Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПАЎТОРНЫ ДЭБЮТ"


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(эфір 6 верасьня)

(Падбярэскі: ) “Дзень добры! Вось жа як здараецца! Ведаеш музыкантаў не адзін дзясятак гадоў і ведаеш, здавалася б, вельмі добра. Аднак у адзін дзянёчак, бывае, яны раптам раскрываюцца з такога боку, пра існаваньне якога ты нават і не здагадваўся.

Вось і сёньня ў студыі Радыё Свабода знаходзяцца два чалавекі, зь якімі знаёмы вельмі даўно. Аднак, даведаўшыся пра апошнія падзеі ў іх творчым жыцьці, я пачуў сябе, прызнацца, ніякавата, таму што адразу ж захацелася ня проста даведацца падрабязнасьці, але й пазнаёміць зь імі вас усіх. Таму што для мяне асабіста — гэта нешта накшталт сэнсацыі. І гэта можна было б зразумець, калі б гаворка ішла пра маладых музыкантаў, найперш — рокераў, для якіх сьпяваць на роднай мове збольшага — даўно вырашанае пытаньне. Але тут…

Зрэшты, годзе загадак. Гадоў трыццаць таму пазнаёміўся я з Галінай і Барысам Вайханскімі. Сёньня яны — прызнаныя мэтры беларускай аўтарскай песьні, але толькі летась зьявіліся ў іх рэпэртуары першыя творы на беларускай мове. А сёньня музыкі маюць ужо беларускамоўную праграму на паўтары гадзіны. Давайце лепш паслухаем Барыса Вайханскага і вядомага фатографа, паэта Георгія Ліхтаровіча, якіх я і вітаю вельмі шчыра.

Паўторны дэбют Вайханскіх, наколькі мне вядома, пачаўся зь ініцыятывы менавіта Георгія Ліхтаровіча…

(Ліхтаровіч: ) “У нейкім сэнсе гэта так і адбылося. З Барысам і Галінай знаёмы вельмі даўно, здымаў іх яшчэ на першы вінілавы дыск для фірмы “Мелодия”, таго, што выдаваўся. Але ў творчым пляне, у песенным менавіта гэта адбылося ў апошні год. Так здарылася, што я пачаў пісаць вершы на беларускай мове, што таксама для мяне было незвычайным, а потым, слухаючы Галіну і Барыса… Справа ў тым, што ў іх ёсьць праграмы і на ангельскай мове, і на нямецкай, на розных мовах. Я так па-сяброўску іх раз-пораз ушчуваў: а на роднай мове як? Лепш, можа, Барыс сам раскажа…”

(Падбярэскі: ) “Якія, дарэчы, Барыс, адчуваньні, калі ты выконваеш, скажам, вядомейшы “Ўспамін пра Браслаўскія азёры” па-беларуску?”

(Вайханскі: ) “Я адчуваю вялікую асалоду. Мне здаецца, што сьпяваць па-беларуску пра Беларусь — гэта натуральна, гэта патрэбна рабіць. Чаму мы засьпявалі па-беларуску? Гэта вядома толькі Богу і… Георгію Ліхтаровічу. Але калі казаць сур’ёзна, песьні на беларускай мове здараліся і раней, аднак сорамна сказаць: беларуская мова была для нас з Галінай амаль замежнай. Напрыклад, сьпяваючы па-нямецку, мы зусім не саромеліся, калі рабілі памылкі, а вось рабіць памылкі ў беларускай мове нам было б недаравальна. Можа, таму мы ніяк не маглі зрабіць тое, што павінны былі зрабіць даўно, што патрабавала нашае сэрца — падрыхтаваць праграму на роднай мове. І вось аднойчы Георгі Ліхтаровіч зрабіў нейкі штуршок”.

(Ліхтаровіч: ) “Менавіта так і было. Калі Барыс паказаў мне першую сваю песьню на словы Караткевіча, у мяне на кухні ён гэтак ціхенька пад гітарку менавіта паказаў, яшчэ не сьпяваў, я адчуў, што гэта… вельмі новыя нейкія Вайханскія атрымліваюцца! І калі адзначаўся юбілей Барыса ў мінулым годзе, тады і прагучалі ўпершыню з эстрады дзьве песьні: адна была на вершы Караткевіча, другая — на мой вершык. І заля адрэагавала ну вельмі прыхільна! Не, не беларускамоўны асяродак там быў, не беларускамоўная аўдыторыя, яны прыйшлі на Вайханскіх, якіх даўно ведалі і якія ніколі не сьпявалі па-беларуску. І за гэты год склаліся, стварыліся амаль ці не пад трыццаць новых песень”.

(Падбярэскі: ) “Барыс! А як твае даўнія прыхільнікі рэагавалі на старыя твае песьні, якія раптам пачулі на цалкам іншай мове?”

(Вайханскі: ) “Добра, добра! Было зьдзіўленьне і была радасьць. Для нас гэта важна”.

(Ліхтаровіч: ) “Безумоўна, істотна! Мне дарагога каштавала, калі я аднойчы пачуў ад Барыса такую фразу: “Як гэта ў мяне па-руску было?”

(Вайханскі: ) “Вось адзін выпадак. Шмат гадоў таму на канцэрце, здаецца, у Рэчыцы, мы атрымалі запіску з просьбай выканаць песьню на беларускай мове. Мы жартам паабяцалі зрабіць гэта на наступным канцэрце. І самае дзіўнае, што мы выканалі гэтую просьбу амаль праз пятнаццаць гадоў. І той самы чалавек, аўтар гэтай запіскі, падыйшоў да нас і выказаў вялікую падзяку”.

(Падбярэзскі: ) “А ці можна сёньня казаць, што з дапамогай беларускай мовы Вайханскія адкрылі для сябе нейкую новую аўдыторыю?”

(Ліхтаровіч: ) “Можна прыгадаць такі выпадак. Суседка Барыса, такая беларускамоўная дама, вельмі шануе і паважае газэту “Наша ніва”. Неяк яна спаткала Барыса пасьля чарговага канцэрту, Барыс у размове узгадаў, што газэта “Культура” нешта там пра іх надрукавала. А яна кажа: “Што “Культура”? Вось “Наша ніва” надрукавала!” Усё, ужо цалкам “нашыя”!”

(Падбярэскі: ) “Не магу не ўстрымацца, каб нетактоўна запытацца: вас утрох я спаткаў на сходзе беларускай інтэлігенцыі. Чым быў выкліканы ваш туды прыход?”

(Вайханскі: ) “Гэта інтарэс да сёньняшняга беларускага жыцьця, гэта шмат прыемных людзей. Сёньня мы сябруем з Алесем Марачкіным, з Коласам. Гэтыя імёны вядомыя, гэта вельмі добрыя людзі й цікавыя для нас. Вельмі прыемна зь імі”.

(Падбярэскі: ) “Барыс, ты згадаў Марачкіна. Як паэта ты яго адкрыў...”

(Вайханскі: ) “Зусям нядаўна! І быў вельмі ўсхваляваны, калі прачытаў ягоныя вершы. Мне захацелася сьпяваць гэтыя вершы”.

(Падбярэзскі: ) “Георгі! Ці проста было працаваць з Вайханскімі?”

(Ліхтаровіч: ) “З аднаго боку яны, безумоўна, сасьпелі. Бо раз-пораз я заўважаў у Барыса на стале томік Караткевіча і тое, што ён чытаецца, а ня проста для мэблі ляжыць. А яшчэ нашыя размовы закраналі й добрую паэзію, таму працаваць было цікава і, я б сказаў, вельмі лёгка. Не таму, што ён менш ведае беларускую мову, чым я. Я, як кажуць, меў нейкую двайную адказнасьць. Ён да мяне ставіўся як да чалавека, які ведае беларускую мову абсалютна! Так што вельмі цікава было і складана адначасова. І гэтак сама было з Ласкер-Шулер, таксама гэта быў нейкі новы сьвет”.

(Падбярэскі: ) “Дарэчы, пра гэтую нямецкую паэтку. Наколькі натуральна яе вершы леглі ў адзін шэраг зь вершамі Караткевіча, Марачкіна, Ліхтаровіча?”

(Вайханскі: ) “Натуральна! Больш за тое: раней я сам спрабаваў рабіць пераклады на расейскую мову, але ў мяне нічога не атрымалася. А вось Георгі зрабіў выдатныя пераклады, вельмі дакладныя. Ласкер-Шулер — гэта паэтка вельмі складаная, вельмі тонкая!”

(Падбярэскі: ) “А на беларускай мове гэтыя песьні ў Германіі яшчэ ня чулі?”

(Вайханскі: ) “Вось зараз… мы паедзем у Германію…”

(Падбярэскі: ) “І што ж далей? Які будзе працяг супрацоўніцтва Вайханскіх зь Ліхтаровічам?”

(Ліхтаровіч: ) “Я так мяркую, што гэтага ніхто ня ведае. Нават мы самі. Зьявілася некалькі жартоўных песень, з зусім ужо іншыя кантэкстам, ужо ня лірыка, а нешта такое… на мяжы сучаснай сатыры. Трэба для канцэртаў, каб розныя былі жанры. А што будзе наступным — ніхто ня ведае!”

(Падбярэскі: ) “А хоць выдаць альбом са згаданымі песьнямі — абяцаеце?”

(Ліхтаровіч: ) “Гэта ўжо кроў з носу — але зробім!”

(Падбярэзскі: ) “Вялікае вам дзякуй за вычарпальныя, а, галоўнае, максымальна шчырыя адказы. Нагадаю, што ў студыі Радыё Свабода былі музыкант Барыс Вайханскі і паэт Георгі Ліхтаровіч.

У праграме прагучалі фрагмэнты песень Барыса Вайханскага на вершы “Раманс вінаграднай лазы” Ўладзімера Караткевіча, “На востраве воўчых харомаў” Аляксая Марачкіна, “Правапіс” Георгія Ліхтаровіча.

Да новых сустрэч у праграме “Па-за тактам”!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG