Кіраўнік ураду Расеі Міхаіл Касьянаў апэратыўна адрэагаваў на зварот “Газпрому” пра скасаваньне адзінай цэнавай палітыкі зь Беларусьсю ў газавай галіне і пра спыненьне перамоваў наконт стварэньня супольнай газатранспартнай кампаніі. Спадар Касьянаў заявіў, што пагадненьні зь Беларусьсю ў газавай галіне могуць быць перагледжаныя ў найбліжэйшы час, што ён даручыў міністэрствам і ведамствам прааналізаваць сытуацыю і падаць у кароткія тэрміны свае прапановы.
Тым часам ужо ў кастрычніку пачнуцца перамовы пра цану на газ для Беларусі на будучы год, пра гэта паведаміў Радыё Свабода начальнік інфармацыйна-аналітычнай управы “Газпрому” Ігар Плотнікаў. Вось што ён сказаў пра пазыцыю “Газпрому” на гэтых перамовах:
(Плотнікаў: ) “Пазыцыя “Газпрому” заключаецца ў тым, што спажыўцы газу мусяць аплочваць сабекошт здабычы і транспартаваньня і плюс нарматыўны прыбытак кампаніі. На гэты момант гэта складае каля 80 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прынамсі, па такім кошце мы лічым выгадным для сябе і прымальным для спажыўцоў пастаўляць газ у краіны Прыбалтыкі — Літву, Латвію, Эстонію, а таксама ў Малдову”.
Такім чынам, Беларусі могуць быць прапанаваныя горшыя ўмовы, чым Украіне, якая плаціць каля 50 даляраў за тысячу кубамэтраў. Спадар Плотнікаў гэта тлумачыць так:
(Плотнікаў: ) “Украіне мы не пастаўляем газ, мы газам расплачваемся за ўкраінскі транзыт. Таму там узгодненыя цана транзыту і тарыф пастаўкі газу”.
Начальнік інфармацыйна-аналітычнай управы “Газпрому” Ігар Плотнікаў зазначыў, што адказ зь Менску на ліст Мілера пакуль не атрыманы. Але калі беларускі ўрад зьменіць сваю пазыцыю адносна прыватызацыі “Белтрансгазу”, то ўзьнікне больш падставаў для далейшых перамоваў, — зазначыў ён.
Паводле зьвестак зь беларускага ўраду, там рыхтуецца такі адказ “Газпрому” ад імя віцэ-прэм’ера Сямашкі. Афіцыйны Менск не сьпяшаецца з рэакцыяй на відавочны ціск Масквы. Хаця, калі цэны на газ будуць даведзеныя да 80 даляраў, то безумоўна, што беларускую эканоміку чакае складаны пэрыяд — рост цэнаў і зьніжэньне канкурэнтаздольнасьці беларускіх прадпрыемстваў.
У Мінэнэрга гэта зараз галоўная праблема. Гаворыць прэсавы сакратар гэтага ведамства Лілея Дулінец:
(Дулінец: ) “Рэакцыя зразумелая, мы займаемся гэтым пытаньнем, але не магу сказаць нешта больш канкрэтнае, зараз гэта для нас тэма нумар адзін, мы ўсе займаемся: і міністэрства, і ўрад — таму што пытаньне сур’ёзнае”.
Супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч кажа, што нейкай панікі ва ўрадавых колах няма:
(Мацкевіч: ) “Некалі быў уздым цаны на нафту, вельмі моцна баяліся, але сёньня там пытаньняў увогуле няма. Закупка мазуту ідзе папярэдне, таксама як і нафты, і няма тут размоваў. Трэба зыходзіць з таго, які кошт газу ў сабекошце нашай прадукцыі… Нашая прадукцыя, дарэчы, арыентаваная на Расею, ну, будзе трошкі даражэйшая — не ў разы, а на нейкія працэнты, напрыклад на 20% будзе вышэйшы кошт трактара ці МАЗа. Канечне, крыху зьнізіцца попыт. Гэта зразумела. Цяжэй, канешне, для насельніцтва, бо заробкі нізкія”.
Праблема ўзаемадачыненьняў Расеі і Беларусі ў газавай галіне будзе адной з важнейшых падчас сустрэчы У.Пуціна і А.Лукашэнкі ў сярэдзіне верасьня ў Ялце.
Як паведаміла сёньня прэсавая служба ўраду Расеі прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў правеў сёньня нараду з віцэ-прэм’ерамі і ключавымі міністрамі наконт хады выкананьня расейска-беларускіх пагадненьняў у газавай сфэры.