Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ ПЛЯНУЮЦЬ ЗЬНЯЦЬ ДВА ФІЛЬМЫ ПРА ВАСІЛЯ БЫКАВА


Юры Сьвірко, Менск

Міністры культуры Беларусі й Расеі Леанід Гуляка і Міхаіл Швыдкой правялі ў Менску супольнае паседжаньне калегіяў сваіх міністэрстваў, на якой разглядалі праграму сьвяткаваньня ў наступным годзе чарговых угодкаў перамогі ў вайне.

Але напярэдадні 3 ліпеня — афіцыйнага Дня Незалежнасьці, які раней быў Днём вызваленьня Менску, — прыканцы чэрвеня ў Беларусі будуць адзначыць і іншыя ўгодкі — 80 гадоў з дня народзінаў і першую гадавіну з дня сьмерці Васіля Быкава, які стаў галоўным прадстаўніком беларускай ваеннай прозы. Ці ўваходзіць ушанаваньне памяці народнага пісьменьніка ў пляны сьвяткаваньняў перамогі?

Адказваючы на гэтае маё пытаньне, расейскі міністар культуры Міхаіл Швыдкой распавёў, што на расейскай студыі дакумэнтальных фільмаў ёсьць заяўка на кінастужку пра Васіля Быкава, і ў 2004 годзе такі фільм, як чакаецца, будзе зроблены.

(Швыдкой: ) “Я думаю, што творчасьць Быкава, які пісаў пра вайну, быць можа, як мала хто ўвогуле ў беларускай, расейскай прозе другой паловы XX стагодзьдзя, у Расеі ніколі не падвяргалася ніякім сумневам. Кнігі ягоныя выходзілі, і стаўленьне да пісьменьніка было заўжды паважным. Таму натуральна, што мы казалі аб тым, што трэба, добра было б выдаць гэткую беларуска-расейскую білінгву ваеннай прозы”.

Спадар Швыдкой дадаў, што разумеючы падтэкст пытаньня, хоча заявіць: стасункі паміж мастаком і ўладай заўжды вельмі складаныя, і даволі часта гэта трагічная тэма. Гэты канфлікт заўжды закладзены ў прыродзе любой творчасьці, мяркуе міністар культуры Расеі.

Але ягоны беларускі калега Леанід Гуляка не пагадзіўся з гэтай думкай:

(Гуляка: ) “Безумоўна, год, які споўніцца ў наступным годзе з дня сьмерці Быкава, ня будзе не заўважаным у рэспубліцы. Паміж уладай і Быкавым асаблівых канфліктаў і не было, як вы ведаеце. Некаторыя канфлікты больш падаграваліся і правакаваліся, чым яны існавалі насамрэч”.

Спадар Гуляка (які быў прызначаны старшынём камісіі ў справе арганізацыі пахаваньня Васіля Быкава, але сышоў з цырымоніі, пабачыўшы там нацыянальную беларускую сымболіку) дадаў, што Быкаў у кнігах і на экранах прысутнічае. Ёсьць задумка Белвідэцэнтру таксама стварыць фільм пра пісьменьніка і шэраг плянаў выдаць ягоныя творы, перадусім збор твораў. Міністар культуры Беларусі таксама заявіў:

(Гуляка: ) “Тэма Васіля Быкава для нас вельмі неабыякавая. І абсалютна кладзецца ў рамках, так бы мовіць, узаемадачыненьняў дзяржавы і творчай асобы без усялякіх націсканьняў і перабольшваньняў”.

Аднак для ўключэньня гэтай тэмы Быкава ў плян сьвяткаваньня 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстаў падставаў не знайшлося. Паводле міністра культуры Расеі, тады давялося б уключаць для карэктнасьці й расейскіх пісьменьнікаў, якія пісалі пра вайну.

Але ў разьдзеле літаратуры і кінематаграфіі быкаўскія творы абавязкова будуць, паабяцаў спадар Швыдкой і дадаў: “Няма ніякіх штучных перашкодаў для таго, каб мы паставіліся да памяці Быкава так, як ён таго заслугоўвае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG