Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ СЁЛЕТА РЭЗКА РАСТУЦЬ КОШТЫ НА КВАТЭРЫ Ў МЕНСКУ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Елізавета Булацецкая і старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва-XXI” Леанід Злотнікаў.

(Цыганкоў: ) “Cёлета на беларускім рынку нерухомасьці адбывецца незвычайная актыўнасьць і істотны рост кошту на кватэры. Увогуле, за апошнія тры гады, калі мы назіраем рост гэтых коштаў, яны падвысіліся ў далярах на 40–50%. Якія тут асноўныя прычыны, якія эканамічныя падставы для такога працэсу?”

(Булацецкая: ) “Прычынаў некалькі. Па-першае, гэта рост курсу эўра да даляру. Па-другое, попыт на кватэры зараз значна перавышае прапанову. Пры гэтым я б не сказала, што попыт значна вырас за апошнія гады, але значна зьменшылася прапанова.

Тут дзьве прычыны. Па-першае, грамадзянам, якія будавалі кватэры за ільготныя крэдыты, забаранілі прадаваць гэтыя кватэры на працягу трох гадоў пасьля выплаты крэдыту. Па-другое, значна павялічыўся попыт на арэнду жыльля ў Менску. Гэта зьвязана з тым, што за апошні час адчынілася вельмі шмат навучальных установаў, і колькасьць студэнтаў моцна вырасла за апошнія 4-5 гадоў.

Попыт на кватэры, якія будуюцца, таксама павялічыўся з-за таго, што бізнэс у Беларусі сёньня разьвіваецца ня вельмі актыўна, і назапашаныя грошы людзі імкнуцца ўкласьці найперш у жыльлё, бо больш укладаць асабліва няма куды”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Злотнікаў, якая сувязь паміж агульнай эканамічнай сытуацыяй і ростам коштаў на жыльлё?”

(Злотнікаў: ) “Я згодны з тым, што бізнэсоўцы вымушаныя ўкаладаць у нерухомасьць. Але таксама туды ўкладаюць і чыноўнікі, якія маюць хабар ды іншыя незаконныя даходы.

Хачу адзначыць працэс падвышэньня сабекошту вытворчасьці. Будаўніцтва і прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў — гэта вельмі энэргаёмістая галіна. А апошнія гады цэны на энэрганосьбіты істотна растуць, на нафту, газ, мэталы ды іншае. Яшчэ адзін чыньнік — мы ўсе вызначаем цэны на кватэры ў далярах. Але даляр за апошнія гады губляе ў Беларусі сваю пакупніцкую здольнасьць. Напрыклад, ад верасьня 2001-га да сёлетняга верасьня пакупніцкая здольнасьць даляру ўпала ў Беларусі на 30%. І яшчэ адно — у краіне праводзіцца палітыка імпартазамяшчэньня, і гэта адбіваецца на падвышэньні коштаў у многіх галінах, ня толькі ў будаўніцтве”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, яшчэ год таму цагляная кватэра сярэдняга ўзроўню, якая будуецца ў даволі добрым раёне Менску, каштавала 370–390 даляраў за мэтар. Зараз яна каштуе каля 500 даляраў за мэтар. А якія чыньнікі маглі б выклікаць зьніжэньне коштаў на жыльлё ў Беларусі?”

(Булацецкая: ) “Найбольш на сытуацыю на рынку кватэраў магла б паўплываць адмена інстытуту прапіскі ў Беларусі. У нашай дзяржаве ёсьць такая тэндэнцыя, якой няма ў цывілізаваных краінах. Людзі купляюць кватэры якбы “пра запас”, бо чалавек ня ведае, дзе ён ці ягонае дзіцё будзе жыць заўтра. І таму імкнуцца купіць кватэры сабе, дзецям, унукам, ня толькі каб укласьці грошы, але — каб захаваць менскую прапіску. Бо ў нашай дзяржаве гармадзянін ня можа свабодна перамяшчацца ў пошуках працы, вучобы, лепшага месца жыцьця — ён жыве там, дзе ён прапісаны і дзе ў яго ёсьць кватэра. А паколькі ў Менску большы ўзровень заробку, больш магчымасьцьяў для самарэалізацыі, то ўсе імкнуцца ў сталіцу”.

(Цыганкоў: ) “Варта ўзгадаць, што некалькі гадоў таму было прынята рашэньне, што кожны грамадзянін Беларусі, калі купляе кватэру ў Менску, адразу атрымлівае і сталічную прапіску…”

(Булацецкая: ) “Так, гэта таксама часткова паўплывала на рост попыту на менскія кватэры. Яшчэ адна прычына, якая можа паўплываць на зьніжэньне коштаў на нерухомасьць, — гэта рост кошту камунальных паслугаў. Але гэта хутчэй за ўсё адаб’ецца толькі на трох- і чатырохпакаёвых кватэрах. Што да адна- і двухпакаёвых кватэраў, то, на мой погляд, цэны на іх не панізяцца з ростам кошту камунальных паслугаў. Тым ня менш бясконца цэны на менскія кватэры расьці ня будуць — мяркую, яшчэ трошкі, і яны могуць дасягнуць узроўню эўрапейскіх сталіцаў”.

(Цыганкоў: ) “Калі гэты максымум будзе дасягнуты? Колькі яшчэ могуць расьці цэны на кватэры пры захваньні сёньняшніх тэндэнцыяў?”

(Булацецкая: ) “Год-два, але ўжо не такімі хуткімі тэмпамі, як сёлета”.

(Цыганкоў: ) “Ужо гэтай зімой за камунальныя паслугі ў трохпакаёвай кватэры давядзецца плаціць як мінімум сто тысячаў. Ці прымусіць гэта пэнсіянэраў перабірацца ў больш маленькую кватэру, як гэта было ў свой час у Прыбалтыцы, ці пакуль яны застануцца ў трохпакаёвай, не зьніжаючы цэны на яе на рынку?”

(Злотнікаў: ) “Я згодны зь Елізаветай, што цэны на адна- і двухпакаёвыя кватэры будуць і надалей расьці. Што б там не было, які б ня быў попыт, але ніколі цэны на кватэры ня будуць ніжэй за сабекошт. Нішто не абмяжоўвае рост цэнаў на кватэры ў Беларусі. Я ня думаю, што калі сабекошт кватэраў у Менску стане роўным з эўрапейскім, то на гэтым рост цэнаў скончыцца. Напрыклад, вазьміце каўбасу — зараз яна ў Беларусі каштуе даражэй, чым у суседніх краінах. Гэтак будзе і з кватэрамі. Калі палітыка ўраду застанецца той самай, то я магу сьцьвярджаць, што сабекошт кватэраў у Беларусі будзе большым за суседнія краіны”.

(Булацецкая: ) “Ня трэба аднак забываць, што цана залежыць ад попыту і прапановы. Калі прапанова павялічваецца, цана зьмяншаецца. Да 2008 году ўлады зьбіраюцца давесьці аб’ем будаўніцтва ў Менску да мільёну квадратных мэтраў. Па меры таго, як будзе ўзводзіцца ўсё больш жыльля, я думаю, што прапанова значна павялічыцца, а попыт застанецца на тым самым узроўні. Бо гаварыць, што заробкі нашых людзей значна павялічацца, было б занадта аптымістычна”.

(Злотнікаў: ) “Я не зусім згодны. Калі сабекошт будаўніцтва будзе расьці, аніякі попыт не паўплывае так, каб цэны зьнізіліся ніжэй за сабекошт. Адбудзецца іншае — кватэр будуць будаваць значна менш, і ўжо ў наступным годзе іх пабудуюць менш, чым раней”.

(Булацецкая: ) “Я ня думаю, што ў наступным годзе зьменшыцца аб’ём будаўніцтва жыльля. Камэрцыйныя банкі ад сярэдзіны мінулага году пачалі выдаваць валютныя і рублёвыя крэдыты на пакупку і будаўніцтва кватэр. Аб’ём выдадзеных крэдытаў увесь час павялічваецца, і я думаю, будзе расьці далей, бо інфляцыя ў любым выпадку будзе зьніжацца, а значыць, будуць зьніжацца і працэнтныя стаўкі”.

(Цыганкоў: ) “Закрану яшчэ некалькі аспэктаў. Калі б Беларусь была больш адкрытай краінай, сюды прыяжджала б больш замежнікаў, адкрывала тут свой бізнэс, і гэта падвысіла б кошт якаснага жыльля ў цэнтры гораду. І другі аспэкт — працягваецца разьмежаваньне жыльля дарагога і таннага. Дарагое і якаснае яшчэ больш даражэе, а “сацыяльнае”, якое будуе дзяржава, ня будзе расьці ў цане”.

(Злотнікаў: ) “Уздаражэньне якаснага жыльля ў цэнтры адбываецца і дзякуючы намаганьням дзяржавы, бо тут большыя накруткі на інфраструктуру”.

(Булацецкая: ) “На цэны ў далейшым усё больш будзе ўплываць якасьць жыльля. Бо сёньня чалавек купляе “мэтры”, а якія яны, ня вельмі разьбіраецца. Паступова беларусы будуць усё больш зьвяртаць увагу на якасьць жыльля”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG