Васьмёра міліцыянтаў, якія зьявіліся ўчора па абедзе на Крапівенскім полі ад пачатку на поўным сур’ёзе абмяркоўвалі па рацыях са сваім начальствам, што будзе лепей: дазволіць правядзеньне нейкага незразумелага “фэсту” або затрымаць наяўных тут асобаў за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі – бел-чырвона-белых сьцягоў.
Але пакуль вяліся гэтыя перамовы стала відавочна, што дзеля затрыманьня такой колькасьці народу ў міліцыі проста няма транспарту – за якую гадзіну на полі вырас цэлы намётавы гарадок, і амаль над кожным намётам лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Такім чынам, першая перамога на фэсьце “Аршанская бітва –2003” была цалкам на баку прыхільнікаў беларускае незалежнасьці.
Зрэшты, гэты фэст толькі традыцыйна завецца “бардаўскім”, і сёлетняя імпрэза толькі пацьвердзіла, што сьвята даўно ўжо выйшла за межы азначанага гэтым словам фармату. Апрача беларускіх сьпеваў пад гітару Зьміцера Сідарэвіча, Зьмітра Бартосіка, Андрэя Мельнікава ды іншых бардаў, тут можна было пачуць дуду добра знанага пана Скіргайлы Палянэцкага зь Менску ды рок-гурт з Воршы, паглядзець выставу палітычных карыкатураў віцябляніна Ўладзя Токарава ды пазнаёміцца з паэтычнай тварчасьцю Андрэя Хадановіча і Тацяны Барысік з Магілеву. Менавіта яна і атрымала карону пераможцы сёлетняга творчага конкурсу, уразіўшы ўсіх іранічнымі ды адначасова пяшчотна-кранальнымі вершамі. І ў поўнай адпаведнасьці з сынкрэтычна-рознабаковым характарам мастацкае імпрэзы, узнагароду ўрычылі мастак Алесь Пушкін ды кіраўнічка рыцарскага клюбу Арына Вячорка.
Другім пераможцам быў прызнаны сьпявак Павал Красоўскі з Жодзіна, адзін з самых маладых удзельнікаў фэсту. Дарэчы, на думку аднаго з пачынальнікаў, “бацькаў” фэсту, аршанскага краязнаўцы Юрася Копціка, менавіта моладзь вызначала сёлета зьмест ды сутнасьць традыцыйнае імпрэзы.
(Копцік: ) “Калі параўноўваць, то сёлетняя адрозьнасьць “Аршанскае бітвы-2003” палягае ў тым, што яна дужа памаладзела. І гэта не маё ўласнае меракаваньне: і Бартосік тое ж сказаў, і Мінскевіч тое ж сказаў. Гэта добра!”
Гэтую думку сваіх калег-бардаў падтрымаў і Зьміцер Сідарэвіч:
(Сідарэвіч: ) “Аршанскі фэст – гэта заўсёды творчая лябараторыя, апрабацыя маладых талентаў. А іх апошнім часам вельмі шмат. Гэта людзі з Аршаншчыны, Магілёўшчыны, Гомельшчыны. Добра, што тут можна пабачыць ды пачуць тых, каго не пачуеш у Менску.”
Фэст па завядзёнцы пачаўся традыцыйнай імшой у памяць пра палеглых амаль 500 гадоў таму на Крапівенскім полі беларускіх ваяроў і скончыўся таксама традыцыйна – усеагульным воклічам “Жыве Беларусь!”
Крапівенскае поле яшчэ неаднаразова пачуе гэты заклік: ужо сёньня , напярэдадні Дня беларускае вайсковае славы тут прайшла адмысловая акцыя сябраў КХП БНФ. А 2-й гадзіне дня яны зьехаліся сюды з Воршы ды Менску, усклалі кветкі да памятнага крыжа ды запалілі сьвечкі ў гонар памяці нашых палеглых змагароў.