Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРТРЭТЫ ЯКІХ БЕЛАРУСАЎ ХОЧУЦЬ БАЧЫЦЬ У СЯБЕ ДОМА МЕНЧУКІ?

Галіна Абакунчык, Менск

Мае сёньняшнія выпадковыя суразмоўцы часта прызнаваліся, што не задумваліся над пастаўленым пытаньнем і ня ведаюць, што адказаць. Але паразважаць на гэтую тэму пагаджаліся вельмі ахвотна.

(Карэспандэнтка: ) “Партрэты якіх вядомых беларусаў вы хацелі б мець у сваім доме?”

(Спадар: ) “Нават ня ведаю… Якуба Коласа і Янкі Купалы, напэўна. А больш нікога й не хачу”.

(Спадарыня: ) “Адразу й не ўзгадаеш… Ну, дзеячоў культуры. Напрыклад, партрэт Мулявіна — музыка вельмі вядомы ня толькі ў нас, але й за мяжой”.

(Спадар: ) “Трэба падумаць… Янкі Купалы — гэта быў сапраўдны беларус”.

(Спадарыня: ) “Напэўна Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча. Акрамя пісьменьнікаў, нікога ў сваёй хаце я й не жадала бы бачыць”.

(Спадарыня: ) “Нават і цяжка сказаць. Магчыма, Янкі Купалы або Якуба Коласа — яны бліжэй нам па духу”.

(Спадар: ) “Мулявіна… Зь “Сяброў” — Ярмоленкі, бацькі й сына Яроменкаў — яны найбольш дастойныя нашага беларускага народа”.

(Спадар:) “Цікавае пытаньне. Думаю, такіх вядомых беларускіх дзеячоў, як Скарына, Гусоўскі… і Купалы, і Коласа, і Багдановіча. З сучасных — Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава. З мастакоў — Савіцкага, да прыкладу, і многіх іншых. Гэта знакавыя фігуры”.

Некаторыя сярод апытаных мінакоў казалі, што ня маюць магчымасьці трымаць партрэты дома, але дакладна ведаюць, якія хацелі б мець і чаму.

(Карэспандэнтка: ) “Партрэты якіх вядомых беларусаў вы хацелі бы мець дома?”

(Спадар: ) “Цяжкае пытаньне. Але, па-першае, Быкава, Алексіевіч. Бо я гэтых людзей паважаю. Бо філязофія іх жыцьця супадае з маёй”.

(Спадар: ) “Толькі Аляксандра Рыгоравіча, і больш нікога ня трэба”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму?”

(Спадар: ) “Таму, што гэта наш “бацька”. Ён жа ўсе пытаньні вырашае, а ўсе астатнія — толькі дадатак”.

(Карэспандэнтка: ) “Партрэты якіх вядомых беларусаў вы хацелі бы мець дома?”

(Спадар: ) “Сімяона Полацкага, Эўфрасіньні Полацкай, Сымона Буднага. Будны — адзін з заснавальнікаў кнігадрукаваньня. А полацкія — прыклад уплыву беларусаў на атачэньне цара”.

(Спадар: ) “Васіля Быкава, да прыкладу, Івана Шамякіна. У прынцыпе больш мяне ніхто й не ўразіў”.

(Карэспандэнтка: ) “А гэтыя людзі чым уразілі?”

(Спадар: ) “Мне вельмі падабаюцца творы Шамякіна. А Быкаў — чалавек, які меў сваю жыцьцёвую пазыцыю і адстойваў яе”.

(Спадар: ) “Дакладна ведаю, што Лукашэнку — не. Гэта ня мой ідэал. Можна было бы, канечне, і Касьцюшку, і Ігната Дамейку, і многіх іншых”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму гэтых дваіх?”

(Спадар: ) “Таму, што Дамейка — адзін з найвялікшых навукоўцаў-беларусаў, які, нажаль, мусіў пакінуць краіну. А Касьцюшка — гэта сымбаль барацьбы за свабоду”.

Гэта былі адказы мінакоў на вуліцах сталіцы на пытаньне: “Партрэты каго зь вядомых беларусаў вы хацелі б мець у сябе дома?”
XS
SM
MD
LG