Як паведамілі афіцыйныя арганізатары сьвята, у сьвяточных мерапрыемствах будзе задзейнічана блізу 100 тысяч чалавек. У Полацак прыедуць 107 афіцыйных асобаў і дыпляматаў, 118 літаратараў і выдаўцоў, 110 прадстаўнікоў СМІ. Між тым сярод удзельнікаў сьвята ня будзе знакавых постацяў беларускай літаратуры і культуры. Ня будзе, у прыватнасьці, вядомага пісьменьніка Ўладзімера Арлова, творчы лёс якога непарыўна зьвязаны са старажытнай беларускай сталіцай.
Па сьведчаньні Галоўнага каардынатара Таварыства вольных літаратараў Алеся Аркуша падобная «фільтрацыя» прадыктаваная палітычнымі матывамі. У такіх умовах ТВЛ вырашыла арганізаваць уласныя сьвяточныя імпрэзы. Сярод іх -- акцыя-пэрфоманс «Вершы на пяску», творчая сустрэча зь вядомым паэтам Андрэем Хадановічам, прэзэнтацыя кніжкі забытай полацкай паэткі Ганны Брэскай «Настурцыі». Апроч таго, ТВЛ разам зь іншымі беларускімі суполкамі плянуе разгарнуць на вуліцах гораду продаж кніг незалежных выдавецтваў, а таксама дэмакратычнай прэсы.