5 верасьня “БДГ”, спасылаючыся на крыніцы ў праваахоўных органах, падае факт затрыманьня супрацоўнікамі КГБ шэрагу першых асобаў Управы справаў прэзыдэнта і дачынных фірмаў — “Белая Русь” і “Белвнешторгинвест”. Цяпер у сьледчым ізалятары КГБ утрымліваюцца шэсьць ці сем асобаў, сярод якіх кіраўнік замежнаэканамічнай управы Юры Матусевіч, дырэктар “Белай Русі” Віктар Асіпенка, ягоны намесьнік Аляксандар Мурашка, а таксама кіраўнікі драбнейшага роўню. Факт затрыманьня на просьбу Радыё Свабода пацьвердзіў і прадстаўнік КГБ Аляксандар Базанаў.
(Базанаў: ) “Мы не адмаўляемся, што матэрыялы гэтыя ў КГБ. Я штодня цікаўлюся хадой справы і мне адказваюць: цягам месяца магчымае нейкае разьвіцьцё. Вось такія няпэўныя рамкі, а фактычна ў такіх выпадках няма ніякіх тэрмінаў. Колькі людзей будуць трымаць?.. Усё рэгулюецца Крымінальным кодэксам, там указаныя тэрміны. Але ўсё залежыць ад канкрэтнага выпадку: калі і за якія парушэньні яны затрыманыя. Зараз у прэсе пайшлі разнастайныя вэрсіі, гіпотэзы: у рамках сваіх інтэлектуальных высілкаў журналісты спрабуюць штосьці змадэляваць, але ўсё гэта несур’ёзна, бо ёсьць толькі часткаю віртуальнай гісторыі”.
Калі папярэднік Галіны Жураўковай Іван Ціцянкоў збольшага задавольваўся манаполіяй на нерухомасьць, то цяпер у зоне стратэгічных інтарэсаў вялізны сэктар: лес, нафтапрадукты, вугаль, трактары, тытунь, алькаголь, цукар, рыба, санаторыі і запаведнікі.
Сярод асноўных нафтавых бізнэс-партнэраў Жураўковай, паводле некаторых зьвестак, самы малады мільярдэр сьвету Раман Абрамовіч, а нафтавы кірунак паступова стаў галоўным для “Белай Русі”. Паводле некаторых ацэнак, ад дзейнасьці “Белай Русі” на нафтавым рынку дзяржава ўжо не атрымала блізу 10 мільёнаў даляраў. Іншыя сфэры стратэгічных інтарэсаў (а гэта шматлікія апэрацыі зь нерухомасьцю, манаполія на пастаўку трактараў у Расею, імпарт і перапрацоўка рыбы і г.д.) пакуль у стадыі распрацоўкі.
Прэсавы сакратар Генпракуратуры Юры Азаронак дапускае, што першыя дадзеныя ў гэтай справе будуць толькі ў аўторак, а вось што тычыцца кантынгенту падазраваных, то параіў зьвярнуцца да пракурора раёну — маўляў, санкцыі на арышты і ператрусы даюць раённыя пракуроры. Праўда, у тое, што шараговы пракурор можа даць санкцыю на арышт асобаў з атачэньня Лукашэнкі, верылася зь цяжкасьцю.
Гэты сумніў разьвеяў і пракурор Ленінскага раёну сталіцы Аляксей Стук:
(Стук: ) “Гэта не катэгорыя кампэтэнцыі раённай пракуратуры. І я ня думаю, што блізка падыйшоў бы да гэтай справы. Калі б пачыналіся апэратыўныя дзеяньні, я б ведаў, бо мушу даць санкцыю: арышт пасьля трох сутак папярэдняга затрыманьня — натуральна, з санкцыі пракурора. Але ў нас гэтай справы няма, гэта вышэйшыя органы вядуць”.
Відавочна, што пры расьсьледаваньні справы могуць паўстаць нечаканыя праблемы з краінамі, грамадзяне якіх спрычыніліся да гэтага скандалу. Паводле інфармацыі, намесьнік кіраўніка “Белай Русі” Аляксандар Мурашка — грамадзянін Чэхіі, а дырэктар “Белвнешторгинвеста” Андрэй Леўчанка — Расеі.
Але самая адметная ў сьпісе арыштаваных фігура — гендырэктар “Белай Русі” Віктар Асіпенка. У сярэдзіне 90-х Асіпенка ўзначальваў Гарадзенскую філію “Віткамбанку”. У сакавіку 1995 году ён быў звольнены з пасады “за сыстэматычнае злоўжываньне службовым становішчам”, а ў 96-м асуджаны на 2 гады папраўчых работ з пазбаўленьнем права займаць матэрыяльна-адказныя пасады тэрмінам на 5 год. Аднак ужо ў 99-м Асіпенка нечакана ўладкоўваецца на працу ў фірму “Белая Русь”.