Сёлета ўвесну Мікалай Даўгалецкі выступаў сьведкам у часе судовага працэсу над Валерыем Невушавым – былым віцебскім мэрам, а пасьля дырэктарам яшчэ аднаго нямецкага прадпрыемства «Вітэлла», які быў абвінавачаны ў падобных злачынствах. Крымінальную справу супраць спадара Невушава таксама ініцыявала абласная управа КГБ. Нягдедзячы на тое, што нямецкі бок абвергнуў абвінавачаньне, Валеры Невушаў быў асуджаны і цяпер адбывае тэрмін пакараньня.
Што датычыць спадара Даўгалецкага, то яшчэ ўвесну гэтага году нямецкае кіраўніцтва – сусьветна вядомы канцэрн «Швартау» -- перарвала зь ім кантракт, пазбавіўшы яго пасады дырэктара прадпрыемства «Вікас – прадукты харчаваньня». Аднак на прадпрыемстве не ўдакладняюць, ці зьвязана гэта з вынікамі фінансавай праверкі, якую праводзілі экспэрты зь Нямеччыны, або з наяўнасьцю ва ўправе КГБ нейкай уласнай інфармацыі.