Папярэдне навукоўцы абсьледавалі ў гэтай мясцовасьці 35 архэалягічных стаянак, большасьць зь якіх раней не былі вядомыя. На мінулым тыдні зрабілі замеры, аказалася, што 33 стаянкі зьнікнуць пад вадой цалкам або часткова.
Гэтыя стаянкі, як сказаў Міхась Чарняўскі, павінны грунтоўна дасьледаваць архэолягі. Наконт гэтага існуе цяпер ўрадавая пастанова, прычым аплаціць выдаткі павінен заказчык будаўніцтва. Міхась Чарняўскі зазначыў, што ў другой палове 90-х гадоў, калі празь Беларусь цягнулі газавод “Ямал—Заходняя Эўропа”, будаўнікі пашкодзілі шмат архэалягічных помнікаў. Перад будаўніцтвам Нёманскай ГЭС навукоўцам выпала вельмі вялікая праца. Раскопкі трэба зрабіць за тры сэзоны. Паводле Міхася Чарняўскага, у Беларусі літаральна 15-20 чалавек, якія прафэсыйна займаюцца раскопкамі падобных старажытных стаянак. У Польшчы такіх людзей прынамсі тысяча, сказаў ён.
(Карэспандэнт: ) “Як зьбіраюцца дзейнічаць архэолягі? Бо выглядае, што сёлетні архэалягічны сэзон закончыўся?”
(Чарняўскі: ) “Так, але, напэўна, з пачатку кастрычніка давядзецца раскопваць першую стаянку. Яна – побач зь месцам абводнага каналу, які пракапаюць побач з плацінай. Працы будзе шмат, і яна будзе пякельная.”
Даўжыня стаянкі больш за 200 мэтраў, шырыня – 50. Увесь грунт трэба прасеяць праз рэшата. Спатрэбіцца адных рабочых чалавек 50. Мяркуецца, што ім будуць няблага плаціць. Трэба ўлічыць, што зямля пачне замярзаць. А працаваць хутчэй за ўсё давядзецца і ў лістападзе, увогуле—да самага сьнегу, да маразоў. Стаянка гэтая, дарэчы, прыблізна часоў мэзаліту, людзі жылі там недзе ад 6 да 8 тысячаў гадоў таму. Умоўная назва стаянкі—“Жылічы-1”—паводле назвы вёскі.
Каля вёскі Коматава пад вадой апынецца сярэдневечны могільнік. Хавалі нябожчыкаў там прыблізна з 14 да 18 стагодзьдзя. Захаваліся старыя крыжы, у пазьнейшы час могілкі былі ўніяцкімі. Навуцоўцы дасьледуюць кожнае пахаваньне, замераюць чарапы, каб вызначыць антрапалягічныя асаблівасьці, зробяць апісаньне і замалёўкі крыжоў, надмагільляў. Усе косткі потым перазахаваюць на высокім месцы, напэўна гэта адбудзецца з удзелам сьвятара. Калі гэта не зрабіць, вада з часам пачне размываць магілы, і парэшткі будуць трапляць у вадасховішча. Карацей, могілкі абавязкова перанясуць.
Знойдзеныя пры раскопках рэчы трапяць у гарадзенскі гісторыка-архэалягічны музэй, што разьмяшчаецца ў двух былых каралеўскіх замках, якія стаяць на высокім нёманскім беразе.