Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ КАРЫСТАЮЦЦА БЕЛАРУСКІЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ ЭЛЕКТРОННЫМ ГАНДЛЕМ? НОВАЯ КНІЖКА Ў СЕЦІВЕ ПРА БЕЛАРУСКУЮ ГІСТОРЫЮ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) “У лістападзе ў Менску пройдзе 5-я Міжнародная канфэрэнцыя “Электронны гандаль у краінах СНД і ўсходне-эўрапейскіх краінах”. Паводле арганізатараў, у Беларусі ўжо звыш 1400 прадпрыемстваў маюць уласныя сайты. Адмыслоўцы, аднак, кажуць, што трэба называць гэта проста ўэб-старонкамі, бо да паўнавартасных сайтаў ім вельмі далёка. Тым ня менш беларусы пасьпяхова гандлююць празь Інтэрнэт нават панчохамі. Пра тое, як беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць электронны гандаль, распавядае Юры Сьвірко”.

(Сьвірко: ) “Беларусь ня ёсьць лідэрам у электронным гандлі, бо, нават паводле арганізатараў канфэрэнцыі, для разьвіцьця электроннага бізнэсу ключавымі чыньнікамі ёсьць наяўнасьць тэлекамунікацыйнай інфраструктуры, адпаведнай заканадаўчай базы, вялікай аўдыторыі карыстальнікаў. Патрэбныя таксама новыя тэхналёгіі ды гатовасьць прадпрыемстваў іх укараняць.

Але прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Барыс Паньшын, які дасьледуе праблемы электроннага гандлю, сьцьвярджае, што ў Беларусі працягваюць складвацца спрыяльныя ўмовы для гэтага — расьце колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэту і сайтаў, створаных прадпрыемствамі. Такіх ўэб-старонак ужо больш за 1400. Да таго ж разьвіваецца інтэрнэт-банкінг і сыстэмы банкаўскіх картак. Але спадар Паньшын заклікае адрозьніваць электронны гандаль ад электроннай камэрцыі”.

(Паньшын: ) “Усё, што датычыць выкарыстаньня плацёжных сыстэмаў, гэта ўжо больш называецца электронная камэрцыя, калі сапраўды адразу ідзе наўпроставы гандаль. А ў Рэспуліцы Беларусь пакуль не адпрацаваныя плацёжныя мэханізмы. Гэта будзе больш у патэнцыяле. Хаця ў нас і сыстэмы дастаўкі нармальна працуюць, і сыстэмы замоваў празь Інтэрнэт. То бок жыцьцё сваё прадыктавала. Але электронны гандаль нагэтулькі электронны, наколькі электронны дакумэнтазварот”.

(Сьвірко: ) “Прафэсар Паньшын падкрэсьліў, што электронны гандаль улучае ў сябе пытаньні кансалтынгу, інфармаваньня, рэклямы. А кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў і маркетынгавых службаў усё больш разумеюць, што посьпех іхнай экспартнай дзейнасьці ў значнай ступені будзе залежаць ад прасоўваньня камэрцыі на электронным рынку. Барыс Паньшын мяркуе, што лякаматыў электроннага гандлю далёка адарваўся ад сваіх вагонаў — службаў маркетынгу і продажаў розных прадпрыемстваў. Зьмест іх сайтаў структурна і сыстэмна не гатовы да ўключэньня ва ўсясьветную маркетынгавую машыну. Таму для беларускіх прадпрыемстваў быў створаны агульны адмысловы сайт — www.export.by, кажа прафэсар Паньшын”.

(Паньшын: ) “Сайт Export.by арыентаваны на вонкавы сьвет і галоўнай яго мэтай ёсьць мэтаінфармацыя, кажучы навуковай мовай. То бок, у самай сьціслай форме даць замежнаму меркаванаму спажыўцу, інвэстару, бізнэсоўцу зьвесткі пра асноўныя прадпрыемсты-экспартэры Беларусі, хутка забясьпечыць выхад на іхныя сайты, калі яны ёсьць”.

(Сьвірко: ) “Спадару Паньшыну асабіста падабаюцца ўэб-сайты Мінсельсгасхарчу, як прыклад высокай інфармацыйнай дысцыпліны, бо зьвесткі там увесь час абнаўляюцца, а таксама Беларускай чыгункі. Пра апошні мы ўжо расказвалі ў аглядзе транспартных сайтаў тыдзень таму.

А прыкладам сайту, скіраванага на продаж прамысловай прадукцыі, можа быць старонка Берасьцейскага панчошнага камбінату — www.bchk.ru. Начальнік вылічальнага цэнтру камбінату Аляксандар Сілівончык заяўляе, што ўэб-сайт вельмі дапамагае рэалізоўваць прадукцыю на экспарт”.

(Сілівонік: ) “Cама статыстыка, наколькі часта прадаем празь Сеціва, адсутнічае. Будзем казаць: галоўнае — хуткасьць зносінаў. На сайце ёсьць прайс-ліст, то бок, кошт наш прыблізны. Ёсьць структура і здымкі нашых вырабаў. Ліст уваходу — кантролю, хто да нас заходзіць. Наведнікаў шмат, але з усялякай лухтой лезуць, нават не канкрэтна наконт нас. Але празь яго мы з палякамі з сыравінай працавалі — шукалі ў Польшчы сыравіньнікаў, зь Нямеччынай кантактавалі… Па факсе ці нейкім іншым чынам — гэта ня тое.

(Сьвірко: ) “Адметнасьць бальшыні сайтаў прамысловых прадпрыемстваў — гэта выкарыстаньне толькі расейскай і ангельскай моваў. Прычым для англамоўнага карыстальніка спалучэньне кшталту bchk.ru нічога ня кажуць (гэта расейская абрэвіятура БЧК — “Брестский чулочный комбинат”).

Менскія прамысловыя прадпрыемствы таксама сьледуюць гэтай традыцыі. Калі сайт гадзіньнікавага заводу Luch.by яшчэ можна патлумачыць гандлёвай маркай, бо няма гадзіньнікаў з назовам “Прамень”, дык сайт піўнога заводу — Krinitsa.by (зь дзьвюма літарамі “і”) — зьдзіўляе сваім расейскім акцэнтам. Беларускай назвай можна лічыць хіба толькі старонку менскага заводу “Калібр” — www.kalibr.com, аднак для англамоўнага карыстальніка гэта зноў жа загадкавае спалучэньне”.

* * *
(Цыганкоў: ) “Чаму Аляксандар Неўскі насіў герб “Пагоня”? На якой мове пісаў князь Вітаўт? Ці належыла Масква да ВКЛ? Што маглі рабіць беларусы на Кулікоўскай бітве? Сваю вэрсію адказаў на гэтыя ды процьму іншых пытаньняў прапануе ў інтэрнэце Ігар Літвін. Па адрасе www.litvin.org аўтар разьмясьціў сваю кніжку пад назвай “Згублены сьвет, або Малавядомыя старонкі беларускай гісторыі”. Распавядае Севярын Квяткоўскі…”

(Квяткоўскі: ) “Разбурэньне мітаў — такой фразай я б азначыў звышідэю кнігі. “Згублены сьвет” чытаецца адным дыхам, як захапляльны дэтэктыў. Форма твору — публіцыстыка і аналітыка адначасова. Ігар Літвін разглядае гістарычныя факты праз прызму сучасных ідэалёгіяў, якія пануюць у беларускіх галовах — найперш расейскія ідэалягічныя ўстаноўкі. Цытую Ігара Літвіна…

“Пра ўзровень кампэтэнтнасьці расейскіх гісторыкаў можна меркаваць хаця б паводле поўнага няведаньня пра бітву пад Воршай, якая адбылася 8 верасьня 1514 году. Гэта адна з самых вялікіх катастрофаў расейскага войска. Параза 80-тысячнага войска ад 30-тысячнага беларуска-польскага атраду пад камандаваньнем Канстанціна Астрожскага саступае маштабамі, хіба што, толькі 22 чэрвеня 1941 году”.

На сайце Litvin.org аўтар просіць пра дапамогу ў перакладзе кнігі на беларускую мову паводле “тарашкевіцы”. Тое, што кніга апублікаваня па-расейску выглядае невыпадковым. Выглядае, што аўтар кіруецца на расейскую і беларускую расейскацэнтрычную аўдыторыі. Бо ж, наўрад ці беларускаму чытачу трэба даводзіць рэчы, якія сталіся аксыёмамі: пра веліч бітвы пад Воршай, пра беларускамоўнасьць эліты ВКЛ, пра старажытнасьць і незалежнасьць першае беларускае дзяржавы — Полацкага княства, ды шмат чаго іншага. Але кніжка раскрывае ракурсы гісторыі, якія зацікавяць дасьведчаных беларускіх чытачоў. Кажа супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Міхась Чарняўскі…”

(Чарняўскі: ) “Тут нашыя некаторыя гісторыкі-прафэсіяналы зь Інстытуту чыталі. Можа, крыху скептычна паставіліся да гэтай кніжкі. Але я лічу, што такая гістарычная літаратура, такія гістарычныя творы патрэбныя, асабліва ў нас, у Беларусі”.

(Квяткоўскі: ) “Напярэдадні 8 верасьня варта было яшчэ раз згадаць ня толькі бітву пад Воршай 1514 году. Але й Кулікоўскую бітву 1380 году, якая, як мяркуюць, адбылася таксама 8 верасьня. Ігар Літвін ставіць пад сумнеў маштабы бітвы, ейнае месца, значэньне, ролю беларусаў у ёй, а таксама склад удзельнікаў”.

(Чарняўскі: ) “Гэта такая гісторыя — выклік устойлівым стэрэатыпам, пазыцыям, меркаваньням. Завостраная, яна можа раздражняць некаторых чытачоў. Асабліва тых, якія лічаць сябе спэцыялістамі. Галоўнае, што яна абуджае чалавечую думку. І абуджае ў чытача цікавасьць да нашай беларускай мінуўшчыны”.

(Квяткоўскі: ) “Ігар Літвін ня мае гістарычнае адукацыі. Тым ня менш, ён уражвае прафэсіяналаў сваёй эрудыцыяй. Вось водгук Уладзімера Арлова (цытую): “Няма сумневу ў тым, што кніга Ігара Літвіна пры ўмове яе выданьня (прычым абавязкова ў перакладзе на беларускую мову), знойдзе шырокую чытацкую аўдыторыю, станецца падставаю для дыскусіі, і ўрэшце рэшт паслужыць той мэце, дзеля якой створаная — ператварэньню Беларусі ва ўтульны дом для ўсіх нас”.

Апрача ўласна кнігі “Згублены сьвет”, наведнік сайту www.litvin.org зможа паўдзельнічаць ў “Беларускім гістарычным форуме”, адказаць на актуальныя апытанкі, а таксама знайсьці спасылкі на іншыя тэксты, датычныя таямніцаў беларускае гісторыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG