Упершыню ў гісторыі Віцебскага аблсавету дэпутаты вырашалі лёс судовага засядацеля-апазыцыянэра. У прапанове, якую вынес на галасаваньне старшыня савету спадар Ацясаў было згадана, што судовы засядацель аршанскага суду Юрась Конышка ёсьць сябрам КХП БНФ ды адным з арганізатараў пікету, дзе выкарыстоўваліся лёзунгі “антыпрэзыдэнцкага ды антыінтэграцыйнага зьместу”.
Дэпутаты абласнога савету апошняга скліканьня, куды ў часе выбараў ня трапіў аніводзін прадстаўнік апазыцыйных структураў, аднагалосна падтрымалі прапанову прыцягнуць спадара Конышку да судовае адказнасьці.
Нагадаем , што двум ягоным аднапартыйцам, Яўгеніі Казловай ды Ўладзімеру Карабанаву, якія разам зь ім былі арганізатарамі пікету 11-га студзеня, былі прысуджаныя штрафы памерам 20 базавых велічыняў або 288 тысячаў беларускіх рублёў. Судзьдзям не ўдалося абвінаваціць апазыцыянэраў у абразе гонару ды годнасьці Аляксандра Лукашэнкі, і яны абмежаваліся пакараньнем за нібыта неадпаведнасьць плякату “Лукашызм зьнішчае Беларусь” заяўленай тэме акцыі – “Пратэст супраць зьбядненьня беларускага народу”.
Гэты судовы працэс доўжыўся 5 месяцаў, а цяпер, дзякуючы “пільнасьці” дэпутатаў абласнога савету, ён будзе мець яшчэ й далейшы працяг – пазбаўлены свае засядальніцкае недатыкальнасьці Юрась Конышка ўжо чакае на позву ў суд.