Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕВЯРЫНЕЦ ПАДАРЫЎ КІРАЎНІЦТВУ БРСМ НА ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ІХ АРГАНІЗАЦЫІ ПАКЕТ “КАМПРАМАТУ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтыя дакладныя запіскі ў розныя інстанцыі прыхільнікаў цяперашняга кіраўніка БРСМ Орды, з абвінавачаньнямі на адрас паплечнікаў былога кіраўніка Нахаенкі, перадалі Паўлу Севярынцу самі актывісты саюза. У асноўным яны тычацца пэрыяду станаўленьня БРСМ і барацьбы за лідэрства ў ім двух клянаў.

Дзеля чаго Павал Севярынец вырашыў перадаць гэты кампрамат журналістам, распавядае ён сам:

(Севярынец: ) “Асноўная мэта — паказаць карыстаючыся нагодай дня нараджэньня і ў БРСМ, і ў Маладога Фронту — у якім стане цяпер дзяржаўная моладзевая палітыка. Якая будучыня ў гэтай улады? Пытаньне актуальнае. Цяпер усе задаюць пытаньне — колькі пратрымаецца гэтая ўлада? Вось, калі ласка, паглядзіце на гэтую моладзь, на гэтых пераемнікаў Аляксандра Рыгоравіча, і стане зразумела, што трымацца доўга яна ня можа”.

Дакумэнты датычаць продажу эфірнага часу на радыёстанцыі “Стыль”, здачы ў арэнду фірмам плошчаў у будынку БРСМ, а таксама нямэтавага расходваньня бюджэтных сродкаў.

І хаця гэтыя дакумэнты часоў кіраваньня БРСМ-ам Аляксандрам Нахаенкам, Павал Севярынец мяркуе, што й цяпер у арганізацыі “маладых патрыётаў” мала што зьмянілася. Хаця яе й правяралі пракуратура разам з Дзяржкантролем.

А вось як адрэагаваў на падарунак Паўла Севярынца 2-гі сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі:

(Бузоўскі: ) “Мы не разумеем слова “кампрамат”, бо на сёньняшні дзень ёсьць такія паняцьці як праверкі Дзяржкантролю, іншых дзяржаўных органаў, якія праводзяць адпаведныя мерапрыемствы. Яны праводзяцца — калі ёсьць нейкая інфармацыя. Мы заўжды займаемся гэтымі пытаньнямі. Ёсьць Цэнтральная Кантрольная камісія, якая вывучае такія матэрыялы. Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас усё адбывалася як трэба, і каб гэта было шчыра”.

Напрыканцы яшчэ адзін цікавы факт. Афіцыйна, на пачатку гэтага году, у БРСМ было 89000 сябраў. А ў БСМ і БПСМ перад аб’яднаньнем у адзіную арганізацыю налічвалася больш за 180000 актывістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG