Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ АПОШНІ ДЗЕНЬ ЗАНЯТКАЎ НА ВУЛІЦЫ, ЯКІЯ ПРАВОДЗЯЦЬ НАВУЧЭНЦЫ І ВЫКЛАДЧЫКІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА


Любоў Лунёва, Менск

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы дзеці паставіліся да “вулічных” заняткаў вельмі сур’ёзна. Выкладчыкі чытаюць свае дысцыпліны, а дзеці канспэктуюць, трымаючы канспэкты на каленях. На вуліцы даволі шумна: увесь час ідуць машыны, за агароджай стадыёну “Дынама” месьціцца рэчавы кірмаш — выкладчыкі мусяць гаварыць гучна, а гэта даволі цяжка. Дзеці не зьвяртаюць увагі на шум. Яны актыўна працуюць на ўроках, задаюць пытаньні.

Было цікава назіраць, як міліцыянты сталі ў імправізаванай клясе і ўважліва слухалі ўрок нямецкай літаратуры. Яны ў той момант забыліся пра свае абавязкі. Адзін зь іх, калі скончыўся ўрок, спытаў у ліцэістаў — калі будзе працяг? Яму захацелася паслухаць далей…

Я і сама ў захапленьні слухала лекцыю Васіля Сёмухі пра ўплыў старажытнагабрэйскай паэзіі на прыкладзе біблійных кніг на ўсю эўрапейскую паэзію. Адметная рыса — вобразнасьць. І тут ён прывёў прыклады ў беларускай паэзіі. Лекцыі для ліцэістаў узроўня спэцкурсу прэстыжнага ўнівэрсытэту, але дзеці ўспрымаюць іх вельмі лёгка, бо ўжываюцца адмыслова распрацаваныя мэтадычныя праграмы. Цяпер мне стала зразумела чаму звычайныя дзеці робяць такія вялізныя крокі ў навучаньні ў параўнаньні са сваімі аднагодкамі. Унікальныя праграмы, над якімі працавалі навукоўцы, маглі б стаць карыснымі для ўсіх дзяцей. Мне стала вельмі шкада, што мой сын пазбаўлены магчымасьці вучыцца ў такіх пэдагогаў.

З панядзелку дзеці пачнуць вучыцца ў сваіх выкладчыкаў дома і ў іншых месцах. Дзеці настроеныя вучыцца. Выкладчыкі папярэдзілі дзяцей, што цягам гэтага навучальнага году трэба будзе працаваць яшчэ больш, бо ў траўні будуць экзамэны.

Экзамэны ліцэісты будуць здаваць адмысловай камісіі, у якой будуць і чыноўнікі з гарадзкога аддзелу адукацыі. Зразумела, што да ліцэістаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю будзе асаблівае стаўленьне.

Але дзеці і так займаюцца добрасумленна. Я ніколі ня бачыла ў падлеткаў такой цікавасьці да ведаў, як тут. Герадот казаў, што ў чалавека самае моцнае з пачуцьцяў — гэта прага ведаў. Відаць, выкладчыкам удалося абудзіць яе ў дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG