Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКЛАД “ПЕСЬНЯРОЎ” ЗЬБІРАЮЦЦА ЎЗМАЦНІЦЬ ПЕРАМОЖЦАМ “СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ”

Ігар Карней, Менск

Усяго плянам дзяржаўнага ўшанаваньня памяці Ўладзімера Мулявіна акрэсьлена 12 пазыцыяў. Сярод іх помнік, мэмарыяльная дошка і вуліца імя Мулявіна, аднайменны Нацыянальны цэнтар музычнага мастацтва, прэміі, стыпэндыі, музэй Мулявіна ў памяшканьні Філярмоніі ды некаторыя іншыя. Амаль нічога са сьпісу, ухваленага асабіста Лукашэнкам, яшчэ ня зроблена, за выключэньнем ужо заснаваных фэстывальных прэміяў. Зараз робяцца захады да стварэньня цэнтру, які мусіць аб’яднаць лепшыя музычныя сілы краіны. Прынамсі, міністар культуры асабіста запрасіў усіх беларускіх музыкаў, але з умовай, што яны будуць падпарадкоўвацца агульным правілам.

(Гуляка: ) “Нельга быць у дзяржаўным калектыве ды ігнараваць дзяржаўныя ўзаемадачыненьні. У нас такія гіганты, як опэра, балет, аркестар Фінбэрга ўдакладняюць графік гастроляў і камэрцыйныя выступы зь Міністэрствам культуры, бо калектыў на гэты час здымаецца зь дзяржаўнага фінансаваньня і зарабляе самастойна. “Песьняры” цягам апошняга часу працавалі так: едуць на камэрцыйныя гастролі куды хочуць, працуюць на кішэню і праядаюць дзяржаўныя грошы. Так не бывае ні ў адным калектыве. І ня будзе!”

На запрашэньне міністра пакуль ніхто не адгукнуўся. За выключэньнем аднаго зь песняроўскіх адгалінаваньняў пад кіраўніцтвам Валерыя Скаражонка. Калектыў гэты, дарэчы, існуе выключна на паперы, бо тыдзень таму яго пакінулі 20 творчых і тэхнічных супрацоўнікаў. Апроч Скаражонка, у дзяржаўным ансамблі яшчэ працуюць музычны кіраўнік Вячаслаў Шарапаў і дачка Мулявіна Марына. Кантраляваць іхную дзейнасьць будзе адмысловая экспэртная рада зь ліку супрацоўнікаў Філярмоніі ды кампазытараў.

У апазыцыі да Скаражонка зараз дзьве каманды былых паплечнікаў, якія, у сваю чаргу, варожа настроеныя адзін да аднаго — гэта “Беларускія песьняры” і “Песьняры”, якіх зьвёў за сабой Лявон Барткевіч. Чуткі пра іхную магчымую кааліцыю саліст “Беларускіх песьняроў” Валеры Дайнэка катэгарычна абвяргае.

(Дайнэка: ) “Барткевіч ужо 20 год не сьпявае. Да таго ж, у яго нешта з памяцьцю — ён адпрацаваў у ансамблі 8 год, я — 22… — і ня памятае, што быў такі Дайнэка. Затое піша, што ў яго ёсьць пагадненьне зь “Беларускімі песьнярамі” наконт аб’яднаньня. Трызьненьне!.. Зь іншага боку, падтрыманы кімсьці зьверху Скаражонак рвецца ў бойку. Да іх далучаецца Ўхцінскі і Скорыкаў — яшчэ тыя “песьняры”, можаце сабе ўявіць? Пры чым тут “Песьняры”? Насамрэч, усе хочуць гэта расьцягнуць, скрасьці хто ўзмацняльнік, хто магнітафон, замяніць дакумэнты, дастаць дынамікі з калёнак… Усім жа хочацца “халявы”!..”

(Карэспандэнт: ) “Зараз вельмі актуальная пытаньне: будуць “Песьняры” №3?”

(Дайнэка: ) “Могуць быць і чацьвертыя, і пятыя, але як імя дзяліць? Барткевіч падаў дакумэнты на рэгістрацыю — гэтага і трэба было чакаць. Мы таксама колісь падавалі заяву. Але мы — людзі, да якіх прызвычаіліся. Пакаленьні ведаюць нас 20–30 год. Людзям, якія ідуць на канцэрт, мала аднаго брэнду. Ім патрэбнае гучаньне і твары, зь якімі яны разам расьлі”.

Валеры Скаражонак, атрымаўшы згоду Міністэрства культуры, абвесьціў пра набор новага складу каманды. І ў якасьці першага, каму будзе накіравана запрашэньне, можа быць гамяльчук Максім Сапацькоў, пераможца сёлетняга “Славянскага базару” ў конкурсе маладых выканаўцаў.
XS
SM
MD
LG