“Жыхары Менску апошнім часам сталіся сьведкамі дзіўных сцэнаў: рабочыя ўключаюць на ўсю моц газонакасілкі, каб заглушыць галасы настаўнікаў беларускага ліцэю, што вымушаныя ладзіць заняткі на вуліцы, пасьля таго, як апошні і найбольш эксцэнтрычны дыктатар Эўропы - Аляксандар Лукашэнка - закрыў гэтую навучальную ўстанову”, - так пачынаецца матэрыял ў апошнім нумары газэты TIMES. Далей аўтар артыкулу, Роджэр Бойз, піша:
“Рэч у тым, што ў Беларускім Нацыянальным гуманітарным ліцэі наважыліся выкладаць па-беларуску, а гэта абраза для спадара Лукашэнкі, які ўсяляк спрабуе русыфікаваць адукацыйную сыстэму ў краіне. А ў гэтай навучальнай ўстанове можна было яшчэ і разважаць пра такія крамольныя паняткі як “дэмакратыя”, таму беларускі кіраўнік безапэляцыйна назваў яе “гняздом апазыцыі”. Ліцэй закрылі быццам бы на “рамонт”, а калі настаўнікі пры дапамозе бацькоў ды прыхільнікаў беларускае справы распачалі заняткі на грубых драўляных лаўках, апэратары КГБ здымалі ўсё на стужку, але ад разьмінкі з дубінкамі гэтым разам устрымаліся...”
“Яны дастаткова разумныя, каб ня ведаць, што ў выпадку разгону заняткаў, створаць мучанікаў”, - цытуе TIMES словы адной з настаўніцаў ліцэю.
Далей Роджэр Бойз піша пра беларускую моладзь, якая, на ягоную думку, становіцца галоўнай сілай у антылукашэнкаўскай апазыцыі:
“У Менску можна пабачыць, як малады чалавек у масцы з тварам Лукашэнкі ўцякае праз сквэр, а за ім бягуць людзі ў белых халатах ды крычаць: “затрымайце яго, бо ўцячэ”, – піша TIMES ды ў якасьці заключнага слова падае словы рэдактара забароненай газэты “Навінкі” Паўлюка Канавальчыка.
(Канавальчык: ) “Моладзь, школьнікі, ліцэісты – гэта новая апазыцыя, якая займае месца старэйшых, стомленых змаганьнем нацыяналістаў, якія так і не змаглі да канца ачуняць пасьля зьнікненьня іхнага найбольш харэзматычнага лідэра Віктара Ганчара”.
Апрача падзеяў вакол нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, у артыкуле “Моладзь не дае згаснуць іскры супраціву супраць апошняга дыктатара Эўропы” Роджэр Бойз піша таксама пра Менск, які са сваёй халоднай чысьцінёй ды міліцыянтамі, што адразу скручваюць любога бяздомнага ці бабульку, якая хоча прадаць сваю цыбулю, на ягоную думку ёсьць сымбалем таго Новага Сьвету, які апантана будуе Лукашэнка. Сьвету, які ўжо названы “савецкай капсулай часу”.