Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД АДМОВІЎ БЕСПРАЦОЎНАМУ НАСТАЎНІКУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Мікалай Уласевіч выкладаў у вясковай школе геаграфію, фізычную культуру і ўрокі працы. 29 траўня яго звольнілі. Раней ён судзіўся з райаддзелам адукацыі і перамог. Суд прызнаў незаконным распараджэньне выплачваць заробкі пэдагогам раёну са спазьненьнем на месяц. Сваё звальненьне настаўнік лічыць расправай за крытыку. Прадстаўнік Астравецкага райвыканкаму ў Смаргонскім раённым судзе не адмаўляў гэтага. Меркаваньне Сяргея Цурко, які прадстаўляў сёньня ў судзе інтарэсы Мікалая Ўласевіча:

(Цурко: ) “Ён пастаянна крытыкаваў кіраўніцтва, займаўся вялікай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ў раёне. Ён сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А ўвогуле гэта працоўная дыскрымінацыя. Якая яшчэ патрэбна падстава для аднаўленьня яго на працы? Гэтага хопіць”.

Сяргей Цурко лічыць, што Мікалай Уласевіч змагаўся ня толькі за сябе. У падобнай сытуацыі могуць апынуцца іншыя актыўныя настаўнікі. А беспрацоўнаму вясковаму пэдагогу застаецца адно:

(Уласевіч: ) “Я, напэўна, выжыву. Калі ў беларуса ёсьць бульба, а я жыву ў вёсцы, значыцца, ёсьць спосаб як выжыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG