Апладысмэнтамі сябры ПЭН-цэнтру сёньня віталі свайго новага старшыню — перакладчыка, вядомага грамадзкага дзеяча Лявона Баршчэўскага, абранага на гэтую пасаду амаль аднагалосна. Свае лісты ў падтрымку кандыдатуры Лявона Баршчэўскага даслалі ганаровы прэзыдэнт ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец і Вольга Іпатава.
Найгалоўным кірункам дзейнасьці ПЭН-цэнтру будзе змаганьне за свабоду слова — гэта было першае, што адзначыў у сваёй прамове Лявон Баршчэўскі.
(Баршчэўскі: ) “Свабода слова — гэта ёсьць найвышэйшы прынцып, які адрозьнівае ПЭН-цэнтар ад усіх іншых арганізацыяў. Тут гэта стаіць у самым цэнтры, усё астатняе падпарадкавана гэтаму. І другое, на што я хацеў зьвярнуць асаблівую ўвагу — гэта прысутнасьць беларускай літаратуры ў сьвеце, бярэм шырэй — беларускага інтэлектуальнага прадукту. Вось тут таксама поле дзейнасьці, дзе трэба асабліва пашукаць новых магчымасьцяў і новых спосабаў прапаганды перакладу беларускай літаратуры за мяжой”.
Лявон Баршчэўскі дадаў, што ягонае ўваходжаньне на новую пасаду будзе паэтапным у зьвязку з працай у стварэньні беларускага Ліцэю.
Пра новага старшыню як пераемніка Васіля Быкава гаворыць віцэ-прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас…
(Тарас: ) “Цяжка гаварыць пра замену Быкаву — у нас няма такой фігуры. Але ён застаецца з намі. Прэзыдэнты пэўнага кшталту прыходзяць і адыходзяць, як бы яны сябе не называлі й самі сябе не ўзьвялічвалі, Быкаў быў, ёсьць і застаецца прэзыдэнтам нашай літаратуры. І вось Лявон Баршчэўскі будзе выконваць ня тое, што гэтую ролю, але волю нашага прэзыдэнта Васіля Быкава”.
Сёньня ж сябры ПЭН-цэнтру абмяркоўвалі прапановы ў справе ўшанаваньня памяці Васіля Быкава — ад утварэньня літаратурнай прэміі імя Васіля Быкава, а таксама ягонага фонду, да стварэньня архіву пісьменьніка ў межах ПЭН-цэнтру. Генадзь Бураўкін прапанаваў зьвярнуцца з просьбай аб наданьні Полацкаму ўнівэрсытэту імя Быкава. Рыгор Барадулін мяркуе, што патрэбна дамагчыся акадэмічнага выданьня збору твораў Васіля Быкава. Пісьменьнік Яўген Будзінас прапанаваў надаць беларускаму ПЭН-цэнтру імя Васіля Быкава. Былі й іншыя меркаваньні. Гаворыць пісьменьнік Ігар Бабкоў…
(Бабкоў: ) “Быкаў быў больш інтымным чынам зьвязаны і з ПЭН-цэнтрам, і з адстойваньнем свабоды, з барацьбой супраць цэнзуры. Мне здаецца, ён ухіляўся ад тактычнага выкарыстаньня ягонага імя і пры ўсёй сваёй заангажаванасьці імкнуўся выбудаваць асобную пазыцыю літаратара, пісьменьніка — зь ягоным бачаньнем свабоды. Мне здаецца, што тое, што можа зрабіць ПЭН-цэнтар, гэта як раз ушанаваньне і павага да гэтага ўнутранага зьместу быкаўскага пасланьня і быкаўскай творчасьці”.
Што да ўжо распачатага ўшанаваньня памяці Васіля Быкава, то, як паведаміў у часе паседжаньня ПЭН-цэнтру кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, рыхтуецца да друку і сёлета будзе выдадзеная кніга “Быкаў на «Свабодзе»”. У ёй будуць зьмешчаныя тэксты выступаў пісьменьніка на Радыё Свабода — ад савецкіх часоў і да апошніх дзён, а таксама лісты, якія пісаў Васіль Быкаў для Радыё Свабода.