(Цыганкоў: ) “Летась 1 верасьня пачаў сваю працу новы праект інфармацыйнай кампаніі БелаПАН “Беларускія навіны”. Фактычна гэта азначала зьяўленьне першай штодзённай беларускай Інтэрнэт-газэты. www.naviny.by ад свайго зьяўленьня і дагэтуль застаюцца адзіным інфармацыйным рэсурсам ў беларускім сеціве, які абнаўляецца штогадзінна, а таксама ў выходныя. Пра вынікі году працы, а таксама пра пэрспэктывы разьвіцьця грамадзка-палітычных сайтаў у Беларускім сеціве мы гутарым з галоўным рэдактарам “Беларускіх навінаў” Аляксандрам Класкоўскім.
(Класкоўскі: ) “Праект спраўдзіўся — сваё месца пад сонцам у байнэце заваявалі. Тыя ідэі, якія мы некалі распрацавалі і заклалі ў падмурак нашага рэсурсу, працуюць адсоткаў на 80… Нават калі браць лічбы, дынаміку, то сёньня мы маем 1500 і болей наведнікаў у дзень. Калі зазірнуць у любы прэстыжны беларускі рэйтынг, то мы там займаем верхнія радкі. Сярод грамадзка-палітычных сайтаў, лічу, што мы сёньня па-за канкурэнцыяй. Зрэшты, можа гэта й кепска: каб была канкурэнцыя — была б дадатковая дынаміка, стымулы. Але тут ужо варта закранаць многія праблемы: палітычныя, эканамічныя…”
(Цыганкоў: ) “Чаму адсутнічае канкурэнцыя, чаму не зьяўляюцца іншыя сайты? Няма попыту (мала людзей карыстаецца Інтэрнэтам?) ці нейкія іншыя аб’ектыўныя прычыны?”
(Класкоўскі: ) “Аб’ектыўна прычыны ва ўсіх аднолькавыя: натуральна, слабаразьвітае сеціва, і адсутнасьць капіталаў, каб запампоўваць вялікія грошы ў Інтэрнэт. У адрозьненьні ад той самай Расеі нават, дзе існуе цэлая гама он-ляйнавых выданьняў. Так што застаецаа казаць пра суб’ектыўныя чыньнікі. Калі коратка, то скажу так — большасьць спробаў зрабіць сецевае выданьне былі спробы дылетанцкія. Асноўны чыньнік нашага посьпеху — гэта проста прафэсійны журналісцкі падыход”.
(Цыганкоў: ) “Дасюль беларуская дзяржава не “займалася” Інтэрнэтам гэтак як “займаецца” газэтамі. Тым ня менш, ужо падрыхтаваны праект, паводле якога Інтэрнэт-выданьні будуць прызнаныя сродкамі масавай інфармацыі і падлягуць пад пэўнае заканадаўства. Ці зьменіцца што-небудзь у вашай працы пасьля афіцыйнай рэгістрацыі?”
(Класкоўскі: ) “Спадзяюся, што мы здолеем працаваь і ў новых, больш жорсткіх умовах, бо нічога добрага ад новага закону “Аб СМІ” цяпер не даводзіца чакаць. Я арыентую нашых супрацоўнікаў, каб ужо сёньня мы пісалі, сыходзячы з самых жорсткіх крытэраў, каб не прычапіліся пэўныя сілы і не казалі, што мы кагосьці абразілі, беспадстаўна абвінавацілі і гэтак далей”.
(Цыганкоў: ) “Ці ёсьць хвалі наведаньня вашага рэсурсу і ад чаго яны залежаць?”
(Класкоўскі: ) “Ёсьць паступальная дынаміка, гэта несумненна. Усплёскі адносна невялікія — на 10-15%. У Беларусі ўся палітыка завязаная на адным чалавеку, і калі ён арганізуе нейкае шоў, то, натуральна, тады наведнікаў дадаецца.
Мы паказалі сябе апэратыўным рэсурсам. Калі гэтае палітычнае шоў доўжыца 4 гадзіны, то ўжо на другой гадзіне ў нас вісіць камэнтар. Напрыклад, клясычная ўжо www.gazeta.ru звычайна дае пашыраную інфармацыю пра падзею. Мы ж даем менавіта камэнтар, і намагаемся падаць розныя пункты гледжаньня.
Гэтую нашую рысу я таксама хачу падкрэсьліць. У беларускім сеціве ёсьць некалькі рэсурсаў, якія прэтэндуюць называца грамадзка-палітычнымі пэрыёдыкамі. Але звычайна яны абнаўляюцца раз на тыдзень або працуюць паводле прынцыпу сьценабітнай машыны — “злачынны рэжым ва ўсім вінаваты і мусіць абрынуца”. Мы імкнемся, каб любая праблема выглядала з розных бакоў. Стэрэаскапічна, каб была нейкая паліфанія галасоў. Хаця нейкі ўяўны плюралізм, напрыклад, запрашаць якога ашалелага панславіста штодня — гэтага ня трэба, гэта ўжо залішне”.
(Цыганкоў: ) “Нярэдка беларускія інтэрнэт-сайты часьцей наведваюць з-за мяжы. Як у вас з падобнай статыстыкай?”
(Класкоўскі: ) “Наша прапорцыя, я думаю, аптымальная — 55-60% беларуская аўдыторыя і астатнія — замежная. Дарэчы, на другім месцы пасьля Беларусі ў нас ЗША, потым Расея, Нямеччына. Фігуруюць нават Этыёпія, Фарэры — увогуле за год у нас пабывалі наведнікі са ста краінаў”.
(Цыганкоў: ) “Якія сама папулярныя рубрыкі?”
(Класкоўскі: ) “Тэма, палітыка, эканоміка, грамадзтва. Гэта нашая спэцыялізацыя, і натуральна, мы робім акцэнт менавіта на тым, што ў нас найлепей артымліваецца, і дзе найбольшы працэнт эксклюзіўнасьці. Нягледзячы на абмежаванасьць нашых матэряльных рэсурсаў, мы здолелі сабраць вельмі добрую абойму экспэртаў пад сваім дахам. І я адчуваю, што ўжо стала проста прэстыжна выказаць у нас думку. І гэта паказвае, што рэсурс папулярны і дапамагае нават раскрутцы іміджу імёнаў пэўных палітыкаў, экспэртаў і гэтак далей”.
* * *
(Цыганкоў: ) “Як павіншаваць сяброў праз інтэрнэт па-беларуску? Студыя “Арт-місія” вядзе адзіны амаль цалкам беларускамоўны праект інтэрнэт-паштовак, які так і завецца “Беларускія паштоўкі”. Калі завітаць на адрас www.art-mission.com/cards, можна знайсьці дзясяткі паштовак, якія маюць разнастайную тэматыку: ад віншаваньня зь Днём Волі, Калядамі ці вясельлем да выяваў із звычайнымі кветкамі. З каардынатарам праекту інтэрнэт-паштовак “Арт-місіі” Дзьмітрыем Стрыкелевым гутарыць Севярын Квяткоўскі:
(Квяткоўскі: ) “Дзьмітры Стрыкелеў адразу зазначыў, што “Беларускія паштоўкі” — не камэрцыйны праект, а створаны выключна для душы. Тым ня менш, штодня сайт наведваюць ад пяцідзесяці да ста наведнікаў: усё залежыць ад таго, ці блізка пэўныя сьвяты. І хаця старонка існуе ў трох моўных вэрсіях: беларускай, ангельскай і расейскай, самі паштоўкі падпісаныя збольшага па-беларуску. Зрэшты і асноўная — камэрцыйная — старонка студыі “Арт-місія” сустракае наведніка па-беларуску…”
(Стрыкелеў: ) “Мы траплялі пад крытыку: “Навошта вам гэта патрэбна, бо камэрцыя гэта інтэрнацыянальная справа, і вы мусіце размаўляць так, каб вас разумелі. Таму — расейская мова, ці —максімум — ангельская. А вы тут пачынаеце ў лірыку гуляцца, сантымэнты… Навошта вам беларуская?” Але стараемся ўсё адно ў гэтым кірунку трымацца”.
(Квяткоўскі: ) “Дзьмітры Стрыкелеў адзначыў адзін парадокс. На падобным беларускім сайце пад назвай “Открытки” большасьць паштовак падпісаныя па-расейску, а большасьць наведнікаў — беларусы. Зь іншага боку, амаль цалкам беларускамоўныя “Беларускія паштоўкі” найбольш наведваюць з тэрыторыі Расеі. А беларусы — толькі на другім месцы. Пакуль спадар Стрыкелеў ня можа патлумачыць гэты фэномэн. Яшчэ каардынатар “Беларускіх паштовак” зазначыў, што вялікую цікавасьць да сайту выяўляюць беларусы з-за акіяну”.
(Стрыкелеў: ) “Даволі шмат з Амэрыкі й Канады. Там нават цэлыя сем’і ёсьць, якія да нас часта завітваюць. Яны, напрыклад, на сваіх пэрсанальных старонках зьмяшчаюць наш банэр, каб неяк дапамагчы пашыраць аўдыторыю”.
(Квяткоўскі: ) “Зрэшты й замежнікі не-беларусы актыўна цікавяцца сайтам…”
(Стрыкелеў: ) “Няма магчымасьці ў іх праглядаць сайт па-беларуску. Тады яны глядзяць на ангельскай мове. Але, у нас ёсьць тэма “Напамін пра Беларусь”, спрабуюць — што можна хоць з тэматыкі, калі ня з мовы ўзяць пра краіну”.
(Квяткоўскі: ) “Словы Дзьмітрыя Стрыкелева могуць падцьвердзіць тэзу пра тое, што нацыянальнае і арыгінальнае больш цікавае ў сьвеце. Але спадар Стрыкелеў дапускае, што меншая колькасьць беларусаў сярод наведнікаў можа яшчэ тлумачыцца і няразьвітасьцю інтэрнэту ў Беларусі. У кожным выпадку, пляны ў “Арт-місіі” што да праекту “Беларускія паштоўкі”, калі не грандыёзныя, дык не малыя”.
(Стрыкелеў: ) “Мы даволі актыўна займаемся перапрацоўкай гэтага сайту. Праграмная частка сыстэмы ўжо па-новаму перапісаная. Будзе даволі значна пашыраны функцыянал гэтага сайту. Будуць створаныя форумы, пашыраная сыстэма рэйтынгу. Ідзе рапрацоўка пэўным чынам дызайну сайту. Я мару пра тое, каб на працягу месяцу ці некалькіх, зьмесьціць усё гэта ў інтэрнэце”.
(Квяткоўскі: ) “У ідэале Дзьмітры Стрыкелеў бачыць “Беларускія паштоўкі” на асобным сайце зь беларускім дамэнам. Але, паколькі праект не камэрцыйны, то патрэбныя фундатары. Вакансія для мэцэнатаў пакуль адкрытая”.