Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХУТКА Ў БЕЛАРУСІ ЗЬЯВІЦЦА ТРЭЦІ ВАРЫЯНТ “ПЕСЬНЯРОЎ”

Ігар Карней, Менск

Творчы крызыс у “Песьнярах” распачаўся яшчэ пры Ўладзімеры Мулявіне. Новых альбомаў не зьяўлялася, затое рэгулярна ўсчыналіся скандалы з расколамі у калектыве, з прэтэнзіямі на адрасную дзяржаўную падтрымку, з узаемнымі скаргамі. Яшчэ больш супярэчнасьці абвастрыліся, калі Мулявіна ня стала. Калі міністэрства культуры прызначыла кіраўніком песьняроўскай гаспадаркі вакаліста Валерыя Скаражонка (у “Песьняры”, дарэчы, ён прыйшоў апошнім), усе астатнія адрэагавалі хваравіта. Вось што распавяла галоўная адміністратарка “Песьняроў” Ірына Кулінковіч.

(Кулінковіч: ) “Мы ўсе падалі заявы і, паводле загаду, звальняемся разам з былым дырэктарам Сьвечкіным. Усяго — 20 чалавек: гаспадарчая частка, творчыя і адміністратыўныя работнікі, музычны кіраўнік — усе да адзінага. Застаецца толькі Скаражонак і ягоны сябар Шарапаў, які зь “Песьняроў” сышоў раней і цяпер дапамагае Скаражонку змагацца супраць нас... Няхай выводзяць на сцэну трэціх “Песьняроў”: ня думаю, што нашая краіна, Расея, замежжа гэта вытрымаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Якая пазыцыя ў гэтым канфлікце міністэрства культуры?”

(Кулінковіч: ) “Учора а чацьвертай гадзіне тэлефанаваў намесьнік міністра Рылатка і прасіў: напрамілы Бог — не звальняйцеся. Але мы яму ня верым. Напярэдадні ён быў тут на сходзе, тлумачыў: мы прызначылі Скаражонка, бо ў яго досьвед працы… Мы ў адказ: прабачце, чалавек без адукацыі, без аўтарытэту, ніводнага дня не працаваў на пасадзе кіраўніка — гэта нулявы варыянт. Той жа Сьвечкін адпрацавў 11 год і, атрымліваецца, ня мае досьведу? Нехта цісьне зьверху, бо, прыкладам, ліст Барткевіча да прэзыдэнта не хацелі нават рэгістраваць: казалі, што гэта ананімка, хоць там на афіцыйным блянку былі 22 подпісы. Зноў жа, нехта ня хоча прапускаць нас да прэзыдэнта. Я думаю, гэта Канаплёў, бо ён сябруе са Скаражонкам”.

Гэтымі днямі дзяржаўны ансамбаль “Песьняры” павінны былі расфармаваць і, далучыўшы да ўласна “Песьняроў” Тэатар эстрады Раінчыка, студыю “Сябры” і аб’яднаньне “Белканцэрт”, пераўтварыць яго ў Нацыянальны цэнтар імя Мулявіна. Аднак масавы дэмарш амбіцыйныя задумы, падобна, адкарэктуе.

Былы ўдзельнік “Песьняроў”, а зараз вакаліст “Беларускіх песьняроў” Валеры Дайнэка падобную сытуацыю аднойчы ўжо перажыў. Творчыя і асабістыя супярэчнасьці сталі падставай да разьвітаньня з калектывам, дзе адпрацаваў 22 гады, яшчэ прыканцы 90-х. Зараз Дайнэка скептычны глядзіць на магчымасьць мірнага ўрэгуляваньня канфлікту.

(Дайнэка: ) “Я ведаў, што рана ці позна гэта распачнецца. Зараз яны дзеляць імя, бо сам Мулявін быў ім бяз розьніцы — і Барткевічу, і Скаражонку, і ўсім астатнім. Цяпер яны пачынаюць дзяліць маёмасьць, змагаюцца за халяўную студыю, якую мы некалі набылі. Цяпер у іх “разборкі”. Выйграе той, у каго больш моцная лапа “наверсе”, бо на міністэрства ціснуць, прымушаюць прызначыць кіраўніком Скаражонка. Міністар гэта робіць, хоць сам, можа, і супраць.

Нічога добрага там ня будзе. Арганізуюць цэнтар, дзе музычным кіраўніком будзе Шарапаў і ягоная жонка, якія канчаткова ўсё загубяць. Ну, а хто застаўся з Барткевічам, будуць з маскоўскім адміністратарам “Арэра” езьдіць. Але ці дазволяць ім гэта? Калі ў нас назоў зарэгістраваны (“Беларускія песьняры”), то яны “Песьнярамі” заставацца ня змогуць. Цалкам народ заблытаюць, але нічога ў іх не атрымаецца, бо няма ні музыкаў, ні вакалістаў”.

Насуперак пэсымізму Валерыя Дайнэкі, апальныя “песьняры”, што адкалоліся ад Дзяржаўнага ансамблю і Міністэрства культуры, рыхтавалі шляхі да адступленьня загадзя. Прынамсі, ужо падрыхтаваныя дакумэнты на рэгістрацыю новага суб’екта музычнага гаспадараньня — “ВІА “Песьняры” імя Мулявіна”.

Тым часам, новы дырэктар “афіцыйных” “Песьняроў” Валерый Скаражонак зьбіраецца распачаць набор новага складу каманды, якая (гэта можна ўжо канстатаваць) дакладна ня мае ніякага дачыненьня да творчасьці Ўладзімера Мулявіна.
XS
SM
MD
LG