Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫМ СЛУХАЧОМ ПЕСЬНІ, МЭЛЁДЫЯ ЯКОЙ БУДЗЕ ГУЧАЦЬ ЗЬ МЕНСКАЙ РАТУШЫ, БЫЎ ГЕНЭРАЛЬНЫ САКРАТАР ЦК КПСС ЛЕАНІД БРЭЖНЕЎ

Ігар Карней, Менск

Пакуль што пазыўныя зь менскай Ратушы гучаць пад акампанэмэнт самазвалаў, пілаў-цыркулярак і загадаў прарабаў. Гарадзкія ўлады паабяцалі здаць будынак да Дня гораду, 13 верасьня, а ўнутраная аздоба выкананая толькі напалову. Зрэшты, і звонку выгляд Ратушы пакуль не ідэальны, а пад’езды да будынку ня зробленыя зусім. Затое мінакі абавязкова спыняюцца, як толькі пачынаюць біць куранты. Многія пытаюць — што гэта за мэлёдыя?

Як павялося апошнім часам, вытворчасьць гімнаў ды іншых гучных мэлёдыяў паставіў на паток кампазытар Ігар Лучанок. Ён удакладняе, што музыку на верш Пімена Панчанкі “Мой Мінск” напісаў больш за 20 год таму. А для Радыё Свабода засьпяваў асабіста…

(Лучанок сьпявае: ) “Мой родны Мінск! Пад небам жураўліным / Жыві, квітней пад зоркай залатой…
…Нармалёва, праўда? Бачыце, і неба тут жураўлінае, і зорка — відавочна, маецца на ўвазе зорка Героя-сталіцы. У двух гэтых радках Панчанка добра ўсё выказаў”.

Гісторыкі прасавецкай пазыцыі Лучанка не падзяляюць, кажучы, што Ратуша нясе зусім іншую сэнсавую нагрузку: яна ўвасабляе пэрыяд сапраўднай беларускай незалежнасьці. Гаворыць гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “Ідэя ўзнаўленьня Ратушы паўстала яшчэ ў даперабудовачныя часы. Над праектам працавалі лепшыя беларускія рэстаўратары, адмыслоўцы, гісторыкі. Ратуша, нагадаю, была зьнішчаная на загад расейскага імпэратара Мікалая. Як фармулявалася тады: “Дабы не напоминать минчанам о былых вольностях и Литовском праве…”.

Сам факт узнаўленьня Ратушы — беспрэцэдэнтны пакуль у Беларусі. Гэта прыклад узнаўленьня дарасейскай спадчыны, і спадзяюся, што ён будзе падтрыманы іншымі гарадамі. Менская Ратуша стаіць на тым самым месцы, дзе яна стаяла ў XVI-XVIII стагодзьдзях. Цяперашні стыль клясыцызму яна набыла ў пачатку XIX ст., адразу пасьля напалеонаўскага нашэсьця. У гэтым жа стылі была перабудаваная бальшыня будынкаў Верхняга гораду”.

Раней у Ратушы дысьлякаваўся гарадзкі галава. Зараз тут плянуецца зрабіць залю ўрачыстых прыёмаў і музэй Менску. Дарэчы, зь ідэяй разьмесьціць музэй у сутарэньнях Ратушы спадар Харэўскі нязгодны: ён мяркуе, што экспазыцыя такога кшталту ўсё ж мусіць быць у надземных паверхах.

Зараз можна канстатаваць, што ад сучасных павеяў налёт савецкасьці захавае толькі музычная адбіўка гадзінаў. Дарэчы, Ігар Лучанок узгадвае, што першым слухачом песьні, якая стала пазыўнымі, быў ня хто іншы, як Леанід Брэжнеў.

(Лучанок: ) “Было ўручэньне Менску зоркі Героя. Прымаў узнагароду Машэраў, і быў гэта 1980 год. Я быў на ўрачыстым канцэрце, і тады гэтая песьня, пазыўныя зь якой гучаць на гадзіньніку Ратушы, была прэзэнтаваная. Праўда, Брэжнеў ужо быў хворы, таму песьню паслухаў, а канцэрт скарацілі. Потым Брэжнеў паехаў у рэстарацыю “Журавінка”, дзе я павінен быў выканаць яе яшчэ раз, але мяне туды не пусьцілі — званьня Народнага я яшчэ ня меў. Ня ведаю ягонага ўражаньня, бо Брэжнеў увесь час казаў адно й тое ж: “Хачу дадому!” Атачэньне яго суцяшала: “Ну, дык і паедзеце, вас народ чакае”. Але песьня “Мой Мінск” нарадзілася менавіта да гэтай падзеі”.

Гісторыкі нагадваюць, што праект аднаўленьня Ратушы быў ухвалены яшчэ на пачатку 80-х, а 66% ад агульнага фінансаваньня склалі адлічэньні арандатараў і ўладальнікаў фірмаў, дысьлякаваных у Верхнім горадзе.
XS
SM
MD
LG