Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСКОЛ У ЛІБЭРАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ


Ганна Соусь, Менск

На восьмым зьезьдзе Лібэральна-Демакратычнай партыі Беларусі частка кіраўнікоў цэнтральнага апарту і абласных арганізацыяў абвінавацілі Сяргея Гайдукевіча ў аўтарытарным стылі кіраваньня, а таксама ў правале апошніх выбарчых кампаніяў. Сяргей Гайдукевіч пакінуў зьезд разам са сваімі прыхільнікамі. Дэлегаты, якія засталіся ў залі, прынялі папраўкі да статуту партыі, у прыватнасьці, ліквідавалі пасаду старшыні, а яго функцыі перадалі Вышэйшай Радзе.

Як распавёў сёньня для Радыё Свабода Сяргей Гайдукевіч, ён загадзя ведаў пра тое, што рыхтуе яму апазыцыя на зьезьдзе.

(Гайдукевіч: ) “Я пайшоў на гэта абсалютна адкрыта. А гавораць: “аўтарытарызм”. А я ж мог перанесьці зьезд, мог зьняць любога кіраўніка абласной, раённай арганізацый партыі. Калі заставалася 45 хвілінаў да канца зьезду, я сказаў, што зараз сыходжу са зьезду і ўсіх маіх прыхільнікаў прашу пакінуць памяшканьне. І няхай тыя, хто лічаць, што ў іх новы шлях у партыі, застануцца, і пабачаць колькі ў іх дэлегатаў. Паводле рэгістрацыі ў зьезьдзе браў удзел 221 чалавек, сыйшлі больш за 137 чалавек. 127 чалавек распісаліся, усе адпаведныя дакумэнты перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі разам зь відэазапісам. А ў іх павінна было застацца дзьве траціны дэлегатаў, толькі тады зьезд будзе правамоцным. А ў іх нават не засталося й паловы. Паколькі зьезд яшчэ не прызнаны нікім, то я забавязаны прыйсьці ў Міністэрства юстыцыі ды здаць пячатку і пасьведчаньне рэгістрацыі. Што я і зрабіў”.

Як паведаміў сёньня Радыё Свабода начальнік управы грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў Міністэрства юстыцыі Міхаіл Сухінін, ніякіх дакумэнтаў ён пакуль не атрымліваў.

(Сухінін: ) “Ня памятаю. Гэта да мяне не паступала. Сёньня панядзелак, а зьезд калі быў? У пятніцу?”

(Карэспандэнтка: ) “У суботу”.

(Сухінін: ) “У суботу быў? Прабачце, нічога ня ведаю”.

Гэта быў прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Міхаіл Сухінін. А як зазначыў ягоны намесьнік Алег Сьліжэўскі, пакуль сытуацыя ня вывучаная, Міністэрства юстыцыі яе камэнтаваць ня будзе.

Сёньня ж я зьвязалася зь сябрам Вышэйшае Рады Лібэральна-Дэмакратычнай партыі Алегам Маркевічам, які на зьезьдзе публічна абвінаваціў Гайдукевіча ў аўтарытарызьме. Паводле Маркевіча, расколу ў Лібэральна-Дэмакратычнай партыі ня будзе.

(Маркевіч: ) “Тая маленькая групка людзей, якія сыйшлі за Гайдукевічам і былі кінутыя ім на вуліцы, калі ён сеў у аўтамабіль і зьехаў, пачынаюць проста разьбірацца — у чым справа. Партыя была, ёсьць і будзе. На сёньняшні дзень мы працуем у офісе партыі па юрыдычнаму адрасу. У нас задзейнічаныя ўсе тэхнічныя работнікі, але чамусьці тут няма Гайдукевіча. Канечне, Міністэрства юстыцыі разьбярэцца, можа, зойме нейкую пазыцыю чаканьня”.

Гэта быў сябра Вышэйшае Рады Лібэральна-Дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Маркевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG