Невядома, ці ёсьць дзе ў сьвеце помнік адной, асобна ўзятай літары, а вось у Беларусі ён ёсьць. Помнік быў урачыста адчынены сёньня ў цэнтры старажытнай беларускай сталіцы. Гэта помнік у гонар літары «Ў», якой, як сьведчаць адмыслоўцы, няма ў альфабэтах іншых моваў. Дзеля даведкі адцемім, што літара гэтая была ўведзеная ва ўжытак фальклярыстам Пятром Бяссонавым у 1870 годзе.
Сама ўрачыстасьць прайшла як мае быць, і на ёй гучала выключна беларуская мова. Адкрыў яе старшыня Полацкага гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла, а затым слова сказалі акадэмік, віцэ-прэзыдэнт НАН Анатоль Лесьніковіч ды паэт Сяргей Панізьнік, які прачытаў верш, кожны радок якога сканчваўся літарай «ў».
Сам помнік выкананы з сылюміну і ўяўляе сабою стэлу зь відарысам згаданай літары. Ля падножжа таксама выбітыя радкі верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся сьвет». Аўтарам праекту зьяўляецца мастак і дызайнэр Ігар Куржалаў.
Адкрыты сёньня помнік можна лічыць і помнікам уласна беларускай мове. А паколькі мова нашая яшчэ жывая, прагучала думка, што стэлу з выяваю літары «Ў» лепей было б назваць памятным знакам. Вось што сказаў з гэтай нагоды аўтар праекту мастак Ігар Куржалаў.
(Куржалаў: ) «Ідэя стварэньня памятнага знаку літары «Ў» належыць менскім навукоўцам, а ўвасобіў яе ў жыцьцё я, полацкі мастак Ігар Куржалаў. Наша задача, каб гэтая стэла стала не надмагільнай плітой на сымбалічнай магіле беларускай мовы, а каб стала матэрыяльным знакам яе неўміручасьці. Маладое пакаленьне беларусаў гэтую задачу выканае».