Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СПРЭЧЦЫ ЗА АЎТАРСТВА “СКАЗУ ПРА ЛЫСУЮ ГАРУ” РЫГОР БАРАДУЛІН НА БАКУ МІКОЛЫ АЎРАМЧЫКА


Ігар Карней, Менск

Днямі ў інтэрвію для Радыё Свабода жорстка на гэтае прызнаньне адрэагаваў паэт Мікола Аўрамчык, які сказаў, што паэма была напісаная разам, і спробы Гілевіча прыпісаць заслугі выключна сабе, мажліва, будуць абскарджаныя ў судзе. Што думаюць з нагоды канфлікту людзі, якіх у свой час наўпрост падазравалі ў напісаньні “Сказу...”?

Рыгору Барадуліну аўтарства паэмы прыпісвалі ледзьве не ад пачатку. Як сам ён паставіўся да скандалу ў пісьменьніцкім асяродку?

(Барадулін: ) “Гілевіч — гэта паплавок, які баіцца, што яго забудуць. Сталіна, дарэчы, ня столькі партрэтаў усюды вісела, і ўсё адно пра яго забыліся. Справа ў тым, што ня трэба рабіць з усяго дысыдэнцтва. Гілевіч, каторы кандыдат у члены ЦК КПБ, хоча ператварыць сябе ў дысыдэнта — гэта сьмешна і адначасна страшэнна непрыемна... Аўрамчык — гэта чалавек рэдкай душэўнай чысьціні, чалавек, які вынес такія пакуты палону... Таму я на баку Аўрамчыка, тым больш, што Гілевіч аб’ектыўна ня мог пісаць пра Лысую гару, бо ні дня ня быў на гэтых лехах. У Аўрамчыка ёсьць усе чарнавікі, рукапісы. Дрэнна, што ў той час, як неабходна думаць — як выжыць, як захаваць незалежнасьць, чалавек пачынае пяцца... Ёсьць такая прыказка: калі Бог хоча пакараць чалавека, ён адымае ў яго розум”.

Паводле прызнаньня Міколы Аўрамчыка, сярод тых, хто ведаў праўду пра “Сказ...” ледзьве не ад пачатку, быў Янка Брыль. Аўрамчык, каб перастрахавацца наконт аўтарства, расказаў сваім бліжэйшым сябрам, што спрычыніўся да напісаньня паэмы. Сёньня Янка Брыль у вельмі складаным становішчы: ня хочучы нікога пакрыўдзіць, ён пакідае за Аўрамчыкам і Гілевічам магчымасьць самастойна высьвятліць адносіны.

(Брыль: ) “Мяне не цікавіць гэтая гісторыя. Я ў яе ня ўмешваюся. Гэта мае два сябры, няхай самі між сабой разьбіраюцца. Я ў гэтую справу ўмешвацца ня буду”.

А вось пісьменьнік Валянцін Тарас, які спрабаваў аналізаваць паходжаньне “Сказу...” яшчэ 20 год таму, лічыць, што ў выпадку працяглых спрэчак давядзецца зьвяртацца да літаратурных экспэртаў.

(Тарас: ) “Я калі выказваў свае меркаваньні, то, магу зараз прызнацца, ня думаў, што аўтарам мог быць Гілевіч. Але калі ў кагосьці ўзьнікнуць нейкія сумневы, і гэта выкліча працяглую дыскусію ў літаратурным асяродку, то ёсьць такія рэчы, як літаратурная экспэртыза: калі вельмі захочаццца даказаць, што гэта ня Ніл Гілевіч, трэба зьвяртацца да экспэртаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG