Як паведамілі з Калінінградзкай вобласьці, там ёсьць некалькі фірмаў, якія зьбіраюць будаўнікоў на працу ў ірацкія гарады Басра й Масул. Мужчынам не старэйшым за 45 гадоў з досьведам працы на будаўніцтве й грамадзянствам Расеі, Беларусі або Ўкраіны абяцаюць заробак ад 2 тысячаў даляраў штомесяц і бясплатнае пражываньне ў Іраку. Падкрэсьліваецца, што будаўнікі з тых краінаў, якія падтрымалі ЗША ў ірацкай вайне, непатрэбныя. На гэтай падставе ўжо адмовілі некалькім літоўцам.
Кіраўнік калінінградзкага аддзяленьня беларускай амбасады ў Расеі Ўладзімер Заламай (былы старшыня Берасьцейскага абласнога выканкаму) на просьбу пацьвердзіць, што грамадзян Беларусі вэрбуюць у Ірак, адказаў гэтак:
(Заламай: ) “Не магу я Вам гэтага пацьвердзіць, бо я гэтага ня ведаю. Бачыў толькі аб’яву, на якой напісана, што грамадзяне толькі Расеі”.
(Карэспандэнт: ) “А дзе Вы бачылі такую аб’яву?”
(Заламай: ) “А на слупе ў горадзе дзесьці. Быў зьдзіўлены тым, што такія аб’явы тут ходзяць”.
(Карэспандэнт: ) “А грамадзян Беларусі ня згадваюць?”
(Заламай: ) “Не”.
Спадар Заламай паведаміў, што ў Калінінградзкай вобласьці на консульскім уліку стаяць толькі 600 беларускіх грамадзянаў. Будаўнікоў зь Беларусі там шмат, але ўсе яны занятыя на працах у гэтай вобласьці Расеі.
Супрацоўнік прэсавай службы Калінградзкае абласное ўправы ўнутраных справаў Сяргей Аляксандраў распавёў, што прыканцы мінулага тыдня вэрбоўка ў Ірак праз адну фірму спынілася.
(Аляксандраў: ) “Фірма называлася “Вінілія”, працавала гэтая фірма без ліцэнзіі. У яе сканфіскавалі вельмі вялікую колькасьць рэклямных праспэктаў, дзе ўсё расьпісанае да дробязяў — заработная плата, час працы, пасады. Нават асабовыя справы мы глядзелі — вельмі шмат фатаграфіяў, вельмі шмат кліентаў у іх было. То бок шмат людзей пагарэла. Людзі зьвярталіся, плацілі пэўныя сумы (каля 500 даляраў), а ўвыніку не атрымлівалі ані працы, ані сваіх грошай”.
Цікава, што прадстаўніцтва МЗС Расеі ў Калінінградзе папярэджвала сваіх грамадзянаў пра тое, што ніякіх дамоваў з ЗША або зь Іракам пра вэрбоўку будаўнікоў не было. А беларускае дыпляматычнае ведамства кажа, што нічога пра вэрбоўку грамадзянаў Беларусі ня ведае.