Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАВЕЦ ПАТРАБУЕ ПАКАРАНЬНЯ МІЛІЦЫЯНТАЎ

Любоў Лунёва, Менск

19-гадовага студэнта Музычнай акадэміі Аляксея Лабадзінскага затрымалі на аўтобусным прыпынку міліцыянты Палаўчэня і Чубанаў. Хлопец вяртаўся з заняткаў у інтэрнат. Міліцыянты заўважылі, што ён чытаў газэту “Бастыён”, якую выпускае Партыя Свабоды. Аляксея затрымалі й павялі ў пункт правапарадку. Вось як сам Аляксей распавёў пра гэта Радыё Свабода…

(Лабадзінскі: ) “У мяне ў пашпарце ляжала візытоўка сябры Маладога Фронту і тэлефоны Ўправаў. Яны паглядзелі і пачалося яшчэ болей… Зноў ударылі па рэбрах, цяпер дубінкай. Потым той, які мяне біў, кажа другому: “Давай зробім плякат”. А той: “А як гэта?” Той засьмяяўся, пайшоў, нейдзе з-за стала ўзяў клей. Адзін казаў, каб я не варушыўся, а другі — выліў клей мне на валасы і галаву прытуліў да сьцяны. Казаў: “Сядзі тут. Будзеш наглядным дапаможнікам для астатніх”.

Я зьвярнулася да начальніка апорнага пункуту сп. Вераб’я. Ён спаслаўся на тое, што супрацоўнікі патрульна-паставой службы — не ягоныя падначаленыя, і прачытаў пратакол, які яны склалі:

(Верабей: ) “Напісалі, што ён быў у стане таксычнага ап’яненьня… “З роту пах клею”. Во! Так і напісалі… Глядзіце”.

Артыкул 159 Адміністратыўнага кодэксу, паводле якога склалі пратакол, прадугледжвае адказнасьць за ўжываньне алькагольных напояў у грамадзкім месцы. Нават, калі міліцыянты хацелі абвінаваціць Аляксея ў тым, што ён таксыкаман і быў пад уплывам наркотыкаў, то й тут яны памыліліся, бо таксыкаманы клей ня п’юць, а нюхаюць.

Аляксей Лабадзінскі зьвярнуўся ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну па накіраваньне на зьняцьцё пабоеў і са скаргаю на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

(Аляксей: ) “У мяне такое адчуваньне, што мы жывем, як пелі “NRM”, у краіне падземных жыхароў. Адчуваньне, што акунулі ў бочку з брудам”.

Цяпер пракуратура мусіць правесьці службовую праверку і прыняць адпаведныя захады пракурорскага рэагаваньня.

За апошнія некалькі месяцаў пракуратура прыцягнула да адказнасьці некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў патрульна-паставой службы за злоўжываньні службовым становішчам. Некалькі патрульных Маскоўскага раёну адбываюць пакараньне за зьбіццё і катаваньні людзей.

Нягледзячы на гэтыя факты, новы закон надае больш паўнамоцтваў супрацоўнікам менавіта гэтай службы. Згодна зь ім міліцыянты ППС могуць затрымаць чалавека на вуліцы і пратрымаць тры гадзіны ў пастарунку толькі за тое, што ён ім падаўся падобным на нейкага злачынцу. Звычайна ўжываецца фармулёўка: “Нам трэба высьветліць Вашую асобу.” Людзі пішуць скаргі ў пракуратуру, але там адказваюць, што затрыманьне цягам трох гадзінаў адпавядае заканадаўству.
XS
SM
MD
LG