Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛА АЎРАМЧЫК БУДЗЕ ЗМАГАЦЦА ЗА РОЎНЫЯ ЗЬ НІЛАМ ГІЛЕВІЧАМ ПРАВЫ НА АЎТАРСТВА “СКАЗУ ПРА ЛЫСУЮ ГАРУ”


Ігар Карней, Менск

83-гадовы Аўрамчык апошні сярод літаратараў даведаўся пра рашэньне Ніла Гілевіча рассакрэціць аўтарства “Сказа пра Лысую гару”. Пасьля летніх вакацыяў у сваёй роднай вёсцы пад Бабруйскам Аўрамчык толькі ў гэтыя выходныя вярнуўся ў Менск. Газэта з артыкулам Гілевіча патрапіла яму ў рукі ў нядзелю ўвечары, і сваіх эмоцыяў спадар Аўрамчык не хаваў.

(Аўрамчык: ) “Тое, што ён піша — гэта страшна, і мне нічога не застаецца, як біць яго прынародна ў адказ аплявухамі. Чаму ён зараз выступіў?.. У часопісе “Дзеяслоў” я распавёў ад імя Вядзьмака-Лысагорскага, як паэма пісалася, як рэагавалі начальнікі на яе атрыманьне. Але ж я не пісаў, што гэта я, Аўрамчык. Можна было выходзіць з падпольля, але ня так, як ён зараз. Яшчэ год 20 таму я хацеў падняцца на трыбуну Саюзу пісьменьнікаў і “раскрыцца”, але ж адзін ня мог, бо ўдвох усё рабілі. Хацеў, каб было гэта публічна, каб усе парагаталі. Я й кажу: “Ніл, давай прызнаемся, усіх павесялім!” Ён у адказ: “Што ты? Сьмяешся?” Пасьля гэтага я зразумеў: ён будзе чакаць, пакуль я “дам дуба”, і прысвоіць аўтарства сабе. Тады я што зрабіў? Расказаў усё Максіму Танку, Пімену Панчанку, Васілю Быкаву, Янку Брылю, што маю дачыненьне да гэтай рэчы”.

Спадар Аўрамчык перакананы, што Ніл Гілевіч парушыў усе нормы замацаванага колісь паміж імі джэнтльмэнскага пагадненьня: калі хаваць таямніцу — то разам, рассакрэчвацца — гэтаксама супольна. Зараз, у адказ на выступ Гілевіча, ён рыхтуе да друку свае літаратурныя архівы, прысьвечаныя гісторыі стварэньня “Сказу...”

(Аўрамчык: ) “Гэта маё завяшчаньне: яно ляжала 13 год, але цяпер я ўсё абнародую. Колькі разоў прасіў я таварыша прызнацца, хто мы такія! Гілевіч як пачытаў “Дзеяслоў”, настолькі, відаць, настроіўся трымаць усё для сябе, што ў яго зямля пайшла з-пад ног. Пачаў распрацоўваць вэрсію, якая і была надрукаваная. Але шыта ўсё белымі ніткамі, я яго раскладу на лапаткі. Ён ніяк ня можа ад мяне адхрысьціцца, ня можа не прызнаць, што я быў. У яго ніякага матэрыялу не было і быць не магло! Паедземце на Лысую гару, і я яго там пры ўсіх зганьблю і буду біць яму аплявухі, бо паэма напісаная намі разам ад радка да радка. Пісалі ў мяне дома, у яго, ва ўнівэрсытэце на фізмаце, нават у Вярхоўным Савеце ў ягоным кабінэце”.

Ніл Гілевіч ў сваім газэтным артыкуле фактычна вінаваціць Аўрамчыка, што той яшчэ на пачатку 80-х зьбіраўся прысвоіць аўтарства “Сказу...” сабе. Маўляў, у “Крыніцы” быў нават здымак аўтара паэмы, у якім можна было пазнаць Аўрамчыка. Як гэта было, узгадвае Мікола Аўрамчык.

(Аўрамчык: ) “Я ўжо адчуваў, што ён гэта зробіць пасьля маёй сьмерці, таму рабіў пэўныя захады і са свайго боку. Тады “Крыніца” друкавала артыкулы пра паэму. Паклікалі і мяне: маўляў, цябе вылічыў Георгі Колас. Я не прызнаваўся, але яны кажуць: “Якаўлевіч, няхай ня Вы, але можаце ад імя Ведзьмака народ пасьмяшыць?” Я згадзіўся на інтэрвію; яны апранулі мяне ў чужую вопратку і са сьпіны сфатаграфавалі. Здымак Ведзьмака зьявіўся ў “Крыніцы”. Я таксама падкінуў ім паэму — апошні, кананічны варыянт. Але ў рукі не даваў, а прывязаў да дзьвярэй кабінэту. Зь яго і была надрукаваная паэма. Дарэчы, у іншых артыкулах намёк на мяне адназначны. У Васіля Зуёнка, у Анатоля Кудраўца, у Паўлава Ўладзімера: хто піша ў беларускай паэзіі з натуры, як фатаграфуе? Няўжо ня можна здагадацца адразу?..”

Аўрамчык зараз настроены радыкальна. Кажа, можа стацца і так, што давядзецца абараняць свой гонар праз суд. Але пакуль што ён працуе над супастаўленьнем фактаў, пададзеных Нілам Гілевічам у “Народнай волі”, і ўласнай рэтраспэкцыяй падзеяў, якія суправаджалі напісаньне паэмы.

(Аўрамчык: ) “Ад Гілевіча ідзе страшнае самаўсхваленьне паэмы. Я да яе стаўлюся ня так, і ад імя Вядзьмака-Лысагорскага даўно ўжо гэта выказаў. Пачыналася яна і пісалася як раешнік, мы заходзіліся і валіліся пад сталы ад сьмеху. “Капусьнік” — і ўсё! Такая ёй і цана. Сам Гілевіч пра Лысую гару нічога ня ведаў: дзе, што, чые хаты і як будаваліся. Зараз ён піша: Аўрамчык лірык, дык дазволіў пару радкоў напісаць. Ніякіх радкоў ніхто нікому не даваў, мы ўсё рыфмавалі разам. Адзінае, што я даў восем радкоў пра сябе, каб застрахавацца. І вельмі добра зрабіў, бо на зьезьдзе мяне ледзьве не пабілі: лысагорцы вылічылі адразу, што гэта я. Алесь Звонак, Рыгор Няхай, Анатоль Астрэйка прыціснулі мяне да сьцяны — прызнавайся. Я спалохаўся, бо быў час, калі можна было зрабіць што заўгодна. Але пачаў даваць адпор: “Вы што, думаеце, пакуль там п’яцё, я вас пацяшаць буду, ды яшчэ без ганарару? Пра мяне яшчэ ж зласьней напісана! Пра вас хіба так?” Яны адыйшлі, і пасьля больш ніколі ня згадвалі пра свае падазрэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG