Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІДЭОЛЯГІ ЗЬЯВЯЦЦА НА ЎСІХ ПРАДПРЫЕМСТВАХ НЕЗАЛЕЖНА АД ФОРМЫ ЎЛАСНАСЬЦІ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле асабістага распараджэньня А.Лукашэнкі, на прадпрыемствах ствараюцца штатныя адзінкі намесьнікаў кіраўнікоў у ідэалёгіі. Згодна з рэкамэндацыямі Мінпрацы, гэтая пасада можа ўводзіцца як самастойная, або яе функцыі могуць ускладацца на іншую службовую асобу.

Згодна з рашэньнем Мінпрацы, пасаду намесьніка кіраўніка ў ідэалёгіі можа займаць асоба, якая мае вышэйшую адукацыю і стаж працы на кіраўнічых пасадах ня меней за 5 гадоў. Да службовых абавязкаў такога чыноўніка адносіцца валоданьне асновамі ідэалёгіі беларускай дзяржавы, прапаганда яе ўнутранай і замежнай палітыкі. Міністэрствам працы такім супрацоўнікам вызначаны высокі аклад на ўзроўні 19–20-га разраду.

Гаворыць прадстаўніца Мінпрацы Галіна Трафіменка:

(Трафіменка: ) “Нам была каманда пасьля сакавіцкай ідэалягічнай нарады, быў ліст з ідэалягічнай управы Адміністрацыі прэзыдэнта распрацаваць кваліфікацыйную характарыстыку ідэоляга. Мы яе распрацавалі, падрыхтавалі такія патрабаваньні на трох аркушах, але рашэньне — калі ўводзіць гэтыя пасады — будзе прымаць Адміністрацыя прэзыдэнта”.

— зазначыла прадстаўніца Мінпрацы Галіна Трафіменка.

Канчатковае рашэньне Адміністрацыі не прынятае, але чакаецца, што яно будзе датычыць усіх прадпрыемстваў незалежна ад формаў уласнасьці, дзе працоўныя калектывы складаюць больш за 300 чалавек.

Тым ня менш, на буйных прадпрыемствах ужо цяпер уведзеныя пасады ідэолягаў, гэта робіцца незалежна ад таго, дзяржаўнае гэта прадрыемства, акцыянаванае ці замежнае, — гаворыць старшыня прафсаюзу аўтатрактарнага і сельгасмашынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “На гарбу рабочага знаходзяцца гэтыя людзі. А чым яны займаюцца — дык ім дакладна пастаўленая задача, каб не было іншадумства на прадпрыемствах. Цяпер на многіх заводах уводзіцца жорскі рэжым кантролю, праводзяцца вобшукі ў бытоўках, каб не было там улётак і праклямацыяў, каб не трапляла палітычная літаратура… Цяпер ідэалягічная сыстэма будуецца зьверху, міністэрства прамысловасьці мае намесьніка міністра ў ідэалягічнай працы. Зараз яны змагаюцца з прафсаюзамі, перахопліваюць у іх работу зь людзьмі, каб трымаць у падпарадкаваньні працоўнага чалавека”.

Нягледзячы на актыўную ідэалягічную кампанію, на прадпрыемствах — асабліва прыватных і замежных — так і ня ведаюць, што такое новая беларуская ідэалёгія. Гаворыць намесьнік дырэктара замежнага прадпрыемства “Кока-Кола Бэвэрыджыз Беларусь” Аляксандар Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) “Я пакуль не зусім уяўляю кола абавязкаў гэтага чалавека... Ведаеце, пакуль мы мяркуем: як нам гэта зрабіць, калі мы будзем гэта рабіць. Мы думаем, што ўскладзем абавязкі ідэалягічнай працы (у нас, уласна, ёсьць такая праца таксама) на аднаго з нашых супарцоўнікаў. А ў цэлым мы ад ідэалёгіі імкнемся трымацца далей, бо перш за ўсё мы — вытворчая кампанія”.

Дырэктар незалежнага істытуту “Белрад” Васіль Несьцярэнка таксама не разумее сутнасьці сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіі. На гэты конт ён мае ўласнае разуменьне ідэалягічнай працы:

(Несьцярэнка: ) “Я бачу сытуацыю ў Беларусі, бачу, што Чарнобыль недаацэньваюць, бачу, якая катастрофа ўжо пачалася са здароўем дзяцей. Таму, калі мы здароўе дзяцей захаваем, — гэта будзе самая лепшая ідэалёгія. А калі мы зноў шаблённа, як у савецкія часы, будзем яе праводзіць, то ідэалёгія захаваецца, але дзяцей ня будзе, ня будзе каму яе ўспрымаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG