Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ Ў МЕНСК ПРЫБЫЎ НОВЫ АМБАСАДАР ЗША Ў БЕЛАРУСІ ДЖОРДЖ КРОЛ


Юры Сьвірко, Менск

Менскія журналісты таксама сказалі амэрыканскаму амбасадару “прывітаньне”, а пасьля гэтага пачулі ад яго цалкам беларускамоўную прамову на 2 хвіліны, якую Джордж Крол рабіў без паперкі:

(Крол: ) “Шаноўнае спадарства! Вельмі дзякую за гэты цёплы прыём. Упершыню я пазнаёміўся зь Менскам і яго навакольлем у студзені 1992 году і спаткаў тут першых знаёмых у Менску, калі я дапамагаў усталяваць першыя дыпляматычныя, афіцыйныя адносіны паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі й Беларусьсю”.

Джордж Крол нагадаў таксама, што праз год пасьля студзеня 1992 году, калі ў Менску адкрылася амэрыканская амбасада, ён працаваў у ёй намесьнікам кіраўніка місіі. Варта дадаць, што пасьля ад’езду зь Беларусі першага амбасадара ЗША Дэвіда Суорца спадар Крол быў кіраўніком амбасады — часовым павераным — са студзеня да лістапада 1994 году. Гэта быў надзвычай цікавы час — першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Таму Джордж Крол быў першым кіраўніком амбасады ЗША, які пабачыў перамогу спадара Лукашэнкі. Пасьля спадара Суорца амбасадарамі ў Менску былі Кенэт Ялавіц, Дэніэл Спэкхард і Майкл Козак.

Джордж Крол стане пятым амэрыканскім амбасадарам у незалежнай Беларусі й першым, хто доўгі час працаваў тут раней. Вось што ён заявіў у сваёй першай прамове ў аэрапорце “Менск-2”:

(Крол: ) “І цяпер я вельмі рады вярнуцца ў Беларусь — у краіну, дзе жывуць сардэчныя й працавітыя людзі. Мая асноўная мэта — пабудаваць і разьвіваць добрыя адносіны паміж амэрыканскім і беларускім народамі”.

Амбасадар Крол дадаў, што нягледзячы на тое, што ён ўжо раней працаваў у Менску, ён вельмі спадзяецца, што зможа больш даведацца пра краіну. Джордж Крол скончыў Гарвардзкі й Оксфардзкі ўнівэрсытэты, быў дырэктарам аддзелу расейскіх справаў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, працаваў у амбасадах ЗША ў Кіеве ды Маскве, прычым у сталіцы Расеі з 1999 да 2002 году ён быў дарадцам-пасланьнікам у палітычных пытаньнях. Новы амбасадар ЗША ў Беларусі, паводле афіцыйнай біяграфіі, валодае расейскай і польскай мовамі, але гэта не перашкодзіла яму ўпэўнена заявіць у канцы прамовы па-беларуску:

(Крол: ) “Я адчуваю сябе як дома”.

Пытаньняў на просьбу амэрыканскага боку новаму амбасадару не задавалі. Джордж Крол яшчэ ня ўручыў свае даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку. Папярэдні амбасадар ЗША ў Менску Майкл Козак чакаў гэтай працэдуры больш за 4 месяцы, што беларускі бок тлумачыў рэзкімі заявамі дыплямата.

Цяпер прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных падкрэсьліў, што Джордж Крол ужо працаваў у Беларусі, і яму не спатрэбіцца шмат часу, каб увайсьці ў курс справаў. “Мы разьлічваем на плённую працу з новым амбасадарам, каб якасна палепшыць беларуска-амэрыканскія дачыненьні”, — зазначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.

Новы амэрыканскі амбасадар у Менску нарадзіўся ў штаце Нью-Джэрсі, пачаў дыпляматычную службу ў 1982 годзе, працаваў у Польшчы, Індыі, Савецкім Саюзе. Джордж Крол нежанаты, захапляецца гісторыяй, турызмам і любіць езьдзіць конна.

Невядома, калі новы амэрыканскі амбасадар Крол атрымае магчымасьць урычуць даверчыя граматы кіраўніку Беларусі. Папярэдніку спадара Крола Майклу Козаку давялося чакаць гэтай цырымоніі чатыры месяцы. Але ў міжнародных сіасунках дзейнічае прынцып ўзаемнасьці. 21 сакавіка сёлета Міхаіл Хвастоў быў прызначаны новым амбасадарам у Злучаных Штатах. Як паведамілі нам у МЗС 16 траўня ён прыляцеў у Злучаныя Штаты. Прайшло ўжо больш за тры месяцы, але дагэтуль спадар Хвастоў не атрымаў магчымасьці ўручыць даверчыя граматы прэзыдэнту Бушу. Козаку давялося чакаць 4 месяцы – цяперака Хвастоў чакае чацьверты месяц. Ці стане сп-р Крол чарговай ахвяраю гэтай вайны – невядома, але відавочна , што адказ і ў гэтым выпадку будзе сымэтрычны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG