Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛААЗЁРСКУ НАСТАЎНIЦУ I ДЭПУТАТКУ ГАРАДЗКОГА САВЕТУ ПРЫМУСIЛI ЗЬМЯНIЦЬ МЕСЦА ПРАЦЫ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Пра пагрозу свайго звальненьня настаўнiца сярэдняй школы №1 Белаазёрску i дэпутатка мясцовага гарсавету Натальля Акаронка даведалася яшчэ напрыканцы мiнулага навучальнага году. Цiск узмацнiўся падчас жнiвеньскай пэдадагагiчнай нарады: прадстаўнiкi адмiнiстрацыi школы заявiлi, што не дапусьцяць прысутнасьцi настаўнiкаў, якiя належаць да апазыцыi. Спадарыня Акаронка, якая зьяўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi “Народная Грамада”, вырашыла звольнiцца з гэтай навучальнай установы i перайсьцi ў iншую школу. Сваё рашэньне яна патлумачыла наступным чынам:

(Акаронка: ) "Вы ведаеце, наш горад зусiм невялiкi, i я сапраўды баюся згубiць працу. Таму што мне казалi пра гэта адкрытым тэкстам: што я ня здолею працаваць у школе i займацца сваёй любiмай справай. Але я пакуль ня ведаю, што мяне чакае на новым месцы. Так атрымалася, што разам са мной сыйшлi яшчэ шэсьць настаўнiкаў, якiя падтрымлiвалi мяне падчас выбарчай кампанii. Яны таксама перайшлi ў iншую школу, а за iмi i некаторыя вучнi. Гэта даволi скандальная зьява для Белаазёрску, i я чула, што ўжо ёсьць нейкiя прэтэнзii да дырэктара школы, якi прымае гэтых настаўнiкаў".

Паводле ейных словаў, перасьлед пачаўся пасьля далучэньня да сацыял-дэмакратаў i абраньня ў Белаазёрскi гарадзкi савет. Разам зь яшчэ шасьцю дэпутатамi спадарыня Акаронка стварыла дэмакратычную каалiцыю. Гэты ўчынак вельмi нэрвова быў успрыняты кiраўнiцтвам школы, дырэктар якой ня трапiў у мясцовы савет. Натальлю Акаронку абвiнавацiлi ў тым, што яна займаецца палiтычнай дзейнасьцю непасрэдна ў школе, але канкрэтных прэтэнзiяў на яе адрас не прагучала.

У Белаазёрскiм гарсавеце запэўнiлi, што ведаюць аб праблемах дэпутаткi. Аднак адрэагаваць на гэтую сытуацыю паабяцалi толькi ў выпадку, калi Натальля Акаронка сапраўды пазбавiцца працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG