У Беларусі цяпер каля 17,5 тысячаў асобаў з навуковай ступеньню, зь іх прыблізна 2400 дактароў навук. Пасьля таго, як летась у красавіку Вышэйшы атэстацыйны камітэт Аляксандар Лукашэнка пераўтварыў у камісію з той самай абрэвіятурай ВАК, зацьверджаньне новых ступеняў спынілася. Яно аднавілася толькі сёлета, прыканцы лютага,— паведаміў старшыня ВАК Анатоль Рубінаў,— ды ішло ў напружаным тэмпе.
(Рубінаў: ) “Было разгледжана недзе больш за паўтары тысячы — 1600 зь нечым — атэстацыйных справаў рознага кшталту. І ў выніку ў нас у Рэспубліцы за гэты пэрыяд зьявілася каля тысячы новых дактароў і кандыдатаў навук і больш за паўтысячы дацэнтаў і прафэсароў”.
Спадар Рубінаў паведаміў, што былі адхіленыя толькі 12 дысэртацыяў, пераважна гуманітарных і мэдычных дысцыплінаў. Але шмат маладых навукоўцаў яшчэ чакаюць сваёй чаргі на атэстацыю ў ВАКу. Адзін зь іх — філёляг Юрась Бушлякоў, які спадзяецца неўзабаве стаць кандыдатам навук.
(Бушлякоў: ) “З гэтай праблемаю чаканьня, думаю, сутыкаюцца сотні людзей, якія абаранілі свае дысэртацыі на працягу апошніх двух гадоў. Прычына ў тым, што прэзыдыюм ВАКу доўгі час не працаваў, гэтае непрацаваньне расьцягнулася амаль на год, і ў сувязі з гэтым абароненыя кандыдацкія й доктарскія дысэртацыі ў ВАКу проста намнажыліся, наслойваліся”.
Гуманітарыяў Вышэйшая атэстацыйная камісія любіць ня надта. Яе старшыня Анатоль Рубінаў заявіў, што ў Расеі дысэртацыяў гуманітарыяў ужо больш, чым астатніх, і гэта ён лічыць нездаровымі формамі.
(Рубінаў: ) “Тэмы ж мусяць быць нейкія важныя, жыцьцёвыя, якія адлюстроўваюць патрэбу грамадзтва на сёньня. А паколькі кадры рыхтуюць ня вельмі канкрэтна, дык адпаведна й тэмы часта бываюць надуманымі, адарванымі ад жыцьця, схалястычнымі”.
Спадар Рубінаў зазначыў, што ВАК цяпер падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку дзяржавы, а той запатрабаваў падвысіць узровень патрабаваньняў да навукоўцаў. Ужо сёлета Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца падпісаць указ пра новы парадак атэстацыі. У друку зьявіліся паведамленьні, што, напрыклад, ад будучых дактароў навук будуць патрабаваць, каб яны мелі некалькі публікацыяў у навуковых часопісах далёкага замежжа. Аднак Анатоль Рубінаў заявіў пра новы парадак:
(Рубінаў: ) “Прэтэндэнт на доктарскую ступень мусіць мець хаця б адну публікацыю за межамі, прычым маецца на ўвазе і Расея, і гэтак далей”.
Для беларускамоўных навукоўцаў у такіх галінах, як лінгвістыка, літаратуразнаўства, гісторыя, патрабаваньні шматлікіх публікацыяў у замежных часопісах былі б вельмі цяжкімі. Гаворыць філёляг Юрась Бушлякоў:
(Бушлякоў: ) “У тым разе, калі чалавек займаецца вузкабеларускай праблематыкаю, можа быць, публікацыя за мяжою будзе больш цяжкім заданьнем. У тым выпадку, калі ён выходзіць на паралелі, і гэтыя паралелі цікавыя, напрыклад, у суседніх краінах, то магчымасьці надрукавацца, безумоўна, будуць”.
Але для кандыдатаў навук, адным зь якіх хоча стаць спадар Бушлякоў, патрабаваньняў пра замежныя публікацыі ня будзе — ім дастаткова мець 3 артыкулы ў рэцэнзаваных часопісах Беларусі.
Цікава таксама, што ВАК плянуе друкаваць абвесткі пра час і месца абароны кожнай дысэртацыі — і кандыдацкай, і доктарскай — у газэце “Советская Белоруссия”, каб мажлівыя апанэнты маглі задаць навукоўцу непрыемныя пытаньні падчас атэстацыі, а не пісаць скаргі пасьля.