Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЁСЦЫ КАЛЫШКІ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ АДКРЫЎСЯ ПОМНІК РАСТРАЛЯНЫМ ВЯЗЬНЯМ ГАБРЭЙСКАГА ГЕТА


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць

Сёньняшняе адкрыцьцё помніка закатаваным ў часе мінулае вайны габрэям у вёсцы Калышкі Лёзьненскага раёну ёсьць ужо трэцім падобным выпадкам на Віцебшчыне, калі габрэйская грамада ўшанавала памяць пра сваіх загінулых землякоў за ўласныя грошы. Раённыя ўлады Лёзна хіба далі дазвол на ўсталяваньне помніка ды запрасілі ўдзельнікаў сёньняшняе ўрачыстасьці на памінальны абед. Прадстаўніцтва абласных уладаў прыехала ўскласьці кветкі.

Старшыня абласное рады грамадзкага аб’яднаньня былых вязьняў гета ды канцэнтрацыйных лягераў Вольга Ноткіна кажа, што ўшанаваць памяць сваіх загінулых родных ды блізкіх зь вёскі Калышкі віцебская габрэйская грамада імкнулася ўжо даўно і колькі разоў зьвярталася з адпаведнымі прапановамі ў Лёзьненскі райвыканкам. Аднак вырашэньне праблемы заўсёды ўпіралася ў грошы. Сёлета грамадзкае аб’яднаньне былых вязьняў выдаткавала 250 даляраў на выраб помніка – памятнага каменнага знаку вагою 30 тон. Усталёўвалі яго ўжо на добрачынныя ахвяраваньні.

На сёньняшняе адкрыцьцё зь Віцебску прыехалі тыя, каму ўдалося пазьбегнуць сьмерці ў сакавіку 1942 году, калі ўсё навакольнае габрэйскае насельніцтва спачатку сагналі ў вёску Калышкі, а потым павялі на растрэл. Прыехала ўшанаваць памяць сваіх родных і спадарыня Ганна Амроміна, якая цяпер жыве ў Віцебску.

(Амроміна: ) “Тут мае мама і бацька, і сястра тут. Усе загінулі! Яшчэ ў мамы быў брат, а ў яго сямёра дзяцей. Усе загінулі таксама. І была яшчэ сястра. Яе звалі Бэла, у яе было пяцёра дзяцей. І ніводзін не застаўся жывы.”

Усяго цягам двух ваенных гадоў у Лёзьненскім раёне былі закатаваныя паўтары тысячы габрэяў. На сёньня іх засталося на ўвесь раён, паводле афіцыйных дадзеных, усяго шасьцёра. А гэта значыць, што за трыма помнікамі, пастаўленымі габрэйскай грамадой у Адаменкавым яры, у вёсцы Дабрамысьлі ды цяпер у Калышках, практычна няма каму даглядаць. Раённыя ўлады звычайна згадваюць хіба пра брацкія магілы напярэдадні 9-га траўня, прыбіраючы вакол габрэйскіх пахаваньняў выключна напярэдадні рэдкіх прыездаў дэлегацыяў з Ізраілю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG