад 28-мі камэрцыйных банкаў, якія сёлета зарэгістраваныя ў Беларусі — 10 год таму іх было 50 — дзяржава настойліва патрабуе крэдытаў для затратных прадпрыемстваў або пакупкі каштоўных дзяржаўных папераў.

Як піша Neue Zuercher Zeitung, бяз таннага імпарту газу Беларусь можа апынуцца ў надзвычайнай сытуацыі. Ці здолее Лукашэнка пайсьці на ўмовы Пуціна, застаецца пытаньнем. Што да замежных інвэстараў, то для іх ўвядзеньне расейскага рубля зьявілася жаданым сыгналем стабільнасьці ў рэгіёне. З гледзішча эканомікі, краіна з дапамогай інвэстараў магла б выйграць ад падобнага кроку, — піша Neue Zuercher Zeitung.
XS
SM
MD
LG