У выкладчыка бальных танцаў Сяргея М. нечакана паўстала вялікая праблема. Ён паспрабаваў здаць у РАНА дакумэнты на аднаўленьне арэнды ў школе, якая знаходзіцца ў менскім мікрараёне Малінаўка, але атрымаў адмову. Чыноўніца заявіла, што ад верасьня Гарвыканкам забараніў школам заключаць дамовы на арэнду зь недзяржаўнымі фірмамі. Такім чынам, гурток бальных танцаў, у які ўжо запісаліся 14 дзяцей, хутчэй за ўсё, давядзецца распускаць.
У менскай Управе адукацыі, куды я зьвярнуўся, каб спраўдзіць гэтыя зьвесткі, мне паведамілі, што забарона сапраўды ёсьць, хаця адпаведнага дакумэнта яны пакуль ня маюць. Супрацоўніца Ўправы спаслалася на рэзалюцыю старшыні Гарвыканкаму Міхала Паўлава, накладзеную на пратакол нядаўняга паседжаньня камісіі ў справе арэнды.
(Поляк: ) “…Школьныя плошчы здаваць ў арэнду забараняю! Клічнік!!! Усё!”
Паводле маёй суразмоўцы, старшыня Гарвыканкаму гэтак адрэагаваў на той факт, што адразу больш за сто фірмаў ды індывідуальных прадпрымальнікаў падалі заяўкі на арэнду школьных памяшканьняў.
Усяго ж звыш 350 камэрцыйных адзінак арандуць розныя памяшканьні ў школах Менску. Часьцей за ўсё прыватнікі аказваюць дзецям паслугі, непасрэдна зьвязаныя з навучаньнем: даюць дадатковыя веды ў замежных мовах, выкладаюць танцы, вядуць спартовыя сэкцыі. Але ёсьць і школы, дзе памяшканьні здаюць у арэнду для іншых мэтаў. Прыкладам, у адной школе працуе аўтамайстэрня, на плошчах другой адкрытая цырульня, аптэка.
Як сьцьвярджаюць у менскай Управе адукацыі, усе гэтыя факты спраўджаныя і ўзгодненыя з усімі інстанцыямі, дзецям такія арэндатары не перашкаджаюць, а вось прыбытак даюць немалы. Паводле зьвестак гарадзкой Управы, на арэндзе школы Менску зараблялі больш за 850 мільёнаў рублёў і большасьці гэтыя грошы заставаліся ў школах ды ішлі на рамонт, абсталяваньне, сучасную тэхніку. Да таго ж арандатары аказваюць школам фінансавую дапамогу.
“Нашай школе камэрсанты за свае грошы паставілі мэталёвыя дзьверы, абяцалі яшчэ падтрымкі на 1,5 мільёны рублёў. Канечне, мы б не хацелі пазбавіцца такіх выгадных фундатараў, але, відаць, давядзецца”, — пашчыраваў адзін знаёмы дырэктар школы. Сваё прозьвішча ён прасіў не называць, бо ня хоча сварыцца з начальствам.
Але больш за іншых ад забароны арэнды школьных памяшканьняў пацерпяць камэрцыйныя структуры, якія ўжо наладзілі там сваю працу. Святлана В. працуе выкладчыцай ангельскай мовы ў камэрцыйным цэнтры моўнай падрыхтоўкі, які мае філіі ў васьмі мікрараёнах Менску. Большасьць зь іх месьцяцца ў школах. Гэтыя плошчы адрамантаваныя адмыслова для навучаньня замежнай мове, да таго ж разьмяшчэньне ў школе вельмі зручнае для дзяцей. Абурае Сьвятлану і тое, у які нязручны час гарадзкія ўлады вырашылі змагацца з арандатарамі.
(Сьвятлана: ) “Чаму пра гэта нельга было абвесьціць прыканцы траўня, ці чэрвеня — каб за лета мы маглі падшукаць іншае памяшканьне? Бо зараз жа ідзе набор на курсы, на наступным тыдні мы мусім пачынаць заняткі, і раптам нам кажуць — усё кідаць і зьяжджаць. Мне падаецца, гэта ня вельмі ўзважанае рашэньне”.
Намесьнік загадчыцы Менскага Цэнтру Нерухомасьці Галіна Сіманенка пацьвердзіла, што верагоднасьць забароны арэнды ў школах існуе, але рашэньне нібыта яшчэ канчаткова не прынятае. Галіна Сіманенка мяркуе, што гарадзкая Ўправа адукацыі мусіць давесьці Гарвыканкаму, што арэнда выгадная ўсім бакам і яе варта захаваць. Між тым ва Ўправе адукацыі паведамляюць, што з Цэнтру Нерухомасьці ўжо дасланы ліст аб парадку скасаваньня дамоваў з арандатарамі плошчаў у школах.