Год 1923, газэта “Савецкая Беларусь”. Нехта А.Шлюбскі пад загалоўкам “Абмылка ці шкодны погляд?” піша: “Маскоўскі Інстытут журналістыкі ў бягучым годзе выдаў працу М.І.Шчэлкунова “Искусство книгопечатания в его историческом развитии”. Для Шчэлкунова беларускі народ не існуе. Чытачу ён дае толькі “русский народ”, і вялікі беларускі вучоны Скарына ў яго працы таксама зьяўляецца “русским”. Уся бяда ў тым, што аўтар кніжкі далучыў старажытную Беларусь да тагачаснай барбарскай Маскоўшчыны, што ён ня ведае тэй культуры, тых уплываў, таго гістарычнага жыцьця, якое стварыла беларускага нацыянальнага генія — Скарыну і тых вялікіх беларусаў — Мсьціслаўца і Фёдарава, якія з Беларусі пайшлі ў Маскву сеяць насеньне агульна-чалавечай культуры і былі адтуль выгнаны”.
“Чырвоная зьмена” ў 1933 годзе у гэты дзень друкуе даклад сакратара ЦК ЛКСМБ тав. Герцовіча на пашыраным пленуме Менскага ГК камсамолу: “Між іншым: Менск — сталіца нашай Беларускай рэспублікі, а чаму-ж у гэтай сталіцы месцамі гразна, некультурна. Ці ня можам мы — 14 тысяч камсамольцаў і моладзь, якой мы кіруем, арганізаваць санітарнага паходу, каб Менск зрабіць культурным цэнтрам Савецкай Беларусі? Можам і павінны. Як у нас трамваі ходзяць? У нас калі трэба куды-небудзь хутка паехаць, то зьлезеш з трамваю, бо трамвай на кожнае вуліцы робіць 20 астановак. Навошта гэта ўсё? Чаму нам не паклапаціцца аб тым, каб трамвай працаваў узорна? Камсамол павінен заняцца гэтым пытаньнем, гэта да твару маладым бальшавікам”.
Мюнхенская газэта “Бацькаўшчына” ў 1953 годзе на гэтым тыдні паведамляе: “Кагадзе Кангрэс ЗША прыняў, а Прэзыдэнт Айзэнгаўэр зацьвердзіў біль аб прыняцьці ў ЗША 214 тысячаў новых эмігрантаў, у тым ліку 30 тысячаў уцекачоў з-за зялезнае заслоны. Для беларускіх уцекачоў, якія не маглі выэміграваць зь Нямеччыны ў часе папярэдняй эміграцыйнай акцыі, або й для тых зь іх, якія прыбылі ў Нямеччыну ўжо ня ў часе й таму не маглі быць згаданай акцыяй ахопленыя, надараецца цяпер ізноў магчымасьць выехаць у ЗША. У сувязі із гэтым, Галоўная Управа БАЗА бярэ на сябе абавязак дапамагчы нашым беларускім эмігрантам у згаданай справе, падшукваючы для іх спонсараў, працу, кватэры й іншае тут, на месцы”.