Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЛІЦЭЙ ЗА ГОРАДАМ


Любоў Лунёва, Менск

Нягледзячы на халоднае надвор’е, амаль усе навучэнцы і выкладчыкі згодна з ліцэйскай традыцыяй прыехалі ў Зялёнае. Сюрпрызам для ліцэістаў стала выступленьне маладых актораў з тэатра “Вольная сцэна”. Яны на электрычцы прыехалі ў Зялёнае і, на паляне, куды прыйшлі ліцэісты, пачалі для іх спэктакль па п’есе Івана Чэркаса “Бог Дыяніс”. Дзеці доўга воплескамі не хацелі адпускаць актораў. Вось, як малады актор Уладзімер Козічаў патлумачыў свой учынак:

(Козічаў: ) “Мы вырашылі падтрымаць ліцэістаў. Я лічу, што яны нашыя сябры, бо яны вучацца, як і мы. Такое можа здарыцца з любым з нас. Таму трэба падтрымліваць, вось мы і вырашылі зрабіць гэта такім неардынарным чынам. Чаму такое можа здарыцца зь любым з нас? Ну, таму, што мы жывем у такой краіне. Усім гэта вядома, але не ўсе пра гэта кажуць”.

Дзеці разам з выкладчыкамі праводзілі спартакіяды. Выкладчыца беларускай літаратуры Вольга Дзядзюля перажывала за сваю 21-ю групу:

(Дзядзюля: ) “Тут можна ўбачыць самых цудоўных дзяцей на сьвеце. Я, вядома, таксама буду гуляць разам зь імі. Яны самыя цікавыя дзеці — гэта мае дзеці з 21-й групы”.

Пасьля спартакіяды пачаўся конкурc песьні. Сяргей Патаранскі — мастацкі кіраўнік ліцэйскага тэатра — распрацаваў культурную праграму.

(Патаранскі: ) “Дзеці рыхтуюць песьні, з часткай іх шаноўная публіка ўжо знаёмая. Гэта песьні зь першага альбому ліцэйскага дыска, а цяпер ідзе праца над другім альбомам. На гэтай цудоўнай паляне мы пачуем прэзэнтацыю гэтых песьняў. Дзеці сур’ёзна паставіліся да гэтага, бо яны ў нас людзі адказныя — кожны, безумоўна. Жадае ня толькі перамагчы, але заваяваць прыз. Прызам будзе торт імя Якуба Коласа”. (Сьмяецца.)

(Колас: ) “Ну, і торт вам ужо Якуб Колас купіў!”

(Патаранскі: ) “Мы не пакідаем творчую ініцыятыву нашых дзяцей без увагі. Сёньня гэта будзе цудоўны прыз, падрыхтаваны нашым дырэктарам Уладзімерам Коласам. Гэта цудоўны бісквітны торт”.

У конкурсе песьні перамаглі ліцэісты 2-га курсу, але нікому не было крыўдна. Дзеці віншавалі сваіх сяброў і хутка ўсе разам пабеглі гуляць у футбол і валейбол. Напрыканцы выходнага дня дзеці чыталі вершы ля вогнішча. Яны гэта рабілі самі, без прапановы выкладчыкаў. Заўтра яны прыйдуць да брамы зачыненага ліцэя, каб працягваць вучыцца на вуліцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG