Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРАЦІНА ЎСІХ ГРЫБОЎ У МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ЎТРЫМЛІВАЕ РАДЫЁНУКЛІДЫ ВЫШЭЙ ДАПУШЧАЛЬНАЙ НОРМЫ


Марыя Усьціновіч, Магілёў

Лясы сёлета багатыя на грыбы. Ёсьць магчымасьць стварыць стратэгічны запас харчоў на зіму, ды яшчэ і зарабіць грошы на продажы. Аднак зьбіраньне грыбоў у Магілёўскай вобласьці не заўсёды зьяўляецца бясьпечным. Спэцыялісты-радыёлягі заклікаюць насельніцтва абавязкова правяраць грыбы на ўзровень утрыманьня радыёнуклідаў.

Траціна пробаў грыбоў, якія былі дасьледаваныя ў жніўні ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, перавысіла дапушчальны ўзровень утрыманьня радыёнуклідаў. Сёлета быў выпадак, калі баравікі, сабраныя ў Краснапольскім раёне, перавысілі радыяцыйную норму ў сто разоў! Таму мэдыкі раяць людзям набываць грыбы толькі на рынках, дзе перад продажам іх абавязкова правяраюць на радыяцыю.

У Магілёве на цэнтральным калгасным рынку цяпер прадаецца шмат грыбоў. Усе гандляры ахвотна тлумачаць, што зьбіралі грыбы ў чыстых зонах і прад’яўляюць квіткі з лябараторнымі аналізамі.

(Карэспандэнтка: ) “Грыбы ў вас чыстыя?”

(Спадарыня: ) “Чыстыя! Па тысячы. Дзьве – вялікая. Вось якая чыстая зона, правераныя. Я трэйці год нашу, і заўсёды чыстыя”.

(Спадарыня: ) “Во глядзіце, які вялікі баравік – а ён чысьценькі. Я і сабе насушыла. Дзецям блінчыкі буду рабіць узімку”.

(Спадарыня: ) “Ну яна як, гэтая радыяцыя? Яна ж месцамі. Вось тут добрая, а побач можа быць і дрэнная. Хто яе ведае?”

Пакупнікі па-рознаму ставяцца да тавару, які прапануюць гандляры грыбамі.У асноўным людзей хвалюе толькі вонкавы выгляд і кошт тавару. Відавочна, што тых, хто скрупулёзна вывучае квіткі праверак на радыяцыю, усё ж меншасьць.

(Спадарыня: ) “Я зьдзіўляюся, калі пакупнікі не правяраюць. Прыносяць бамжы розныя, і яны ў іх набываюць. Таму што яны больш танна прадаюць. У якой зоне яны бяруць ды што – невядома”.

Гандляры грыбамі зьяўляюцца і за ўваходнымі брамамі рынку, хаця за стыхійным гандлем пільна сочыць міліцыя. Як і на аўтамабільных трасах, па-за тэрыторыяй рынку пакупнікі не пытаюцца ў грыбнікоў пра вынікі аналізаў на радыяцыю.

(Спадарыня: ) “Што баяцца? Ужо столькі гадоў прайшло, усе людзі прызвычаіліся да гэтага і не зьвяртаюць увагу. Ратаваньня ад гэтага няма – усё бессэнсоўна”.

(Спадар: ) “Цяпер такая ўжо і палітыка пайшла, і людзі стаміліся ад гэтага ўсяго. Меры ўсё роўна ніякія не прымаюцца. Якая розьніца – ёсьць радыяцыя ці няма радыяцыі. Людзі ўжо так жывуць сёньняшнім днём, ды і ўсё!”

Спэцыялісты сьведчаць, што з кожным годам усё менш ахвотных правяраць сабраныя грыбы на радыяцыю, хоць гэта і бясплатная паслуга для насельніцтва. Калі раней у лабараторыі стаялі чэргі, то цяпер, як сьведчаць радыёлягі, іх наведвае зусім няшмат людзей. Цяпер ідзе масавы збор грыбоў, а пра тое, ці бясьпечныя яны для ўжываньня ў ежу, у жніўні ва ўсёй Магілёўскай вобласьці паклапацілася менш за сотню чалавек.

(Спадар: ) “Бо людзі прызвычаіліся жыць у радыяцыі. У нас паўсюль радыяцыя”.

(Спадарыня: ) “Што яе баяцца? Калі мы ўжо пад’елі яе добра. І ўсё! Колькі наканавана, столькі і пражывем. Ці з радыяцыяй ці без радыяцыі. Толькі б было здароўе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG