Калектыў Ліцэю вырашыў спыніць заняткі на вуліцы і перайсьці пад дах. Дзеці й выкладчыкі даволі хутка адаптаваліся ў новых умовах.
Я прысутнічала на ўроку беларускай мовы, які праводзіла Валянціна Сяўковіч. Навучэнцы трэцяга курсу ўважліва слухалі і канспэктавалі. Напачатку ўрока ўсе пісалі кантрольны тэст, каб узгадать тое, што вывучалі летась. Ганна Косава, навучэнка трэцяга курсу, на перапынку падзялілася сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода:
(Ганна: ) “Мы ўсё ж такі ўсе разам засталіся. Адчуваецца, што ўсе сябры разам і нейкая падтрымка ёсьць”.
(Карэспандэнтка: ) “Вы будзеце ў гэтым памяшканьні ўвесь дзень?”
(Гана: ) “Не, у нас тут толькі беларуская мова, а потым матэматыка будзе ў іншым месцы”.
Заняткі будуць мець характар кансультацыяў. На думку кіраўніка Ліцэю Ўладзімера Коласа, гэта — адзінае выйсьце ў экстрэмальных умовах. Больш часу выкладчыкі вызначылі для навучэнцаў першага і другога курсаў.
(Колас: ) “Мы нашых навучэнцаў ня кінем ні ў якіх умовах. Пакуль усё адбываецца, як і было задумана. Сёньня раніцай мы сабраліся на кароткую нараду, на якой мы вырашылі думаць пра форму правядзеньня заняткаў, у адпаведнасьці з сытуацыяй, у якую мы трапілі. Мы надаем перавагу заняткам у форме кансультацыяў. Больш увагі будзе надавацца навучэнцам першага і другога курсаў — гэта, адпаведна, восьмая і дзявятая клясы. Вучні старэйшых клясаў будуць вучыцца паводле самастойных праграмаў”.
Пакуль навучэнцы трэцяга курсу займаліся ў памяшканьні, на ганку сабраліся дзеці, якія сёлета паступілі ў Ліцэй. У іх павінен быць урок расейскай мовы. Аляксандра Валодзіна добра здала ўсе экзамэны і вяртацца ў сваю школу адмовілася.
(Аляксандра: ) “У нас мала памяшканьняў, дзе мы можам займацца. Там цяпер займаецца трэці курс, таму мы чакаем на вуліцы. Потым мы туды пойдзем і будзем займацца. А нас будуць чакаць іншыя курсы”.
(Карэспандэнтка: ) “Вам падабаецца так вучыцца?”
(Аляксандра: ) “Не, але для таго, каб атрымаць высокі ўзровень адукацыі, які нам можа даць Ліцэй, я згодная хадзіць ад будынка да будынка. Мы спадзяемся, што хутка вернемся ў свой будынак. Ня могуць нас доўга трымаць на вуліцы… Мы дзеці! Я ўпэўненая, што ўлады вернуць нам будынак на вуліцы Кірава, дзе мы раней займаліся, ці дадуць нам іншы будынак”.
Увечары ля брамы зачыненага Ліцэю бацькі разам з выкладчыкамі правялі сход. На ім яны разам выпрацоўвалі тактыку далейшых дзеяньняў.